Беларускі паэт, празаік, перакладчык
Сяргей Іванавіч Грахоўскi
Артыкулы. Жыцццё і творчасць
ГалоЎная
Біяграфія
Бібліяграфія
Артыкулы. Жыцццё і творчасць
Галерэя
АрхiЎ
Сувязь з наведвальнiкамi
Вершы
Паэмы
Пераклады
Проза
Успамiны. Публiцыстыка
Дзiцячая лiтаратура
АЎдіа запiсы
      Таццяна Грахоўская

      "Не адкладай сустрэчу на пасля…"

      Успаміны пра бацьку


      Прыгажосць

      Каляндар лічыць гады жыцця без яго. Праўду гавораць людзі, што блізкія і дарагія жывуць сярод нас столькі, колькі мы памятаем іх. Для мяне ён заўсёды галоўны чалавек у жыцці. Я – бацькава дачка.
       Прыгожы, асаблівы, ён вылучаўся з натоўпу не толькі ростам, хоць і лічыўся даволі высокім.
       Я даўно зразумела, што бачу свет яго вачыма, хоць і не заўсёды і не ва ўсім мы супадалі. Ён умеў бачыць прыгажосць свету, разумець яе, цаніць. Гэта ў яго ад Бога. Як, пражыўшы цяжкае, амаль жабрацкае дзяцінства, 20 год маладосці і сталасці – у барацьбе за фізічнае існаванне, ён захаваў гэта? Ён бачыў такое, жыў сярод такога жаху, аб якім і гаварыць нельга. І чытаю яго верш «Детство» напісаны «там», у 1944 годзе.
      «Где-то в детстве моём комариная бестолочь бродит,
      Где-то в детстве моём осыпается розовый сад,
      надежда, багровое солнце восходит,
      великий священный обряд…»

      Можа ён малюе гэтую карцінку як іншы паўтарае малітву, каб не ўпасці яшчэ дзень? Усё жыццё любаваўся і нас вучыў звяртаць увагу на неба, усходы і заходы, травы, кветкі, птушкі, хаткі, хутаркі, садочкі –з вяргінямі і мальвамі, іскрысты снег… і да бясконцасці.
       Памятаю, з Сібіры (ён ужо там, а мы яшчэ ў Беларусі) ён папрасіў маму прыслаць фарбы. Ён добра маляваў, асабліва любіў пейзажы. І ў пісьмах мы атрымлівалі малюнкі кветак. Памятаю, што на адным з іх намаляваны 3 цюльпаны, адзін з паніклаю галоўкай. І надпіс яго каліграфічным почыркам: “Здесь такие цветы не растут, но это трио напомнило мне кусочек жизни».
       Маляваў ён менавіта ў Сібіры – можа, гэта быў выхад у творчасць, замест вершаў. Вершы пісаць там сабе не дазваляў. Шкада, што большасць яго малюнкаў згублена для нас – ён сам падараваў іх у апошнія гады жыцця. Засталося 3 сібірскія і 2 малюнкі мінскіх часоў.
       Бацька быў вельмі спартыўным чалавекам. Канькі, лыжы, “плаваў, як малады бог”, – скажа В. Тарас на жалобнай паніхідзе.
       Успамінаецца звычайны ранішні заплыў, калі пляжы яшчэ пустыя, а на моры поўны штыль. Плывем побач, без усплёскаў, каб не патрывожыць шкляную паверхню вады. Толькі дзве галавы бясшумна і імкліва рухаюцца “ў бок Турцыі”. Маўчым, прыжмурваемся ад сонца і шчасця. І толькі ступіўшы на бераг, бацька дае волю пачуццям і радасці. Ён мора ўпершыню ўбачыў у 43 гады.
       Едзем куды-небудь па загараднай шашы, ён заўсёды спераду, побач з маім мужам ці сынам. Уздыхае, сумуе: “Якія краявіды! Якая прыгожая Лагойшчына (ці Случчына, ці Ракаўшчына...). Якая Беларусь прыгожая! Шкада пакідаць такую красу.” Зараз едзем і чуем яго голас: “Якія краявіды…” Маўчым, сумуем і адчуваем, быццам усю красу ён пакінуў нам у спадчыну.
       А як ён любіў лес! Колькі вершаў адтуль прынёс!

      “Падсочаны лес
       падсечаны лёс,
       ратунку
       зямлі і ў нябёс…” (Гэта з Лагойшчыны, грыбы збіралі.)

      Многа гадоў зімою ездзіў на тралейбусе ў парк Чэлюскінцаў катацца на лыжах. Лыжы ў яго на высокі рост. Аднойчы кандуктар зрабіла яму заўвагу – трэба чахлы, бо лыжы драпаюць столь. Ён імгненна адрэагаваў – насунуў пальчаткі. І далей “апранаў” лыжы заўсёды, яшчэ на прыпынку. Кандуктары глядзелі і шчыра ўсміхаліся. Калі я далучалася да яго, то сачыў, каб не глядзела толькі ўніз, на зямлю, ды на лыжню. “Паглядзі ў неба, на сосны пад снегавой шапкай, на ёлачкі, на снегіроў. Глядзі – заечыя сляды, а тут вавёрка лузала арэхі”.
       Пасля першага інфаркту, вельмі цяжкага, з пакутай у голасе гаварыў, што “адходзіў сваё на лыжах”. Аднойчы доктар не вытрымала яго “галашэння” (“і што ж гэта за жыццё, калі не пахадзіць на лыжах?” А яму ўжо за 60!) і сказала, што паступова, паціхеньку, з цягам часу… Божа мой, колькі было радасці! Быццам яму шчасце падаравалі. І хадзіў яшчэ многа гадоў, і пасля другога і трэцяга інфарктаў. Наогул, дактары гэтай бальніцы (так званай “лечкамісіі”) вельмі многа зрабілі для маіх бацькоў. Колькі разоў выцягвалі абодвух з таго свету. Кардыялагічнае аддзяленне стала для бацькі амаль што родным, яго там ведалі, спадзяюся, што любілі і грунтоўна, кардынальна дапамагалі.
       Успамінаю, чарговая рэанімацыя. Уваходзім, ледзь дыхаючы ад хвалявання. Я ён нам: “Нічога, нічога… Гэта яшчэ не канец. Я ведаю, адчуваю, што вярнуся. Э! Ды мяне яшчэ аглобляю не заб’еш! Я ж тут свой. І дактары, і сястрычкі, і санітаркі – усе мяне ведаюць, як аблупленага і я іх”. Прысвячаў сваім збавіцелям вершы, а ў бальніцы пісаў жартоўныя вершыкі “на кожны дзень”, на “працэдуры”.
       У апошні раз, напэўна ў 2001 годзе, зусім маладая брыгада пачынаючых дактароў ноччу літаральна адбіла яго ў смерці.
       Усё жыццё паўтараў: “Мне шанцуе на добрых людзей!” Памятаў усіх, хто хоць што-небудзь зрабіў для яго, дапамог. Расказваў нам часта, падрабязна, каб і мы неслі яго падзяку далей. І сам дапамагаў усё жыццё многім, часта зусім незнаёмым людзям. Тут і маладыя літаратары і студэнты, і выпадковыя знаёмыя – чытаў, правіў, прасіў за кагосьці, дапамагаў, пасылаў грошы, кніжкі, дапамагаў надрукавацца, уступіць у СП, выдаць. Яго любімая прымаўка: “З’еш хоць вала, адна хвала, а па крысе – ды ўсе”. Гэтаму вучыў і нас усё жыццё сваім прыкладам. А яго абавязковасць? Заўсёды любую працу зрабіць у тэрмін і яшчэ трошкі раней. Разумеў і спачуваў рэдакцыям – яны ж спадзяюцца і хвалююцца. І заўсёды ў жыцці ў яго быў план і “трэба, трэба, трэба…”. І нам не дараваў неабавязковасці, спазненняў. Барані Божа!

