Беларускі паэт, празаік, перакладчык
Сяргей Іванавіч Грахоўскi
Артыкулы. Жыцццё і творчасць
ГалоЎная
Біяграфія
Бібліяграфія
Артыкулы. Жыцццё і творчасць
Галерэя
АрхiЎ
Сувязь з наведвальнiкамi
Вершы
Паэмы
Пераклады
Проза
Успамiны. Публiцыстыка
Дзiцячая лiтаратура
АЎдіа запiсы
      Ян Скрыган

       "Адданасць"


      Нямала часу таму назад з нейкай нагоды разам з Сяргеем Грахоўскім мы былі ў Гродні. Пад канец нашай камандзіроўкі выпала вольная часіна, і мы сабраліся пахадзіць па горадзе. Але неспадзявана з цэнтра павярнулі на вуліцу ўлева, прайшлі колькі меншых вуліц і вулачак, і апынуліся за горадам.
      Па-восеньску ціха ляжала далячынь, неба было нізкае, шэрае, пахла застарэлым бульбоўнікам. За ім зелянеў апошнім лісцем не то сад, не то невялікі лясок, мы і павярнулі, бо туды цераз поле вяло некалькі добра пратаптаных сцежак.
      Чубок лесу аказаўся колішнім фальваркам, ад якога астаўся яшчэ даволі ладны, гонтамі накрыты дом з высокім ашклёным ганкам. Сцежкі вялі, аднак, далей, на поплаў, за якім бліснула шырокая палоса валавяна-цьмянай, халоднай вады. Нёман. Як толькі паказалася рэчка, Грахоўскі тут жа прыбавіў хады. Можна было пазнаць, што такой нечаканасці ён быў вельмі рады.
      — От гэта тое, што нам якраз і трэба,— сказаў ён. Давай на беражку і паседзімо. Але ён не сеў.
      Прайшоўся па беразе, пастаяў, паглядзеў зачаравана на рэчку.
      Нёман плыў спакойна, задуменна, сяды-тады толькі варочаліся на ім як бы жывыя, шэра-тлустыя плямы, то знікаючы, то зноў усплываючы з глыбіні.
      На тым беразе старыя нахіленыя вербы, кідалі ў ваду свой густы, ня- ласкавы цень.
      - Пакупаемся? — папытаўся Сяргей у мяне весела.
      - Ды што ты! — аж злякаўся я. Ад аднаго ўяўлення, як можна кінуцца ў такую сцюдзёную ваду, па мне пайшлі дрыжыкі.
      - Як хочаш, а я паплаваю.
      Сяргей не спяшаючыся распрануўся, склаў ніжні адзевак. Ад летняга загару цёмны, зграбны, дужы целам, абгладзіўся і паволі пайшоў у ваду.
      Я глядзеў, з якою асалодаю ён то пускаўся па плыні, лёгка аддаючыся яе руху, то кружыў, як бы дурэючы з вадою. Нарэшце агледзеўся, што адплыў далёка, павярнуўся, і намаганне, што трэба было брацца назад, як бы давала яму яшчэ большай асалоды.
      Потым я глядзеў, як на беразе ён абціраўся. Зрабіў сабе па ўсім целе масаж. Божухна, які ж гэта асілак, думаў я, які красун. Якая дужасць, цярплівасць, воля! Я ж бы даўно апруцянеў, мяне нават у маім няскінутым макінтошы прабіраў холад, а яму хоць бы што... Ці, можа, гэта звычайнае самалюбаванне, выхвалянне; вось паглядзі, як я ўмею?
      Потым я ўсім жыццём пераканаўся, што такая адкрытасць, поўнасць, патрэба ўсё рабіць на ўсю моц, на поўны размах, на поўны голас,— што ў гэтым уся прырода Сяргея Грахоўскага. I калі ў маладосці не думалася гэтак, то, мабыць, вінаваты сам — не ўмеў заўважаць. А найвярней,— што чалавек фарміруецца не адразу, на гэта патрэбен час, акалічнасці і, мабыць, выпрабаванні.
