Урывак з “Паэмы дарог”
На ўсіх вакзалах – людзі, людзі, людзі,
І ў кожнага свая бяда і лёс.
Пад нарамі, у рызманах і ў брудзе,
Качаўся я і непрыкметна рос.
Назолай быў і клопатам для маці:
Віс на руках. Услед за ёй снаваў,
То ў нейкім пакалечаным салдаце
Свайго часамі бацьку пазнаваў.
Расхлістаны бадзяўся па марозе
Мурзаты, трохгадовы чалавек
І думаў, што жывуць усе ў дарозе
І што ваююць людзі з веку ў век.
[Скачаць усю паэму]
Урывак з паэмы “Ростань на світанні”
Яна сарпінкаю укрыла
I кветкамі яго чало
I на грудзях згарнула крылы,
Якім прастору не было.
Зламанага у самай сіле
Ні замяніць, ні ўваскрасіць.
Званы па ім адгаласілі,
А сэрцу вечна галасіць,
Што за дваіх жыве адна,
Што ў Праметэя век кароткі...
Ішла за сцюжамі вясна,
I пачыналіся
паводкі.
[Скачаць усю паэму]
Урывак з паэмы “Балючая памяць”
Ёсць і ў бядзе свае няшчасці:
З'ясі паёк, то — без пайка,
Бо можна з голаду прапасці,
Калі не маеш кацялка.
Хоць бы які: бляшанка з дужкай,
Глячок, з якога пі і еш,
Калі здабудзеш лыжку з кружкай,
Дык да вясны і дажывеш.
А што вясной? Вясна-красуня
Падсцеле цёплае травы,
Падкіне шчаўя, грыб падсуне,
З'ясі, глядзіш,— ізноў жывы.
[Скачаць усю паэму]
Урывак з паэмы “Спаленыя масты”
Надзеяй і сумленнем засталася,
Няскоранай і кволай, як дзіця,
I не хавала ў маладушным страсе
Яна чарнавікі свайго жыцця.
Жыцця ніхто наноў не перапіша,
Не выкрасліць пакутныя гады,
Уратаваць не здолее ў зацішшы
Сябе ад нечаканае бяды.
Быў кожны дзень нялёгкай заваёвай
Кахання, вернасці і шчодрай дабраты:
Ішлі ў Сібір сяброўкі Мураўёвай,
Спаліўшы за сабою ўсе масты.
[Скачаць усю паэму]