      Сям’я

      Ён жыў літаратурай, праблемамі мовы і культуры свайго народа, клопатам пра яго месца ў свеце і Еўропе. Гэта быў чалавек цікавага грамадзянскага лёсу. Яго асабіста турбавалі ўраджаі і будоўлі, архітэктура, выхаванне і адукацыя, праблемы горада і яго “мястэчка, мястэчка”. Але праблемы сям’і, дзяцей, а потым і ўнукаў былі амаль найгалоўнейшымі.
       Ён быў добрым мужам для нашай мамы, цудоўным бацькам і дзедам. На жаль, мы мала яго радавалі і поспехі нашы не адпавядалі тым намаганням, што ён укладаў у нас.
       У сям’і яго цікавіла усё – ці поўны халадзільнік (гэта было некалі не так проста), нашы поспехі, двойкі, дзённікі, школьныя здарэнні, урокі, сябры. “Што вы зараз вывучаеце па беларускай ці рускай літаратуры? – Падабаецца?” І што-небудзь абавязкова раскажа пра аўтара, ці прачытае па памяці верш. Адказна ставіўся да нашага адпачынку – “дабываў” і набываў пуцёўкі, калі гэта турыстычнае падарожжа – дык разам па карце вывучалі маршрут, а потым у кожным горадзе ўжо чакаў мяне яго ліст ці паштоўка і ад нас патрабаваў пісаць часта. Вельмі хваляваўся, калі затрымліваліся хоць трошкі.
       Радаваўся нашым абновам. Абавязкова прымяралі, і ён казаў: “Табе падабаецца? Дык і добра. Насі на здароўе”. Не памятаю выпадку, каб адмовіў у грошах, калі што-небудзь нам закарцела. Цаніў і адказна ставіўся да сямейных свят, асабліва любіў навагоднюю мітусню. Рыхтаваў падарункі, вершаваныя віншаванні, сюрпрызы, апранаўся сам чараўніком (халат, цюбіцейка, нос-вусы) і добры гумар, любоў да ўсіх, жарты, пажаданні, латарэі. Унукаў абавязкова далучаў да падрыхтоўкі, да навагодніх “сакрэтаў”. Яны захлыналіся ад радасці, што захавалі “сакрэты”, і ўсё так чароўна адбылося.
       Успамінаю сваю першую ў жыцці ёлку, мы сустракаем 1949 год. Бацькі чакаюць паўторнага арышту таты, мяшок ужо сабраны… Яны ўздрыгваюць ад кожнага стуку, ад кожнай машыны. Я чую, як ноччу яны ціхенька гавораць між сабою і чакаюць, чакаюць, чакаюць… Забралі таго, і таго, і таго… (А прыйшлі за ім сярод белага дня, у нядзелю, у канцы мая!) А пакуль яны заняты ёлкай. Вялізнае дрэва прывезлі татавы дарослыя вучні (лётчыкі). А дзе узяць цацкі? Яны зрабілі іх самі – клеілі, фарбавалі, абсыпалі бліскучым “боем”. А самі былі такімі змрочнымі, прыгнечанымі, што іх стан давіў і на мяне і замінаў радавацца. Доўга жылі ў нашай сям’і два матылькі з той ёлкі, цяпер застаўся адзін. У Сібіры ў нас былі прыгожыя “магазінныя” цацкі. Прысылаў татаў стрыечны брат, дзядзька Мікола (Бобрык Мікалай Іванавіч). Ён нам прысылаў і арэхі, і яблыкі, і кніжкі, і многае іншае, але некалькі цацак жыве і сёння. Цацкі заўсёды вазілі за сабою. Вясковыя дзеці, амаль скрозь пасляваенныя безбацькавічы, рабілі цацкі самі. Асабліва папулярнымі былі ланцугі з каляровай паперы. Колца сіняе, колца ружовае, колца жоўтае… Мне таксама хацелася рабіць ланцужкі, але тата папрасіў: “Не трэба, дачушка, я вельмі не люблю ланцугоў…”
       У заможным мінскім жыцці заўсёды сам упрыгожваў ёлку, рамантаваў гірлянды, усе разам успаміналі гісторыю кожнай цацкі і ганарыліся сваёю ёлачнаю работаю. – “Ну, як атрымалася? Прыгожая?” У апошнія гады жыцця яму цяжка было хадзіць па магазінах, дрэнна бачыў і чуў, не арыентаваўся ў цэнах. Набыццё падарункаў стала для яго праблемай. Бедаваў… Я яму параіла аднойчы: “Ты напішы нам вершы, кожнаму”. Ён паслухаўся і … зрабіў па-свойваму, лепш. Ён напісаў вялікі, агульны сямейны верш, у якім амаль кожнаму дасталіся добрыя словы. Якая мудрасць! Пасля яго адыходу распалася наша вялікая сям’я, няма больш бацькоўскага дома, які існаваў каля 45 гадоў, але кожны можа мець на памяць экземпляр таго верша “На сустрэчу 2000 года”. У ім мы яшчэ ўсе разам вакол нашай апоры, нашага бацькі і… многа гора яшчэ наперадзе.
       Сёння я разумею, што мае старэнькія бацькі, нямоглыя, хворыя, слабыя і невідушчыя трымалі на сабе ўсе нашы праблемы. Яны былі не проста патрэбнымі, - неабходнымі. Ніхто не мог іх замяніць не толькі ў духоўным, але і ў практычным сэнсе. Не толькі дапамагалі, а літаральна, бывала, ратавалі жыццё. Іх дом на плошчы Якуба Коласа – дом “На Ростанях” прымаў усіх нас з раніцы да ночы – перакусіць, адпачыць, паплакаць, пахваліцца навіной. І нас, і нашых сяброў.
       Ён марыў і не спадзяваўся дажыць да ХХІ стагоддзя. Яму, як дзіцяці, здавалася, што там, за парогам навагодняй ночы – новае светлае шчасце ўсім і яго сям’і. Што свет паразумнее і падабрэе і стане лепшым. Ён пражыў амаль 2 гады ў ХХІ стагоддзі…
       Углядаючыся ў далечыню, у 50 – 60-я гады, я не разумею, як у яго хапала сіл і часу цягаць мяне ўсюды за сабою, вазіць па сталіцах, каб паказаць выстаўкі, палацы, музеі, фантаны, архітэктуру, гарадскую скульптуру і г. д. Масква начная з борта цеплахода, Ленінград – з Нявы, Пецергоф з боку Фінскага… А мне было 10, 11, 12 і… да 20. Я падала з ног, а ён нястомна вёў мяне амаль ноччу, каб паказаць палац праз асветлёную ліхтаром лістоту з пэўнага месца. Гідам у Ленінградзе быў у нас Юркоўскі Мікіта Карнэльевіч, незвычайная асоба, гісторык ад бога, якога выхавала мама – ленінградскі архітэктар. Ён быў нястомным, натхнённым гідам. Ён наш сябр па Сібіры – адбываў там сваё пасляінстытуцкае “размеркаванне”. У Маскве былі гіды не горшыя і таксама сібірскія сябры. Кожны вечар размяркоўваўся план на заўтра, транспарт – як даехаць хутчэй, дзе перасесці… Успамінаю і дзіўлюся... Малады яшчэ мужчына, у якога знаёмыя, сябры, справы літаратурныя, а ў першы час і юрыдычныя (у гэтыя высокія ўстановы я яго таксама суправаджала). Пасядзелі б у рэстаране, пагаварылі б на свае дарослыя тэмы. “Расслабіліся” б, як цяпер кажуць.
       Стаўшы дарослай, я зразумела, што ўсе Траццякоўкі, Эрмітажы, палацы-музеі я паглядзела па-сапраўднаму толькі з ім. Удумліва, грунтоўна, не спяшаючыся. “У гэтай зале, каля гэтай карціны, дачушка , мы пабудзем доўга, і я табе раскажу…, і мы пабачым з розных бакоў…, і… яшчэ вернемся…” Я рэдка цяпер бываю на выстаўках, а калі бываю, дык сэрца сціскае адчуванне “сіроцтва” – няма побач майго надзейнага спадарожніка, гіда – які мог расказаць і пра карціну, і пра лёс мастака, і абняць за плечы цёплымі далонямі. І вакол трапляліся яму знаёмыя, з якімі радасна вітаўся і любіў пагаварыць.
       Многа ўвагі аддаваў і ўнукам, але тых сіл і магчымасцей ужо не было. Машачка, малодшая, хадзіла з ім у асноўным на мінскія выстаўкі. Мае бацькі здолелі забяспечыць Машы добрую адукацыю. Яна скончыла англійскую і музычную школы. Калі збіралася ўся сям’я (а гэта было часта – усе святы, дні нараджэння, або проста нядзеля), Машачка выконвала на піяніна “канцэрт па заяўках”, не абыходзілася без “Рэчанькі”.
       Бацька перажыў глыбокі боль, калі Маша першым разам не паступіла ў інстытут, і не дажыў да другой спробы, да шчасця, калі Маша паступіла і паспяхова вучыцца. Радасцей у апошнія 20 гадоў у яго было надзвычай мала. Па нашых з мамай ацэнках самы ўзлёт яго жыцця – гэта прыкладна 1956 – 1980 гг.
       Памяць зноў вяртае мяне ў лепшыя гады, у нашы святочныя, сямейныя зборы за сталом. Мама ўсе сілы ўкладала ў гэтыя застоллі. На Вялікдзень часта прыходзілі і татавы пляменнікі (пасха, куліч, пірог з яблыкамі, пафарбаваныя яйкі і ўсё як след). Абавязкова гулялі ў біткі. Звычайна пасля Машынага канцэрта тата чытаў нам вершы – новыя свае, ці класікаў, ці тое, што яму падабалася ў апошніх публікацыях. Ён “кіламетрамі” ведаў паэзію напамяць, памятаю – чытаў урыўкі з “Новай зямлі”, шмат рускай класікі. Яго фенаменальная памяць выратавала яму жыццё. Чытаў любімыя радкі Блока, Пастэрнака, Пушкіна, Багрыцкага, Святлова, Ахматавай, Кедрына, Сельвінскага, Слуцкага і многіх-многіх іншых. Часта чытаў напамяць Пастэрнакаўскае:
      Это – круто налившийся свист,
      Это – щелканье сдавленных льдинок,
      Это– ночь, леденящая лист,
      Это – двух соловьев поединок…

