Беларускі паэт, празаік, перакладчык
Сяргей Іванавіч Грахоўскi
Проза
ГалоЎная
Біяграфія
Бібліяграфія
Артыкулы. Жыцццё і творчасць
Галерэя
АрхiЎ
Сувязь з наведвальнiкамi
Вершы
Паэмы
Пераклады
Проза
Успамiны. Публiцыстыка
Дзiцячая лiтаратура
Аўдыёзапісы
Мястэчка…мястэчка [Чытаць уступ]     [Скачаць]

Варнак [Чытаць уступ]     [Скачаць]

Слёзы [Чытаць]    [Скачаць]

В кондее [Чытаць уступ]    [Скачаць]

Гимн и полонез [Чытаць уступ]    [Скачаць]

Аўтабіяграфічныя аповесці (трылогія) - самы значны празаічны твор С. І. Грахоўскага.
Аповесці “Зона маўчання”, “З воўчым білетам”, “Такія сінія снягі” напісаны ў перыяд 1987 – 1989гг. Выдадзены:
- Выбраныя творы ў 2-х тамах (том 2 “Крыжавы шлях”), Мн. “Мастацкая літаратура”, 1994г.
- Выбраныя творы. Мн. “Кнігазбор” 2007г.
- Зб. “Споведзь”, Мн. “Мастацкая літаратура”, 1990г.(“Зона маўчання” і “Такія сінія снягі”)
- Асобнымі выданнямі выходзіла “Зона маўчання” (у тым ліку на рускай мове. Гл. бібліяграфію аўтара.)
Чытайце ўступ да трылогіі.

СЛОВА ДА СПОВЕДЗІ


    ...Я пасціў дваццаць гадоў перад споведдзю. I вось настала пара маёй позняй восені, пара шчырай споведзі, бо зазімак стукае ў дзверы, а халодная кароткая вясна маіх няспраўджаных летуценняў прамільгнула даўно і незваротна.
    На пачатку майго лета ўдарыў страшэнны гром, і лютая навальніца пагнала далёка ад дому на пакутніцкіх шляхах дзяліць горкі лёс з мільёнамі нявольнікаў, заплямленых страшэнным таўром 58-й пробы.
    Я двойчы прайшоў усе кругі пекла і не зламаўся, не знік на таежных скрываўленых трасах. Смерць з дня ў дзень цікавала кожнага з нас, глядзела ў ашклелыя вочы і збірала шчодрую даніну. А я не паддаўся ёй.
    У самай страшнай бядзе толькі чалавек ратуе чалавека, толькі дабро і спагада вядуць з цемры безнадзейнасці да жыцця і збавення. Нас з тысяч вярталіся адзінкі, з мільёнаў — сотні. Усё меней і меней застаецца сведак тае страшнае пары, калі кожны баяўся ўласнага ценю, не адважваўся прызнацца да закатаванага бацькі, а бацька — да сына, калі па праведнай крыві з рыпам ступалі катавы боты.
    Усё наваколле ад небасхілу да небасхілу патанала ў змроку хлусні і казённай патэтыкі; бравурныя маршы і гучныя рапарты заглушалі людскі стогн, плач і зладзейскія стрэлы ў патыліцы сумленнейшых сыноў народа.
    Асірочаныя дзеці пад гул бубнаў і горнаў, глытаючы слёзы, па камандзе дзякавалі «любімаму бацьку народаў за сваё шчаслівае...» сіроцтва. Колькі іх не ведала сваіх бацькоў і мацярок?! Колькі іх шукала родныя магілы, не знайшло і не знойдзе ніколі?! Злачынцы ўмелі замятаць крывавыя сляды.
    Я бачыў усё і ўсё перажыў. Лёс злітаваўся і наканаваў мне жывым выйсці з пекла і стаць Сведкам на Судзе Гісторыі. Я памятаю сотні прозвішчаў, імёнаў і абліччаў сваіх пабрацімаў па няволі, што не выйшлі з пекла і засталіся ў вечнай мерзлаце. Я памятаю садыстаў-следчых, злачынцаў-«суддзяў», наглядчыкаў, лагерных начальнікаў і канваіраў. Памятаю ўсё да драбніц і клянуся кожным словам, кожным радком гаварыць толькі праўду, каб ведалі людзі i ніколі не далі сябе ашукаць прыгожай хлуснёй і д’ябальскім каварствам. Сведчу, каб нашы нашчадкі спазналі сапраўдную волю, роўнасць і шчасце на роднай акрыялай і расквітнелай зямлі.