      Усё ў ім цяпер было — на поўны мах, на поўную сілу. Гэтак ён цяпер ладзіць свой побыт. У пэўны час класціся спаць, уставаць, садзіцца за рабочы стол. Усё спланавана: калі рабіць праходкі, купацца, аблівацца халоднаю вадою. А ўзімку — маржоўства на возеры, лыжы, а некалі любіў і канькі. Ен перанёс два інфаркты, але гэта яго натуры не перайначыла. Паехаўшы ўзімку ў санаторыю «Сосны», п'янеючы ад чыстага іскрыстага паветра, ад снегу, далечыні і ляснога шолаху, ён дагойсаўся на лыжах да таго, што яго вярнулі дадому яшчэ з адным — мікраінфарктам. Гэтак жа строга, няўступчыва падзяляюцца яго адносіны да людзей. Бог ведае калі быў выпадак, што адзін знаёмы зрабіў у дачыненні да яго нейкую бяздумную неэтычнасць, а перапрасіць не хапіла такту, і з таго часу для яго той чалавек не існуе. I наадварот: я памятаю, што ён прачытаў кнігу, якая вельмі прыйшлася яму па душы, ён насіў яе пад пахаю з сабою цэлыя дні, усім апавяшчаючы — вось як трэба пісаць! ЁН жа пазваніў мне пра кніжку Святланы Басуматравай «Белая бярэзіна», кажучы, каб я конча купіў яе таксама, бо гэта не кніжка, а сапраўднае паэтычнае свята. Прызнаюся, што я ўпамінаю гэтую падзею трошачкі з трывогаю: каб жа, не дай божа, марна не прапалі нашы спадзяванні.
      Гэтакая ж, на ўсю шырыню душы ў яго і дружба. Няма таго дня, каб ён не званіў мне, хоць бы папытацца, ці жыў-здароў. Нас было чацвёра дружбакоў – аднапалчэнцаў, кожнага ён абзвоньваў, а цяпер асталося двое, і тым большы стаў яго клопат. Гады ж робяць, што ім хочацца.На поўную сілу ён і працуе, на ўсім абліччы яго творчасці ляжыць пячаць неўтаймаванасці. Яго вершы павінны гучаць як вечавыя званы, пра што б ён не пісаў. Праўда, сцвярджаць так трохі рызыкоўна, бо на тое трэба, каб чытаў сам аўтар.
      Чытанне паэзіі — гэта высокае мастацтва. Я ведаю мала каго з паэтаў, якія пішуць добрыя, нават выдатныя вершы, але чытаць іх не ўмеюць. Вершы ў іх чытанні мярцвеюць, яны не даносяць ні думкі, ні хвалявання. Не пасаромеюся прызнацца, што на такую хваробу хварэю я сам і таму спачуваю ўсім няўмекам. У Грахоўскага ж вершы набываюць крылы, яго чытанне энергічнае, яснае, падкрэсленае сілаю рытму і жэста. Кожнае слова вымаўляецца да канца, ні адна галосная не скрадваецца, падкрэслівае любую інтанацыю. Тое, што чытае Грахоўскі, вы не толькі чуеце, а і бачыце. Мне здаецца, што ён, як сапраўдны майстар, скрозь трэніруе сябе. Дарэчы, мабыць, не памылюся, калі скажу, што лічу сябе першым чытачом усіх яго вершаў. Лепш кажучы, не чытачом, а слухачом. Звычайна гэта бывае так: пазвоніць ён мне, спачатку папытаецца, як жывеш, што робіш, ці здароў, чаму сам не абзываешся, і, калі нешта ў яго напісалася, на астатак скажа:
      — Хочаш паслухаць новы верш? Звоніць ён мне з дому, з Каралішчавіч, нават з Дубултаў, адусюль, дзе бывае. Дзіва што я хачу! I ён сваім артыстычна пастаўленым голасам, трохі як бы напачатку чуючыся няпэўна, прачытае. Дапусцім, вось гэтакі верш: —