      Зазірнеш да яго ў пакой – працуе, мармыча, шэпча, крэсліць ці ляпае на машынцы. Ніколі не адштурхне, спытае, што трэба. Любіў акуратную работу. У старасці бедаваў, што робіць шмат памылак, калі друкуе. Забельваў, выразаў адну літару і акуратна наклеіваў на месца памылкі. Вось бы яму камп`ютэр – колькі б радасці ён атрымаў ад яго магчымасцей! Любіў добрую тэхніку і захапляўся чалавечым геніем.
       Зразумела, вельмі многа чытаў і нам расказваў, і даваў пачытаць, і потым абмяркоўвалі. Памятаю, з захапленнем даў мне пачытаць запіскі К. М. Сіманава «Глазами человека моего поколения». Ён любіў Сіманава, захапляўся ім, быў асабіста знаёмы, разам удзельнічалі ў святах паэзіі. Спытаў: “Ну як?” Я сказала, што цікава па фактах, але на маю думку не зусім шчыра, адчуваецца жаданне апраўдацца і абяліцца без пакаяння. “Я б назвала гэта «Глазами человека моего положения.” Спахмурнеў, ацямнеў, але спрачацца не стаў. Уздыхнуў: “Ты залішне катэгарычная.” Напэўна, ён не памыляўся. Памятаю вечар К. М. Сіманава ў зале Дома афіцэраў. Зразумела, што павёў нас бацька і непаўторнае, велізарнае ўражанне ад аўтарскага чытання “Ты помнишь, Алеша…”, “Жди меня”. Па-моему, лепш за самога Сіманава ніхто яго вершы не чытаў. Тое ж магу сказаць і пра бацьку. Ніхто лепш за яго вершы не чытаў – ні свае, ні чужыя. Чытаю зараз яго вершы і чую яго голас, інтанацыю, рытм, музычную мелодыю – мімаволі імкнуся трапіць у яго манеру.
       З асаблівай цеплынёю ўспамінаю, як у школьныя гады часта, амаль кожны тыдзень, наведвалі стары будынак СП на вул. Энгельса. Прагляд новых фільмаў, сустрэчы з рэжысёрамі (абавязкова, калі гэта “Беларусьфільм”), акцёрамі, пісьменнікамі і іншымі цікавымі асобамі. Выступаючыя любілі гэту адукаваную, добразычлівую, невялікую, “сваю” аўдыторыю і былі тут больш шчырымі і простымі. На ўсё жыццё запомніла сваё ўражанне ад сустрэч з С. У. Абразцовым, з лётчыкам Дзевятаевым. Дома абмяркоўвалі. Добрая была традыцыя, разумная – людзі бліжэй знаёміліся сем’ямі. Асабліва гэта было важна для нас. Пасля Сібіры на бацьку звалілася ўсё разам. Трэба было заняць пэўнае месца ў літаратуры, паставіць на ногі сям’ю, забяспечыць усім неабходным – жыллё, праца для мамы, увесці “сібірскіх дзікуноў” у сталічнае жыццё. Паказаць, праводзіць, навучыць, пазнаёміць. Стары дом СП вельмі дапамог яму і нам.
       Я паступіла ў шосты клас (пасля Сібіры), хоць бацькі вагаліся, ці пацягну. Справа ў тым, што школа была побач, праз плот, але там французкая і англійская мовы, а я вывучала нямецкую ў бацькавым выкладанні. Да і па-беларуску не ведала ніводнага слова. Настаўніца французкай мовы вучыла мяне дадаткова ў сябе дома ( бясплатна! - былі часы!). Бачылі б вы жах тых умоў жыцця яе сям’і. А на першай дыктоўцы па беларускай мове я спытала ў суседкі: “Што мне рабіць?” Яна параіла: “Як чуецца, так і пішацца”. У канцы дыктоўкі зазірнула ў мой сшытак і за галаву ўзялася. Я пісала: коска, кропка… Разглядаючы вынікі дыктоўкі строгая і мудрая Марыя Ісакаўна ўздыхнула: “Табе, дзяўчынка з Навасібірскай вобласці, трэба многа і дадаткова займацца. Ёсць каму дапамагчы?” Я кіўнула. Іншыя настаўнікі кінуліся “спачуваць і раіць”. – “Хай бацькі вызваляць ад вывучэння беларускай мовы”. Тата сумна ўсміхнуўся: “Нічога, дачушка, здолеем”. Мой дзённік падпісваў па-беларуску (наша “ў” кідаецца ў вочы.) Настаўнікі звярталі ўвагу, распытвалі: “Хто ж гэта такі?”
       Аднойчы, гэта было 1961 годзе, бацька сказаў, што сёння ноччу будуць здымаць помнік Сталіну з Цэнтральнай плошчы. Спытаў: “Пойдзеш са мною?” Не скажу, што мне вельмі хацелася, але адмовіць тату не магла. Была, здаецца, восень. Бліжэй да поўначы пачаліся работы. На плошчы сабралася шмат ваеннай магутнай тэхнікі – моцныя машыны, кран, салдаты, рабочыя, кіраўнікі аперацыі. Помнік быў велізарны, магутны, зроблены на стагоддзі. Можна сабе ўявіць, які фундамент. Мы залезлі на 3 паверх недабудаванага музея Айчыннай вайны. Былі там адны – ніхто нам не замінаў, і іншых гледачоў я не бачыла. Гэта была складаная аперацыя. Помнік некалькі разоў узрывалі, а ён стаяў, дым і пыл з дробнымі кавалачкамі абліцоўкі рассыпаліся, а ён стаіць, як заварожаны. Яго спрабавалі потым зваліць, сцягнуць хоць з пастамента. Накідвалі на шыю пятлю з металічнага троса і машына цягнула. Выла, захлыналася, трэслася ад напружання і …нічога. Стаіць! У бацькі ў вачах стаялі слёзы. Ён ціхенька мармытаў: “Няўжо я дажыў да гэтага? З усіх дажыў. Няўжо больш не вернецца? Не хоча пакідаць нас, ой, не хоча. Запомні, дачушка…” Мы прастаялі гадзіны дзве. Разумелі, што да раніцы ўсё павінна быць зроблена і прыведзена да ладу. Поспеху мы не дачакаліся, тата пашкадаваў “дзіця”. Раніцаю плошча была прасторная, чыстая, прыгожая, толькі сярод камянёў брукаванага насцілу вылучалася лата з новых камянёў.
       На ўсё жыццё запомніўся 1963 год. Сям’я падводзіла першыя вынікі свайго новага жыцця – даўжынёю ў сем год.
       Маці працавала ў адной з лепшых мінскіх школ (школа №50), брат – школьнік, я – студэнтка БДУ. А бацька не ўвайшоў, а ўляцеў у літаратуру. Шмат пісаў, перакладаў, друкаваўся, працаваў у рэдакцыях, актыўна ўдзельнічаў у грамацкім жыцці.
       Сям’я жыла у добрай кватэры ў цэнтры горада (і пражыла ў ёй 45 гадоў). А сем гадоў таму бацька прыехаў у Мінск у валёнках, танным, цяжкім паліто і быў, як кажуць – ніхто і зваць яго ніяк. Гэта быў чалавек страціўшы за 20 апошніх гадоў звычку гаварыць на поўны голас і, наогул, прыцягваць да сябе ўвагу.
       З нараджэння нас вучылі, што наша месца ў глыбокім ценю і …”чым цішэй, чым цішэй”.
       А 25 верасня мы адзначалі бацькава пяцідзесяцігоддзе. Поўная хата гасцей – родныя, сябры. Родныя - дачакаліся, сябры – дажылі. У большасці – такі ж лёс. Кіпы віншаванняў, у тым ліку, ад Саюза пісьменнікаў СССР, ад “Літаратурнай газеты” за подпісам Галоўнага рэдактара Чакоўскага. Колькі было цёплых, узнёслых, шчырых слоў, жартаў, пажаданняў! Госці весяліліся, быццам ім не па 50-60 гадоў, а па 20-30. Яны многае у свой час прапусцілі і быццам парываліся дагнаць. (Праз многа гадоў тата напіша “…Кім ты толькі не быў? Ды не быў маладым”).
       Усе “аднакашнікі” мелі працу, як кажуць “па спецыяльнасці”, жыллё, а галоўнае – радзіму і будучыню сваю і нашчаткаў.
       Вечная ўдзячнасць і памяць М.С.Хрушчову жыве у сэрцах нашай сям’і і, напэўна, большасці тых, хто з “таўром”. Мы, дзеці няволі, больш не былі людзмі трэццяга сорту. Праўда, аднойчы, адзін “кадравік у фрэнчы” нешта западозрыў, выпытаў і прымусіў мяне напісаць пра судзімасць бацькі ў анкеце. Тата сцямнеў і прыказаў: “Ніколі гэтага нідзе не пішы. Ты маеш на гэта права.”
       А лепшая частка нашага жыцця імкліва кацілася далей. Дом заўсёды быў поўны маімі сяброўкамі, не змаўкаў тэлефон – па тэлефоне рашалі задачкі, пісалі сачыненні. Тата забяспечваў вячэру. Мы за пісьмовым сталом з вялікаю талеркаю яблык, а тата цішком у “Сталічны”. І ўжо прысмакі на стале: “Дзяўчаткі, чай піць”. І праводзіць да дзвярэй, развітаецца. Калі я ўжо жыла асобна, сяброўкі часам забягалі ў “Дом на Ростанях”. І на вуліцы не абміналі. Абавязкова перадасць: бачыў Іну, ці Свету, ці Наташу – перадавалі…