    Клянуся і сведчу.





МЯСТЭЧКА... МЯСТЭЧКА...

ЭЛЕГІЯ

ПАЧАТАК


    Мне пашанцавала быць сведкаю не бачаных у гісторыі зрухаў, намаганняў, здзяйснення эфемерных планаў на касцях і крыві цярплівага, ашуканага і заняволенага народа. Я многае бачыў, многае помню і хачу расказаць. Пры мне вынішчаліся сумленныя хлебаробы да трэцяга калена, таленавіцейшыя мае сучаснікі. За папярэднія тры стагоддзі на нашай зямлі не знішчана столькі невінаватых, колькі іх перамалола і адправіла на той свет страшэнная крывавая машына за гады, суджаныя пражыць мне. На маёй памяці без віны стралялі, тапілі, вешалі, распіналі рэвалюцыйных фанатыкаў, інтэлігентаў, цёмных і даверлівых гарапашнікаў; за кратамі гінулі дзеці і звар'яцелыя маці, даведзеныя голадам да вандалізму. Я памятаю іх імёны, прозвішчы і абліччы. А колькі іх было ў жахлівым «Архіпелагу» за калючым дротам!...... ,
    Нікому не патрэбныя войны нішчылі і калечылі мільёны ледзь акрыялых юнакоў — цвет нацыі, цвет зямлі нашай, а расквітнелыя нявесты заставаліся векавухамі або мацяркамі ад нараджэння скалечаных сірот.
    На маім вяку ачмурэлыя ад фанатызму нішчылі не толькі людзей, а і зямлю, паветра і рэкі, чарназём ператваралі ў гнілыя калюжыны, а сапраўднае мора — у пясчаную пустыню. Ад іх першабытнай валасатай волі гінула птаства, звяры і кветкі, лясы і стэпы, а самае страшнае — вытручвалі ў нашых сэрцах дабрату і спагаду, сумленне і чалавечнасць, міласэрнасць і павагу да чалавека.
    На маёй памяці вынішчаліся і знікалі цэлыя народы, іх культура, мова, пісьменнасць, алфавіты, векавыя традыцыі, самая душа чыстых, спагадлівых дзяцей прыроды. I ўсё гэта называлася «непарушнаю дружбай народаў». ,
    3 гадамі і я стаў відушчы. А некалі быў наіўны, даверлівы, як і ўсе, ашуканы фанатык «самай перадавой ў свеце» сістэмы. Я быў падхоплены віхурай бесчалавечнай жорсткасці і стаў ахвяраю з вечным таўром пакутніка і прагным да жыцця аптымістам, каб не загінуць у пекле пекла, каб сваім сведчаннем засцерагчы нашчадкаў ад жорсткасці, хлусні, бяздумнага даверу ашуканцам і фарысеям, атлусцелым хціўцам, што сем дзесяцігоддзяў абяцаюць агаладалым шчаслівую будучыню. А яна — усё далей і далей, знікае міражом у краіне галечы мільёнаў гарэтнікаў і некалькі сот тысяч закормленых ашуканцаў, што вялі і прывялі народ да адчаю і здзічэння, узаемнай нянавісці і крывавага ачмурэння, вялі і кінулі над прорвай — «ратуйцеся самі, а мы праз шчыліны танкаў паглядзім, як рэжа брат брата». Але збуцвелыя пастронкі і цуглі трашчаць і рвуцца, а злосць вымяшчае няшчасны народ на няшчасным народзе.
    Прымітыў і бяздушша трымаюцца на жорсткасці і ўсеагульным страху. Так дзесяцігоддзямі ўсеўладныя каты з'мянялі адзін аднаго, прыкрываючы свае злачынствы прыгожымі тэорыямі і абяцаннем зямнога раю, кленучыся імем, якому здрадзілі даўно, але ставілі па ўсёй зямлі тысячы помнікаў «мудраму летуценніку» і вынішчалі ўсё, дзеля чаго ён жыў, у што верыў, чым жылі і ў што верылі людзі, не ўяўляючы, да чаго гэта прывядзе народ.
    Пры жыцці першай асобы молімся на яе, хоць і бачым, што кароль голы, а пасля смерці даведваемся, што маліліся злодзею і злачынцу. А колькі іх, вядомых і непрыкметных, ходзіць па зямлі, хітра схаваных пад забралам прыгожай хлусні цынікаў, прагных да ўлады і наступнага крывавага балю. Многія даўно відны, але ўсіх яшчэ не дастаць.