            Сцішылася шараю гадзінай
            Стомленае поле і маўчыць.
            Ад самотнай песні лебядзінай
            На душы даўнейшы боль гарчыць.


            Каласы схіліліся ў тумане,
            Непрыкметны дожджычак імжыць,
            А ў мяне пакуль адно жаданне,—
            Да наступнай восені дажыць,

            Каб ізноў убачыць наваколле,
            Блізкае і знанае здаўна,
            і паслухаць, як звініць над полем
            Цішыні напятая струна...

      Я разумею, што пасля двух з палавінаю інфарктаў зусім не дзіва, што можа прагучаць элегічны матыў, але колькі любасці, душэўнасці і прагі да жыцця.
      Хоць невялікі ўрывак хочацца падаць з верша зусім іншага, рамантычна-патрыятычнага складу. У ім гаворыцца пра скуранкі, адзенне вельмі папулярнае ў часы Вялікага Кастрычніка і грамадзянскай вайны. Яны з'яўляліся сімвалам барацьбы і перамог на світанку нашага жыцця. «Пасля скуранкі і бушлаты здавалі у музей як экспанаты», пашаноўна кажа пра іх Грахоўскі. Але:
            I вось скуранка выйшла зноў на свет,
            Яе надзеў галкіпер і паэт,
            Дастаў скуранку кінарэжысёр,
            I той, што не хапае з неба зор.
            У ёй, сцвярджаюць, зручна і зацішна,
            А самае галоўнае—прэстыжна.
            Скуранка стала модай і таварам.
            А хто з вас, хлопцы, стане камісарам?—
      ужо з трывогаю за непахвальную раздабрэласць душы пытаецца Грахоўскі.
      Творчасць Сяргея Грахоўскага — гэта штодзённы, штохвілінны водгук на радасці, трывогі і клопат кожнага дня. Яго кнігі можна чытаць, як паэтычны дзённік. Усё, што здаралася з ім, што ён бачыў, перажыў, думаў, успомніў, усе спалзяванні, удачы, утраты, сустрэчы, ростані, чаканні, уся плынь пачуццяў, што нахлынула на яго ў нейкую хвіліну, - усё упісана ў старонкі яго кніг. “Апошні снег”,”Адзінота”, “Літасць”, “Пярсцёнак”, “Бяларучы”, “Не трачу я надзей”, “Завея”, “”Няміга”, “Пасля навальніцы”, “Вырай”, “Пазваніце” – вось гэтак, нават па адніх загалоўках можна бачыць яго трывогі. Нездарма ў яго кнігах і гэтулькі прысвячэнняў: Пятру Машэраву, Петрусю Броўку, Заіру Азгуру, Івану Мележу, Алесю Пальчэўскаму, Аркадзю Куляшову, Уладзіміру Мяжэвічу, Янку Бобрыку, Янку Брылю, Анатолю Сербантовічу, Нілу Гілевічу, Міколу Аўрамчыку, Міколу Лобану,— усё гэта знакі духоўнага пярэгаласу.
      Я меў выпадак даволі доўгі час — не адзін год — наглядаць, як Грахоўскі рыхтаваў двухтомнік сваіх выбраных вершаў. На ранейшыя тэксты было нядобра глядзець, бадай што ўсе яны былі скрэслены, каторы менш, а каторы да таго, што ад яго мала што ранейшае аставалася. Прызнаюся, што на такую работу я глядзеў з любасцю, бо не разумею, як можна не любіць напісанага табою, каб не ўмець або не хацець яго паправіць. Не выпадкова выглядае і тое, што ў «Выбраныя творы» Грахоўскі ўключыў толькі адзін колішні верш 1929 года, прапусціўшы ў сваёй творчасці цэлыя дзесяцігоддзі. Гэтакі ж — на ўвесь мах, на ўсю сілу — дыяпазон яго творчасці. ЁН паэт, празаік, публіцыст, нарысіст, перакладчык. Апроч таго, красамовец—некалькі гадоў запар на тэлерадыё вёў літаратурныя старонкі; падарожнік — аб'ездзіў Савецкі Саюз і замежжа; хадатай — або за некага або аб нечым: от жа не без яго дачынення ў Мінску названа вуліца імем аднаго з першых марксістаў на Беларусі Сяргея Мяржынскага.
      У паэтычнай дзейнасці Сяргея Грахоўскага пераклады займаюць вельмі пачэснае месца. У двухтомніку выбранай паэзіі значацца пераклады з пятнаццаці літаратур — савецкіх і замежных. Аляксандр Блок выданы кнігаю — «Вершы і паэмы»; выходзіць з друку кніга Міхаіла Дудзіна – “Пасля спаткання”, сёлета вясною выйшла кніга Платона Варанька “Калыска памяці”, у якой пераважная большасць перакладаў належыць Грахоўскаму, ім жа напісана да кнігі і прадмова. Каторы раз я перачытваю “Непрыгожую дзяўчынку” Мікалая Забалоцкага, усцешаны і дакладнасцю арыгінала, і чарамі перадачы паэтычнай сутнасці. Вось хоць некалькі радкоў пасля таго, як сказана пра яе непрыгожасць:

            Ні зайздрасці абы ліхога слова
            Яшчэ зусім не ведае яна,
            І ўсё на свеце ёй здаецца нова,
            Што кожнаму даўно не навіна.
            А я гляджу з трывогай і здаецца,
            Што прыйдзе час і плачам захлынецца,
            Калі заўважыць, што з усіх яна
            Расце і непрыгожай і нязграбнай…

       і далей:
            Няхай яна здаецца непрыгожай,
            Не захапляе і не цешыць зрок,
            Але й цяпер усіх расчуліць можа
            І кожны рух яе і крок.

      Як лёгка ідзе радок, якая празрыстасць рысунка. Ніколі вы не падумаеце, што гэта пераклад і што арыгінал быў неверагодна цяжкі для работы. Шкада, што я не маю магчымасці дакрануцца да яго прозы. Гэта немалы скутак яго творчасці. Любіць пісаць і для дзяцей – у ім не мінаецца практык-настаўнік. Напісаны дзве сучасныя настраёвыя кніжкі апавяданняў. Аповесці – “Рудабельская рэспубліка”, “Гарачае лета”, “Ранні снег”, “Суровая дабрата”. Любіць дакументальную аснову. “Рудабельская рэспубліка” пастаўлена ў тэатры, экранізавана ў кіно. Па тым, як неахвотна ён прэзентуе свае кнігі прозы сябрам, можна здагадацца, што не хоча, каб нехта падумаў, што ён здраджвае паэзіі. Сёлета Сяргею Грахоўскаму семдзесят гадоў. Таму я і пішу, можа, трохі ўзнёсла.

Ян Скрыган

(газета “Літаратура і Мастацтва”23.IX.1983г.)

©2010-2010, Таццяна Грахоўская. Усе правы абаронены.