       Кнігі

      Дзецям, унукам вельмі дапамагаў матэрыяльна, асабліва мне. Я жыла асобна, і каапэратыўная кватэра, машына, не кажучы пра “дробязі” – яго паслуга. Нават дачу дапамагаў будаваць, хоць рабілі мы гэта занадта позна, і ён там не бываў. Далёка і …“не Глуск”. Цяпер разумеем, што сядзібу трэба было рабіць у Глуску. Калі я бянтэжылася, не хацела браць грошай, казала, што яму ўжо столькі гадоў, а ён працуе як катаржны, і стан яго здароўя, і ён заслужыў адпачынак, ён адказваў: “Я ж не ўмею адпачываць. Я працую заўсёды. Мая праца – мая найвялікшая радасць. Я хачу, я павінен (!) яшчэ нешта зрабіць у літаратуры. Расказаць тое, што ніхто больш не ведае.” “Не зарабіць, а зрабіць”, – падкрэсліваў ён.
       А яго галоўны матэрыяльна набытак – кнігі. За жыццё сабраў 4 бібліятэкі. Першая загінула ў 1936 годзе. Другая – пры пераездзе ў Сібір з Урэчча ( частку кніжак мы з дзедам везлі, але па дарозе на станцыі Барабінск увесь наш багаж скралі – у асноўным кніжкі). Трэцюю бібліятэку пакінулі ў Сібіры – вывезці не было як і не было куды. “Ні кала, ні двара”. Казаў: “Усё, больш кніжак не купляю. Ёсць бібліятэкі…” Дзе ж ты?.. І ў Мінску сабралася пэўна 2,5 – 3 тысячы тамоў. Як ён іх любіў, цаніў добрую паліграфію, малюнкі, паперу. Кожную памятаў. Актыўна карыстаўся слоўнікамі, даведнікамі. Мы да яго звярталіся як у даведачнае бюро. Не любіў даваць кніжак “пачытаць”, як кажуць “аддаеш рукамі, забярэш нагамі”. Шкада, калі зусім не забярэш. Мне часта даставалася за “самастойнасць”. Пазычала кніжкі без бацькавага дазволу і гадамі не здолела іх вярнуць. А колькі не вярнулася ніколі! Ён мне ніколі не дараваў гэтага і папікаў часта. Памятаю толькі адзін выпадак, калі дараваў прапажу кніжкі. Я вучылася ў школе. Тата звярнуў увагу на прозвішча нашага выкладчыка гісторыі – Таўбін. Разгаварыўся і высветліў, што Барыс Ізраілевіч – пляменнік нябожчыка Юлія Таўбіна, таленавітага пісьменніка (паэта), сябра бацькі. Расказаў усё, што ведаў пра жыццё і трагічны лёс Юлія і перадаў пачытаць зборнік вершаў Ю. Таўбіна, выдадзены на хвалі “адлігі”. Папярэдзіў – толькі пачытаць, кніжка ўжо прайшла, і яе ўжо не купіш. Я добра памятаю гэту цьмяна-ружовую, у цвёрдай вокладцы кніжачку з партрэтам аўтара. Прайшло некалькі месяцаў. Кніжачка не вярталася. Бацька папрасіў напомніць. Разумею, што ён шкадаваў мяне, разумеў, што мне няёмка, але… Бедны Барыс Ізраілевіч – ён пачырванеў, як школьнік, і збянтэжана, гледзячы ў бок, прагаварыў: “Таня, клянуся, што гэта праўда. Кніжку ў мяне ўкралі, у настаўніцкай, з пісьмовага стала. Я спадзяваўся, што пачытаюць, пацікавяцца і пакладуць на месца. Але… Я вельмі вінаваты перад тваім бацькам.”
       Бацька выслухаў, уздыхнуў і …дараваў. “Можа, і сапраўды сцягнулі, а калі пакінуў сабе, дык папікаць яго за гэта грэх. Гэта можа адзінае, што застанецца ў іх ад дзядькі на ўспамін. Няхай. Ім – патрэбней.” Наколькі я ведаю, кніжка больш не выдавалася.
       У старасці бедаваў, казаў, што вы не здолееце захаваць кватэру, а бібліятэку выкінеце на сметнік. Пачаў сам уладкоўваць свае кніжкі; каля 1000 кніг паступова перадаў у Глуск, сотні з аўтарскімі аўтографамі ў архіў літаратуры.
       Зараз, прабягаючы міма роднага дома, я вымушаю сябе падняць вочы на некалі такія родныя вокны. Яны цяпер зусім іншыя і правае з боку не заве святлом настольнай лямпы, па абажуру якой ляцелі матылькі, якія ён зрабіў сам. З акна кухні мы пазіралі на праспект, чакаючы яго, і радаваліся, убачыўшы яго адметную сутулаватую постаць – некалі шпаркую, а ў познія гады – тупаў паціху, з кіёчкам.       Рэшткі бібліятэкі руплівасцю Лідзіі Сымонаўны Савік падаравалі Універсітэту культуры. Дзякуючы ёй, кіраўніцтву Універсітэта і яго супрацоўнікам, – уладкавалі, далі новае жыццё бацькавым кніжкам. Хай карыстаюцца людзі – можа ўспомняць добрым словам гаспадара. Сабе мы з Машай пакінулі маленькую частачку гэтай бібліятэкі. Частку кніжак узялі сябры. Сумую без іх. Яны захоўвалі пах яго пакоя – лекі, старая папера, адэкалон і ўспаміны, ўспаміны… У іх захаваліся яго заўвагі алоўкам, паперкі з запісамі, падкрэсленыя рыфмы і сказы.