    Незагойны боль вярэдзіць душу за вялікія і малыя страты, за кожную ахвяру, за зруйнаваныя тварэнні народнага генія, за апаганенае хараство зямлі нашай, за жабрацтва найбагацейшай краіны, якой з ухмылкаю суседзі зграбаюць у працягнутую далонь пацяробкі з сытага стала, каб хоць уратаваць нашых унукаў.
    Дробных стратаў не бывае. Загублены метр зямлі не накарміў аднаго чалавека, атручаная крыніца не наталіла смагу змучанага спёкаю, злачынная недасведчанасць «акадэміка» падпісала смяротны прысуд мільёнам карміцеляў і іх нашчадкам, а атручаную зямлю ператварыла ў зялёную пустэльню. Па ёй нячутна ступае смерць. Злачынства спустошыла людскія душы, знявечыла і абакрала гістарычную памяць. Сярод незваротных страт, апрача людзей, зямлі, вады і неба — наша мова, тысячы забытых і забітых слоў, паэтычных найменняў і назваў, а з імі страчана і іх матэрыяльная сутнасць, традыцыі і каларыт. Гора дзецям, што выракліся маці, гора маці, чые сыны, дочкі і ўнукі забыліся, не чуюць, не разумеюць і не шануюць матчына слова і песню. А выгнаннікі і бежанцы на далёкіх кантынентах збёраглі і памяць, і слова, і мелодыю роднай зямлі.
    Сярод мноства страт знікла дарагоё мне слова мястэчка, і самое мястэчка страціла свой непаўторны, вякамі складзены побыт, шчырыя адносіны сумлення і даверу, яскравы каларыт мудрых і прыгожых традыцый.
    Што ж такое мястэчка?
    Дакладнае і ёмістае слова замянілі калекамі абрэвіятур «гарпасёлак», «ПГТ» (пасёлак гарадскога тыпу), а найчасцей— «райцэнтр», з поўным наборам «раеў» — райком, райвыканком, райваенком, райаддзелы, райканторы, райупраўленні, райзагі, райбальніцы, райміліцыі (які там рай?).
    Гэты «рай», што ўжо не вёска і яшчэ не горад, спрадвеку звалі мястэчкам. I адразу ўзнікала ўяўленне пра ціхае, невялічкае, часта далёкае ад чыгункі паселішча з дзвюма-трыма брукаванымі вуліцамі, з вялікаю рыначнаю плошчаю пасярэдзіне, з доўгім шэрагам крам і крамак, з шумнымі асеннімі кірмашамі, з адною або з дзвюма цэрквамі, некалькімі сінагогамі. У нас іх звалі «школамі».
    Усё неабходнае чалавеку рабілася на месцы здатнымі майстрамі — стальмахамі, кавалямі, гарбарамі, шаўцамі, краўцамі і кажушнікамі, ткачамі і бляхарамі, мулярамі і малярамі, былі маслабойкі, млыны і ваўначоскі, а якія мастакі-ганчары жылі ў мястэчках! У наваколлі яны адшуквалі найлепшыя глінішчы. Мялі, песцілі замес чуйнымі і цёплымі рукамі, прыдумлялі аздобы для сваёй пасуды, падбіралі найлепшую паліву, каб аж зіхацела кожная гладышка.
    На рынку доўгімі радамі стаялі гаршкі, глякі, збанкі, гарлачы, спарышы, макатры, паліваныя і размаляваныя, жоўтыя і чырвоныя; яны, здавалася, гарланілі шырокімі і вузкімі горламі: «Вазьмі мяне!». Смольным, дубовым і ліпавым духам вабілі дзежкі і даёнкі, цэбры і ражкі, біклагі і бочачкі, з якіх ні расол, ні нават мёд не прасочацца і кропляю. Найбольшаю абразаю і ганьбаю для майстра было слова — тандэтнік-бракароб. Найвышэйшай пахвалою — совесны чалавек.