      Каралішчавічы

   Бацька прыехаў у Мінск у 1956 годзе адзін, з мэтаю знайсці работу дзе-небудзь у Беларусі, зачапіцца і потым перавезці сям’ю. З бесконцай падзякай я ўспамінаю “цёцю Ўладзю”, кіраўніцтва СП таго часу і літфонду. Яны актыўна, добразычліва працягнулі яму (і такім як ён) руку дапамогі, уладкавалі на працу, хутка далі кватэры. А на першым часе бацьку адправілі ў Каралішчавічы – так вырашалася жыллёвае пытанне на першы час і была магчымасць чалавеку асвоіцца, пачаць працаваць. Бацька падрабязна піша пра гэты месяц у дзённіках. Першыя ўражанні, захапленні, радасці, падтрымка П.Броўкі і А.Вялюгіна, новыя знаёмствы. Каралішчавічы сталі яму другім домам на ўсё жыццё. Як ён іх любіў! Не ведаю, ці жыў хто-небудзь там больш за яго. Здаецца, па паўгода ў год. Дачы ў нас не было. Большую частку ім напісанага – зроблена там, асабліва ўсе буйныя рэчы – толькі там. У Каралішчавічах панавала нейкая сямейная утульнасць, дабразычлівасць, цеплыня. Гэта перавага малога дома з невялікім колам жыхароў . Асабліва мне падабалася наязджаць у Каралішчавічы на дзень-два зімою. Жылі адны пісьменнікі, без жонак, дзяцей і ўнукаў. Усе працавалі, ведалі хто над чым працуе, хто калі піша, калі адпачывае. З раніцы аматары хадзілі на лыжах, ляпілі фігуры са снега. Панавала ў доме цішыня. Увечары, пасля вячэры, часта збіраліся ў чыім-небудзь пакоі, чыталі напісанае, абмяркоўвалі, раіліся, разам прыдумвалі назву новай кнігі, проста размаўлялі. Я сядзела ціхенька і слухала. І зараз выразна бачу: прыехала, у незачыненым пакоі нікога, выходжу на алею, што вядзе ў сталовую. Якая яна прыгожая зімою! Высачэзныя старыя яліны ў снезе, як тунэль, а насустрач крочыць бацька, і ўся постаць усміхаецца. Душа поўніцца радасцю – прыгажосць, спакой і мой самы, самы… побач. Пасля пытанняў – адказаў, звычайна: “А ведаеш, мне тут добра працавалася, нешта зрабіў. Пачытаю, калі захочаш.”
       Колькі натхнённых старонак дзённіка прысвечана Каралішчавічам і яго жыхарам, з кім гуляў, з кім размаўляў, што даведаўся… На маю думку, цяжка пераацаніць важнасць гэтага пісьменніцкага дома. Была магчымасць працаваць у цішы, пакоі, у добразычлівай абстаноўцы, сярод блізкіх людзей, калег, аднадумцаў. Каралішчавічам прысвечаны яго вершы. А летам – іншае жыццё; жонкі, дзеці, унукі. Вогнішчы, шашлыкі, ягады, грыбы. Жабіны канцэрты. Шум, гам, дзіцячы тлум.
       Увосень збіраў апенькі і завальваў маму работай. Увесну “даіў” бярозавы сок. Рабіў акуратна, ашчадна і іншых вучыў. Каб ні кроплі не згубіць і дрэва не пашкодзіць.
       Калі ўжо было цяжка нагінацца за чарніцамі – знойдзе месца і нас кліча: “Абяры “купінку. А якія ж буйныя ды прыгожыя”. Развітваўся з глыбокім болем і шкадаваў усё жыццё, што Каралішчавічаў не стала.
       У “Іслачы”, мне здаецца, не склалася таго “пісьменніцкага братэрства”. Народу было шмат, шмат зусім чужых, нятворчых людзей. Заўсёды шум, гвалт, праблемы як бавіць час. Камфорт быў, а сямейнай цяплыні – не было. Бацька ладзіў кастрышча, лавачкі каля яго на беразе рэчкі. Іх нязменна разбурвалі, спальвалі на дровы. Можа б з цягам часу што-небудзь бы і ўсталявалася. Але часу, як пазней высветлілася, у Іслачы не было.
       Мы прыязджалі да яго, ён чытаў нам новыя вершы. З таго, што там напісана, асабліва люблю верш “Стары млын” – гэта ў Палачанцы. І шлях да яе любіў вельмі – старажытны, з камянёў. А наўкол добры лес. Дзіўна, як ён захаваў любоў да лесу на ўсё жыццё. 10 год лесапавалу, 6 год – у Сібіры, сярод тайгі, не страцілі гэтай любові. Любаваўся, шкадаваў кожнае дрэва. У Сібіры, калі будаваў нашу сядзібу, уздыхаў за кожнае дрэва. Многа ведаў пра лес і яго жыхароў і чытаў, дапаўняў веды. Меў энцыклапедыю, каб не наблытаць якіх звычак звяроў ці з’яў прыроды. У канцы жыцця каяўся перад дрэвамі: “О, колькі я іх спляжыў…”А валіў, пілаваў, калоў па-майстэрску – жыццё навучыла…
       Памятаю, у адну з апошніх яго паездак у Іслач мы прыехалі да яго ў дзень нараджэння. Гэта быў, здаецца, 1996 год. Андрэй вярнуўся з вельмі ўдалай, шчаслівай паездкі ў Францыю, купіў машыну. І мы з’явіліся цэлым “экіпажам”, з кветкамі, падарункамі, пачастункамі і кучай навін. Ён нас не чакаў, сумаваў. Мы спецыяльна не папярэдзілі, каб не чакаў і не хваляваўся. Накрылі стол, выпілі шампанскае. Андрэй расказвае пра паездку, паказвае мноства фотаздымкаў. Гаворым: “У нас навіна. Але не хвалюйся, добрая, нават вельмі добрая. Адгадай!” Ён думае, загадзя радуецца і гаворыць: “Андрэй жэніцца”. Не ўгадаў. Вядзем паказваць машыну, якую паставілі за вуглом. Ён прымерваецца наперадзе, Андрэй робіць “праездку”. Бацькі шчаслівыя. Унук адслужыў армію, скончыў інстытут, працуе – становіцца на ногі. Яму так хацелася ганарыцца дзецьмі і ўнукамі, але мы, на вялікі жаль, вельмі рэдка радавалі бацькоў. На маю думку, для кожнага чалавека шчасце – гэта тое, чаго яму вельмі хочацца, а дацягнуцца не можа. У каго здароўя, у каго дабрабыту, у каго кахання, у каго таленту ці поспехаў, у каго-та дзяцей, якімі можна ганарыцца. Той дзень усе мы запомнілі, як шчаслівы, радасны, хоць у Іслачы ўжо было пуста, бязлюдна. Дух пустэчы ўпаўзаў у раскошны дом. Адчувалі, што не за гарамі развітанне і з гэтым домам. Тата чытаў новыя вершы…


       Сібір

   У Сібіры мы пражылі 6 гадоў, але памятаем яе ўсё жыццё. Яно было непадобнае на да… і пасля… Там сям`я склалася, у мяне нарадзіўся брат Аляксандр, тата пабудаваў нам хату і пры ёй было ўсё, што належыць вясковаму быту. Хату дапамаглі пабудаваць нашы сябры. Гэта была адзіная ў нашай акрузе хата, пабудаваная “ссыльнымі” і амаль што адзіная поўная сям`я. З намі быў нават дзед, Міхал Андрэевіч, мамін бацька. Ён скрасіў наша сібірскае дзяцінства так, як звычайна дзядулі-бабулі. Любіў, дараваў, песціў. Бацькі працавалі ў школе. Бацькава выкладанне было незвычайнаю з`яваю ў нашым асяроддзі. Нават пасля поўнай рэабілітацыі ў 1955 годзе яму не далі магчымасць працаваць у школах Беларусі. А тут… Тры гады запар маці ўладкоўвала яго ў школу з дапамогаю вышэйшых абласных кіраўнікоў. Дзякуй ім вялікі. У любым асяроддзі, як кажуць, ёсць людзі і людзі.
       Яму б сядзець цішком у “сваіх” прадметах (нямецкая мова, маляванне, чарчэнне). Аж не! Яго дзейная, творчая натура брала сваё. Ён быў лідэрам, арганізатарам, творцам па сваёй істоце, усё рабіў лепш за ўсіх і па-свойму. Рабіў з азартам, радасцю. Арганізаваў сапраўдны дзіцячы тэатар, у якім яго выхаванцы ўсё рабілі самі – здабывалі “сыравіну”, рабілі дэкарацыі, шылі касцюмы, ігралі ў спектаклях, пелі, танцавалі і г.д. Адкуль ён сам гэта ўмеў? Калі і дзе навучыўся? Памятаю, як рабіў вельмі выразныя навагоднія маскі. Гэта была складаная і доўгая тэхналогія. Ён добра ляпіў з гліны, з пластыліну, з хлеба… А дзе ўзяць матэрыялы? Нічога ж нельга купіць! Кожны цвік і кавалак старызны быў на ўліку. Многіх зайздроснікаў гэта раздражняла. А іх з мамаю якасць выкладання, асабліва ў параўнанні з мясцовымі настаўнікамі! Многія з іх нідзе не вучыліся наогул. У нашай школе быў вельмі добры дырэктар – Пуцін Яўген Паўлавіч. Абаяльная асоба. Ён спачуваў бацькам і засланяў, аберагаў іх і ад “верху”, і ад “нізу”. Мы яго памятаем усё жыццё. Дарэчы, і ў Мінску маці была адной з лепшых настаўнікаў-матэматыкаў.
       Як многа бацька даў гэтым пасляваенным дзецям (большасць – безбацькавічы і дзетдомаўскія). Галодныя, адны “пімы” на ўсіх. У школу – па чарзе. Бацька адчыніў ім новы, дзівосны свет – свет казкі, прыгажосці, дабра, любві. Яны яго паважалі, любілі і наогул хадзілі за ім цугам. Ён з імі з рання і да ночы, і ў нядзелю таксама.
       Былі, зразумела, любімыя вучні, за лёсам якіх ён назіраў яшчэ многа гадоў здалёк і ганарыўся імі.
       Здавалася, што ён умеў усё: рамантаваў наш абутак, бясконца падшываў мае ”пімы”, даглядаў скаціну, агарод. Летам мама надоўга ад`язджала – яна вучылася ў завочным інстытуце, таму што не паспела скончыць перад вайною. Бацька круціўся з двума дзецьмі і з гаспадаркай адзін.
       Не памятаю, каб мама хадзіла ў ягады ці ў грыбы. Ёй было не да таго. У ягады мы хадзілі з бацькам удваіх, хоць ён не вельмі любіў іх збіраць. Але была магчымасць палюбавацца лесам, душа адпачывала. Зрэдку яны з мамаю выбіраліся ў лес побач з домам, удваіх. Садзіліся на палянцы і пелі дуэтам, лячылі душу.
       Успамінаю свой сібірскі лесапавал. Мне 10 гадоў. Школа нас вядзе ў лес, на нарыхтоўку дроў. Памятаю і сваю норму – 1 м. куб. гатовых дроў, складзеных у паленіцу. Зразумела, што працавалі малыя пад наглядам старэйшых школьнікаў. Я радуюся, я ўжо вялікая, я – як усе. І чую, як тата паціху, сумна гаворыць маме: “Вось і мая дачка ідзе на лесапавал”. У яго сціскалася сэрца. Норму маю выканалі яго вучні, старэйшыя хлопцы, але і я вельмі старалася. Было так цікава!
       Аднойчы хтосьці са старэйшых сябровак спытаў мяне: “Чаму твой бацька носіць ваду?” Ваду бралі з рэчкі – гэта няблізка, цяжка, высокі бераг. Я ніколі не звяртала на гэта ўвагі. Носіць і носіць памногу рэйсаў на дзень, па два вядры адразу на каромысле, як сібірачкі. Мне растлумачылі, што гэта адзіны мужчына у вёсцы, які робіць гэту работу. Вёска паважала гэтую “з`яву”. Калі ён паехаў у Мінск, сярод зімы, ох і напакутваліся мы з мамаю з-за вады! Бацька рабіў сякераю прыступкі праз увесь узгорак, а нам гэта было не пад сілу. Мы набіралі адно вядро вады і недзе на сярэдзіне ўзгорка падалі і каціліся разам з вядром назад да рэчкі. Прыступкі пакрываліся коркаю лёду, і мы каціліся зноў і зноў.
       Наша калонія “ссыльных” жыла вельмі дружна. Такіх інтэлігентных, добразычлівых, верных сяброў я больш ніколі не сустракала. Збіраліся часта. Асабліва ўтульна было ў маленечкай хатцы Ганны Якаўлеўны і Элы Рыгораўны. Эла Рыгораўна была першым сапраўдным урачом ў мясцовай бальніцы. Вёска наша і ўсе навакольныя маліліся на яе. Збіраліся людзі рознага ўзросту, адукацыі, традыцый і знаходзілі агульную мову, і гэта яднанне дапамагло выжыць і ўпрыгожвала наша жыццё.
       У першыя гады не было радыё і электрычнасці, пры лямпе збіраліся за сталом , абмяркоўвалі навіны мясцовыя і з “вялікай зямлі”, смяяліся і пелі. Як цудоўна яны пелі! Натхнённае выкананне “вечных” песень я чую і сёння. Як цяпер бачу бацькаў твар, калі ён запявае “Выхожу один я на дорогу” ці сваю любімую “Вечерний звон, вечерний звон…”, а Эла Рыгораўна і астатнія падпяваюць: “Бом, бом, бом, бом…”
       Такая ж калонія склалася і ў нашым райцэнтры “Севернае”. І там быў “заезны дом і клуб” адначасова. І там дзве немаладыя жанчыны кіравалі гэтым “караблём”. Цяпер з мамаю ўспамінаем і дзівімся, як яны без працы (а значыць, і без зарплаты) вытрымлівалі гэта? Усіх “сваіх” праязджаючых праз “Севернае” прыняць, накарміць, усяліць надзею. І ўсё з такой радасцю, быццам гэта ты ім робіш ласку і гонар, што заехаў, адведаў, расказаў, выслухаў. Гэта братэрства ячшэ бацькавых лагерных “аднакашнікаў” захавалася на ўсё жыццё.
       Куды б я, ужо дарослая, не збіралася ехаць на адпачынак ці ў камандзіроўку, бацька ўспамінаў, хто з “сваіх” жыве ў Сухумі ці ў Казані і даваў ліст. У той дом можна было заўсёды пастукацца.
       Аднойчы, недзе ў 90-х, я пачула ад бацькі “гэта праклятая Сібір”. Я пакрыўдзілася. Пераканана, што сказаў ён “у запале”, з гарачкі. Гэта няволя праклятая, а Сібір – цудоўная. Бацькі там перажылі шмат цяжкасцей і знявагі спачатку, але ўсё перамаглі з гонарам. Сібір паважае асобу, а не анкету і ўмее цаніць сапраўднага чалавека. Так было ў тыя часы. Бацькоў там паважалі, цанілі, любілі, дапамагалі ім ад сэрца і памятаюць да гэтага часу. Там мы сустрэлі лепшых людзей, сяброў. Мы былі там па-свойму шчаслівымі. Жылі дружна, цікава, разам. Успамінаем Сібір з любоўю і цеплынёю ўсё жыццё.
       Там назаўсёды застаўся наш любімы дзядуля Міхаіл Андрэевіч.