    За Мікалаеўскім часам кожнае мястэчка было цэнтрам воласці. Ею кіравала Валасное праўленне. Сядзеў у ім выбраны ўсёю грамадою стараста, часам непісьменны, але разумны, сумленны і справядлівы рупны гаспадар. На патрэбных паперах ён ставіў пячатку, распісваўся часам трыма крыжыкамі, а ўсё вялі пісар з памочнікам. Почыркі ў іх былі, як у школьных пропісях, аздобленыя завітушкамі, націскамі і хвосцікамі. Закон у воласці ахоўвалі ўраднік і стражнік, была і «халодная» — цёмны катушок з маленькім закратаваным акенцам. Часам трапляў туды добра падпіты рызыкант, канакрад або дробны злодзей. Былі міравы суддзя і агент страхавога таварыства «Россия». Вось бадай і ўвёсь штат воласці, трошкі меншай за цяперашні раён.
    Звычайна ў канцы мястэчка стаяла земская бальніца з адным доктарам, фельчарам, сястрою міласэрнасці, сядзелкаю, а па-цяперашняму — санітаркаю. Аптэку трымаў прыватнік правізар.
    Саматужнікі местачкоўцы адначасна былі і хлебаробамі — мелі па невялікаму надзелу зямлі, трымалі надворных і кормных свіней, адну-дзве каровы, некалькі авечак давалі воўну, бараніну і шкуры на кажухі. У кожнага харчы былі свае. Куплялі крам, або «чырвоны тавар» — фабрычныя тканіны, газу, дзёгаць, каломазь, соль, цвікі, селядцы, цукар вялікімі сіняватымі галовамі або стаўбунамі, голкі, каснікі, гузікі, косы, паласавое жалеза на шыны для воза, чыгункі, патэльні, халву і цукеркі, юшкі і дзверцы для грубак, парцяную і суконную фарбу. Усяго хапала.
    У мястэчку было дзве-тры так званыя перапечкі. На досвітку яны пяклі белыя булкі, халы, абаранкі і пернікі, і ўсё гарачанькае у плеценых кашах, прыкрытых кужэльным уціральнікам або сурвэткаю, разносілі па мястэчку. У кожнай была свая “парафія». Калі няма чым заплаціць, давалі напавер. «Як разжывешся, аддасі. У Амэрыку ж не з'едзеш»,— звычайна казала Алта або Двойра і несла свой кош да суседзяў. Ведала, што яе і грош не прападзе. Людзі верылі на слова і, як толькі заводзіліся грошы, аддавалі ўсе даўгі да капеечкі.
    Усе местачкоўцы ведалі адзін аднаго, памяталі бацькоў і дзядоў, былі ў блізкім ці далёкім сваяцтве. Бывала, у некаторых хатах прабой у дзвярах затыкалі трэсачкаю, каб толькі было відно, што нікога ў хаце няма.
    Кожнае мястэчка жыло сваімі непаўторнымі традыцыямі, сваім укладам, сваімі байкамі, кепікамі, нязлоснымі анекдотамі пра дзівакаватыя ўчынкі, а ў кожнага местачкоўца была дасціпная мянушка, і яна пераходзіла з пакалення ў пакаленне. Не існавала тады ніякіх анкет, ніхто ні на кога не пісаў характарыстык. Яны былі вусныя і безапеляцыйныя — сумленны чалавек або тандэтнік і паскуднік. Часам вярнуць добрую рэпутацыю і жыцця не хапала.
    Сярод палескіх_лясоў і балот стаіць маё мястэчка Глуск. Назва адпавядала яго колішняму стану — глуш, глушэча, глухата. Цяпер гэта даволі бойкі і шумны раённы цэнтр. I завецца ён не мястэчка, а па волі закаснелага чыноўніка з адзіным прынцыпам: «Абы не так, як было», у канцылярскіх паперах значыцца «Пасёлак гарагдскоа тыпу», а скарочана «Г/П». Бясконцае мноства абрэвіятур у нашым побыце нагадвае мармытанне неандэртальца з адных зычных гукаў. Дзе некалі быў валасны стараста і два пісарчукі, цяпер, можа, паўсотня ўстаноў, якія і самі добра не ведаюць, чым займаюцца і што ім рабіць. Галоўнае, пішуць паперы — адны ўгору, у вобласць, у цэнтр, другія — уніз, у сельсаветы, калгасы і саўгасы, у школы і сельскія клубы. Большасць, не чытаючы, падшываюць у папкі, часам пішуць нікому не патрэбныя адказы, і гэта лічыцца работаю.
    Я, адзін з апошніх сведак колішняга мястэчка, раскажу, якім яно было ў пару майго далёкага маленства і юнацтва. Не буду трымацца храналогіі — што ўспомніцца цікавае, тое і раскажу. [...]