      Вечары ў “Доме дружбы”. Свята ў Глуску.

      Бацьку вылучала высокая прафесійная эрудыцыя, фенаменальная памяць, здольнасці да музыкі, жывапісу, скульптуры, да замежных моў.
Чытаў практычна ўсю выдаваемую ў Беларусі мастацкую літаратуру, асабліва паэзію і імкнуўся ўхваліць, адзначыць лепшае, параіць і проста сказаць: “ З задавальненнем прачытаў…” Разумеў, як неабходна падтрымка аўтару. Яго талент набіраў сілу з гадамі, і лепшае ён напісаў у старасці. Ён выкарыстаў усе гады і дні са свайго жыцця па поўнай мерцы. Лічыў абавязкам расказаць пра недажыўшых сяброў і іх час, пра свой народ, культуру, мову, прыгажосць роднай зямлі. Не стамляўся паўтараць, што беларуская мова – ключ да разумення ўсіх славянскіх моў. “Вы не згубіцеся і не разгубіцеся ні сярод палякаў, ні славакаў ці сербаў – зразумееце, што кажуць, і вас разумеюць”. Працаваў, працаваў, працаваў… У апошнія гады, бывала, скажа: “Усё! Больш не магу і не хачу пісаць. Мабыць, гэта была апошняя публікацыя. І каму гэта трэба, хто гэта надрукуе і прачытае?” Ці так: “Усё! З паэзіяй скончана. У маім узросце пісаць вершы ўжо непрыстойна. Буду пісаць толькі прозу.” І мы не пярэчылі. “Адпачні. Колькі ж можна працаваць?” І думалі, можа, і сапраўды хопіць – навошта ж губіць узровень? Усё ж узрост… І раптам – знік боль, парадавалі дзеці-ўнукі, выглянула сонейка – і зноў паліліся вершы – лепшыя, мудрыя, глыбокія. Як “Саксафаніст”… “на рыначным стракатым фоне іграў заслужаны артыст на саксафоне…”
       Яго майстэрства патрабавала штодзённай трэніроўкі, і калі не пісалася сваё, ён з захапленнем і вялікай адказнасцю перакладаў. Наогул ён вельмі беражліва, уважліва і адказна ставіўся да чужога верша. Гэта дакрананне да новай думкі, культуры, філасофіі і азарт – засвоіць і зрабіць гэтую каштоўнасць бліжэй да сваёй культуры. Душу ўкладаў у пераклады. Блок, Пушкін, Гамзатаў, Шэфнер, Браун, Дудзін, Варанько і іншыя – украінскія, літоўскія, грузінскія і іншыя паэты.
       Шмат старонак дзённікаў прысвечана яго разважанням пра пераклады – майстэрства, адказнасць, разважанні – вельмі цікава. Месяцамі ён дапрацоўваў пераклады сваіх вершаў на рускую мову, зробленыя расійскімі паэтамі. Спрачаўся, сварыўся, але дамагаўся свайго – “дабіваў” – як ён казаў. На мой погляд, ніводзін пераклад яго верша не дасягнуў узроўню арыгінала, нават калі ён рабіў пераклад сам. Некуды знікала (ці ліняла) мелодыя, магія, цуд, дзівосны свет верша.
       З вялікай павагай ставіўся да працы калег. У дзённіках з жалем і болем піша, што некага забылі, не выдаюць, не ўспамінаюць, а гэта паэт еўрапейскага ўзроўню, ім бы ганарыцца…
       Хадзіў амаль на ўсе творчыя пісьменніцкія вечары, часта прымаў удзел у падрыхтоўцы, выступаў сам. Заўсёды старанна рыхтаваўся. Слухачы чакалі менавіта яго выступленняў – змястоўных, цікавых, паэтычных, эмацыянальных. Абураўся, калі пісьменнікі не наведвалі творчых вечароў, ставіліся абыякава да значнай падзеі ў жыцці юбіляра. Абыякавасці не цярпеў, не дараваў нікому. У дзённіках піша, здаецца, аб усіх творчых вечарах, і тыповы запіс выглядае так: падрабязна апісвае сцэнарый вечара, даклад, хто і як выступаў, што было цікавага, вартага ўвагі, ацэньвае аўдыторыю і … колькі было пісьменнікаў, нават звычайна пералічвае прозвішчы.
       Ён аб`ехаў усю вялікаю краіну, часта бываў членам дэлегацый на днях літаратуры. Літва, Латвія, Украіна, Далёкі Усход, Сярэдняя Азія, Някрасаўскія, Пушкінскія, Ясенінскія дні. Юбілейныя вечары па ўсіх кутках Саюза. Старанна і грунтоўна рыхтаваўся. Звычайна меў поспех. У дзённіках падрабязна апісвае гэтыя вандраванні. Вяртаўся натхнёным, узрушаным, памаладзелым і апавяданням не было канца – новыя знаёмыя, лёсы, уражанні, быт, сустрэчы з чытачамі. Знаёмствы з калегамі прыносілі новыя пераклады, новыя імёны чытачам. Гэта быў шчаслівы кавалак яго жыцця.
       На мой погляд, яго пісьменніцкі лёс унікальны для Беларусі. Пісьменнік, які пражыў амаль 90 гадоў, амаль увесь ХХ век, і працаваў, і друкаваўся да апошніх дзён. Быў знаёмы практычна з усімі беларускімі пісьменнікамі-сучаснікамі і іх творчасцю. Працаваў больші 75 гадоў у літаратуры (з перапынкам у 20 гадоў), а пачаў фактычна ў 43 гады. Выдаў больш 60 кніжак, мноства публіцыстычных артыкулаў, працаваў ва ўсіх жанрах, гадамі вёў адукацыйна-літаратурныя праграмы на тэлебачанні (“Літаратурная Беларусь”), быў пастаянным аўтарам на радыё, выступаў ва ўсіх кутках Беларусі з паэтычным словам. Яго запрашалі часта і ён лічыў, што не мае права адмаўляцца. “Хто – калі не я, не мы – пісьменнікі?”
       Яго грамадская пазіцыя была яго істотаю. Гэта яго горад, яго краіна. “Я павінен, я абавязаны!” Яго памяць беражліва захоўвала даваенны Мінск, і Мінск новы быў яго лёсам. Яго намаганнямі ў Мінску ёсць вуліцы Лесі Украінкі і Сяргея Мяржынскага.(Дарэчы, яго намаганнямі адноўлены Акцябрскі раён і праслаўлена Рудабелка. А Наваполацк…)
       Ён адзін з аўтараў бадай што першай пасляваеннай грунтоўнай кнігі “Мы раскажам пра Мінск”. З чатырох аўтараў ён апошнім пакінуў гэты свет.