ВАРНАК


    Я заблудзіўся ў тайзе. Ліпнёвае сонца ледзь прабівае лясны гушчар — змрочна, парна і вусцішна. Сінявата-зялёныя хвашчы з чорнымі падпалінамі на суставах выцягнуліся ў чалавечы рост, шастае і хапае за рукавы трава -разун, на колішніх выгарах разлапушыўся і ківае ружовымі султанамі скрыпень. Мітусіцца, гудзе і дзынкае плойма сытых аваднёў. Нячутна прыліпаюць шэрыя сляпні і тупым болем працінаюць змакрэлыя плечы. Замшэлыя вываратні пазавальвалі ледзь прыкметныя лясныя сцежкі.
    У такой гушчэчы апаноўвае страх. Нават самаму разважліваму чалавеку пачынаюць верзціся лесуны і страшыдлы: разгаты выварацень здаецца ўчэпістым павуком, сухая галіна — яшчарам, струхлелы пень — зеленабародым лесавіком. Тахкае, аж заходзіцца сэрца. Падыдзеш бліжэй, усміхнешся, а на цябе з таежных завалаў ужо глядзяць новыя пачварныя прывіды.
    Трымціць гонкі асіннік, лена пагойдваюцца цёмныя верхавіны кедроўніку, шапацяць мяккія лапы лістоўніц, пырхаюць сініцы, цінькаюць дразды, іржавым рыпам скігоча сіваграк, а недзе на верхавіне, глуха, як у дамавіну грукае дзяцел. Нямераная, няходжаная тайга жыве, шуміць, стракоча і дыхае далёкім прыглушаным водгуллем. Але колькі ні гукай, колькі ні крычы — ніхто не пачуе і не азавецца.
    Няўжо так нікуды і не выб'юся? Куды ж тут выб'ешся, калі на сотні вёрст ні жывое душы, ні сяла, ні заімкі — тайга і тайга. I панесла ж нялёгкая шукаць тыя нікому невядомыя дзялянкі, каб накасіць на бясконца доўгую сібірскую зіму сена на каня і двух валоў. А каму ж ісці, як не мне? Наняўся гаспадарнікам у сямігодку, от і ламай галаву, як пракарміць сваіх падапечных, каб навазіць дроў школе і настаўнікам, вытраляваць бярвенне на прыбудоўку да інтэрната. [...]





СЛЁЗЫ


    Наўрад ці паверыце, што плача карова. А я веру. Сам бачыў – плакала.
    Некалі я настаўнічаў у глухім таёжным сяле. Хата мая стаяла за ваколіцай, паміж глыбокім ярам і пакручастаю рачулкаю Біязінкаю, за ёй шумела тайга, зялёная ўлетку, барвовая і бонзавая ўвосень, зімою маўклівая, закуржавелая, нібы адлітая з чыстага срэбра. Наўкол была выгода – задзірванелыя груды, травяністыя лагі і выгараджаная паскоціна: выпускай скаціну, і пасвіць не трэба. У сяле кожнага бескароўнага лічылі лайдоком і пустадомкам. Купілі і мы не надта малочную, крутарогую, чорную з белай плямкай на лбе кароўку. З ёю перайшла і мянушка ад ранейшых гаспадароў – Нюрка.
    Кожную вясну даводзілася вадзіць яе на повадзе на другі канец сяла ў ветэрынарны ўчастак на прышчэпкі ад бруцэдёзу, сібірскае язвы і яшчэ нейкіх невядомых хвароб. Яна хадзіла заўсёды следам, як паслухмянае сабачанё, нават не напінаючы повада. А ўвосень станавілася зброднаю: як толькі ўмерзне зямля, а высокую сакаўную рунь яшчэ не прыцерушыў сняжок, мая Нюрка сыходзіла на свежую рунь немаведама куды. Бывала, шукаеш, шукаеш, а яе і след прастыў. Часам вазакі сена ці ляснік скажа, што бачыў маю кароўку недзе аж на бяргульскім полі, а гэта кіламетраў за дзесяць ад дому. Поле вялікае, з кустамі, з лажкамі, з пералескамі, колкамі, па-сібірску. Ходзіш-ходзіш, углядаешся – углядаешся, аж яна ў зацішку ляжыць сабе, пукатая, як дзяжа, і меле сабе жвайку. Азавуся, нехаця ўстане, вінавата апусціць галаву і брыдзе следам дадому.
    Тым летам я не касіў сена: мяне пераводзілі ў суседні раён, і прыйшлося расстацца з Нюркаю. На такую “малочніцу” купца не знаходзілася. Прыйшося яе здаць нарыхтоўшчыку спажывецкай кааперацыі. Дзеці і жонка з плачам праводзілі Нюрку з двара. А яна, мабыць, нешта нядобрае адчула: У фортцы задрала галаву, уперлася, як сталюгамі, пярэднімі нагамі – і ні з месца. Цягну за повад, а яна толькі галавою круціць і ўпінаецца з апошніх сіл. Прашу жонку сцебануць хлудзінаю. Вытне, шкадуючы, а Нюрка – задам-задам адступае ў двор.
    Добра, сусед памог сяк-так выпіхнуць яе за весніцы. Давёў да крутаяру, а ўгору аніяк не ідзе, хоць ты яе рэж. Што сталася з кароваю? Як здурнела. Бегла ж следам, а тут ані з месца. Неяк усё ж дацягнуў да таго нарыхтоўчага двара. За высокаю загародкаю з абгрызеных жэрдак ледзь ківаліся дзве худыя каровы. Нюрку з нарыхтоўшчыкам мы ледзве ўпіхнулі за вароты. Яна адразу пярэднімі нагамі ўскочыла на высокае прасла, ды як зараве, трывожна і жаласна, як заматае галавою, нібыта хоча сказаць: “Не хачу, вазьмі назад!! А вочы! Вялізныя сінія вочы з цёмнымі глыбінямі глядзяць на мяне з такою пакутаю, з такім дакорам, нібыта на самага страшнага здрадніка. І тут я адразу вачам сваім не паверыў: па цёмнай поўсці пакаціліся буйныя, як гарошыны, слёзы. Яны капалі з мысы, а Нюрка матала галавою і раўла, як на пажар, як на пагібель, скакала на самую верхнюю жардзіну і плакала горкімі слязьмі. Пла – ка – ла…
    Я кінуў налыгач і ад сораму, жалю, ад дакору выбег за браму і не азіраючыся, затыкаючы вушы, па гулкай настылай сцежцы задамі падаўся дадому. Доўга яшчэ чуў Нюркін рык, і ў самога камяк сціснуў горла.
    Бывае і цяпер, як убачу, што цягнуць сілком залыганую скаціну, сціскаецца сэрца, чуецца той жаласны рык і ўспамінаюцца слёзы на чорнай мысе.

    (Зб. “Сустрэчы з самім сабою” 1988г.)





В КОНДЕЕ

Вечер. Воет сивер, комья снега слепят глаза, тают на щеках и стекают за воротник. Слава Богу – виден подслеповатый огонёк вахты. Скорее бы проскочить через неё за колючую проволоку мечтает каждый из нас. Ноги в мокрых лаптях чужие и чугунные, но в коленях ещё гнутся и кое-как переступают. Доползти бы до столовки, похлебать еле тёплой баланды из турнепса, каши из отрубей, дойти до тёмного и шумного барака, влезть на голые верхние нары, развесить мокрые портянки, растереть одубевшие ступни, накрыться мокрой телогрейкой и провалиться в тяжёлый сон – самая заветная мечта лесоруба по дороге в зону. [...]





ГИМН И ПОЛОНЕЗ

В первый же день войны радио в зоне отключили. Страх сковал каждого: там же остались родные, любимая земля, отцовский дом, жильё, покинутое в страшную ночь, когда скомандовали: “Руки назад!” Теперь там полыхали пожары, вздымалась и корчилась земля, рушились и исчезали города, в пепел превращались деревни. Это были только догадки, лагерные “параши”, одна другой тревожнее и страшнее. Так и жили слепыми и глухими, в неизвестности. “Вольняшкам” запрещалось говорить про войну, будто её и не было, газет в зону не пропускали. От неизвестности охватывал ещё больший страх, ночами донимали кошмары, душу терзали предчувствия, пугали слухи. [...]



©2010-2010, Таццяна Грахоўская. Усе правы абаронены.