       Сябраваў з архітэктарамі, мастакамі, скульптарамі, кампазітарамі. Яму ўсё было цікава. Ён умеў захапляцца, здзіўляцца, любавацца да глыбокай старасці. Пабудавалі ў Мінску метро – ён сярод першых пасажыраў, у 6 гадзін раніцы. Усё дасканала агледзеў. Захапленню і гонару няма канца. Захлынаецца, быццам першы раз у жыцці метро бачыць. Але ж гэта метро ў яго родным Мінску! ”А я ж яго памятаю…” Праз месяц пасля пуску метро пытае ў нас з мужам: “Ну як? Не бачылі?!.. Марш зараз жа і вяртайцеся сюды. Раскажаце.”
       У яго не было ніводнага творчага вечара ў Саюзе пісьменнікаў. Ён кожны раз у юбілейныя даты гаварыў: “Мне прапанавалі, але я адмовіўся.” Зараз думаю, чаму? Хто ведае, можа, ён баяўся болю, крыўды, расчаравання, калі нешта не атрымаецца, ці не прыйдуць людзі, ці прыйдуць не тыя… Мала што…Але нябожчык А. М. Ваніцкі (хай зямля яму будзе пухам, і ляжаць яны зараз побач) – старшыня “Дома дружбы”(як зваў гэтую установу калісьці ўвесь Мінск) прапанаваў яму зрабіць вечар з нагоды яго 70 гадовай творчай дзейнасці. Гэта быў 1996 год, бацьку – 83 гады. Якая мудрасць і які такт! “Не адкладай сустрэчу на пасля.” І зрабілі вечар –раскошны, вытанчана-прыгожы, варты яго асобы. Цікавыя госці, прадстаўнікі пасольстваў, пісьменнікі, студэнты…Вяла вечар Раіса Баравікова. Цудоўны невялікі канцэрт, выступленні пісьменнікаў, віншаванні, шампанскае, кава, мора кветак. Такіх букетаў па раскошы, памерах і густу я не бачыла ніколі. На ўсякі выпадак я рыхтавалася сказаць слова, але мне не прапанавалі. Потым расказала бацьку, ён бедаваў: “Хай бы ты мне падсказала. Я б арганізаваў.” Яму патрэбны былі мае словы. Пасля вечара мы, як хадзячыя клумбы, пешшу праводзілі бацьку да яго дома. З ім побач новы знаёмы – Рымскі Генадзь Васільевіч. Асоба унікальная, вучоны-кібернэтык сусветнага ўзроўню, прафесар, доктар навук, акадэмік. Яны не могуць нагаварыцца. Да ўсіх сваіх талентаў Генадзь Васільевіч захоплены беларускай паэзіяй і займаецца яе перакладамі на рускую мову. Бацька – з яго любімых аўтараў. Генадзь Васільевіч паспеў выдаць вялікі том сваіх перакладаў; бацька шмат яму дапамагаў. Гэта было апошняе бацькава сяброўства. Па ўзросту Рымскі належыў да пакалення сыноў, але на Усходнія могілкі ён пайшоў раней за бацьку…
       А ў тыя дні мы сціпла адзначалі дома бацькаў 83-і дзень нараджэння. Я падаравала яму падрыхтаваны “мадрыгал”. Ён быў крануты, задаволены і пытаўся: “Ты і сапраўды так думаеш?”
       Праз два гады ўстанова А. М. Ваніцкага зноў падрыхтавала вечар у гонар 85 гадовага юбілею С. І. Грахоўскага. Зноў раскошны і вельмі цёплы, і прыгожы, і ўрачысты вечар на высокім узроўні і… непадобны на папярэдні. Як гэта няпроста – зрабіць зноў выдатна і не паўтарыць таго, што ўжо было. І тут творчы падыход да справы. Вяла вечар Вольга Міхайлаўна Іпатава. Бацька любіў і ганарыўся ёю. Гаварыў: “Мая выхаванка.” Мне прапанавалі слова. Не памятаю, што я гаварыла, але чытала яго новы верш, які мне палюбіўся адразу, “Мой лепшы твор.”
       Якімі скупымі пры жыцці былі мы на добрыя словы! Як проста было зрабіць яго жыццё хоць крышку святлей і радасней! Як мала яму было трэба ад нас і якімі мы былі чэрствымі!
       Усё жыццё ён цягнуўся ў сваё “мястэчка, мястэчка…”(гэта рэч, здаецца, не ўвашла ні ў адзін яго зборнік). Глуск, у якім ён правёў сваё дзяцінства і пакінуў у 17 год, быў увасабленнем шчасця, прыгажосці, юнацтва, маралі і духоўнасці. Ён часта паўтараў: “У Глуску казалі так, ці рабілі так, ці лічылася так…” У Глуску існавала найвышэйшая адзнака чалавечай годнасці: ”совесны чалавек.” Амаль кожны год, улетку ці ўвосень, як журавель у вырай, ён наязджаў у сваё мястэчка, наведваў магілу маці, старыя і новыя магілы сваіх равеснікаў, знаёмых. Траціў сяброў свайго юнацтва, а потым сябраваў з іх дзецьмі і ўнукамі. Напрыканцы жыцця вакол яго зноў склалася асяроддзе глусчан – Навум Сандамірскі, Слава Захарынскі, журналісты, знакамітыя ўрачы і проста глусчане, якія, як вядома, усе родзічы. А глуская зямля ганарыцца і беражэ памяць аб сваіх земляках і падтрымлівае іх, як сапраўдная маці, усё жыццё. Само ж нічога не робіцца, як вядома. “Чырвоныя ветразі” нехта павінен зрабіць. Раённая адміністрацыя ўкладае сродкі і сілы, і час на падтрыманне гэтых сувязей з землякамі і робіць вялікую і пачэсную справу. Глускія школьнікі ведаюць сваіх землякоў і ведаюць у якія “сталічныя” дзверы пастукацца і назваць пароль “Я з Глуска”. Малая Радзіма рэгулярна збірае сваіх землякоў, і гэтыя сустрэчы робяцца святамі. Глусчане ўшанавалі бацькаву памяць так, як ён і не марыў. Да яго 90-годдзя Глуск падрыхтаваў вялікае шматлюднае свята. У цэнтры мястэчка ўстаноўлена велічная мемарыяльная дошка, за якой раскінуўся парк. А міма дошкі цягнецца бульвар імя Грахоўскага С. І. Прыехалі на свята пісьменнікі Іпатава В. М., Савік Л. С., Л. І. Рублеўская, Шніп В. А., з’ехаліся знакамітыя землякі з усёй Беларусі. Гасцей урачыста прымаў старшыня райвыканкома Мікалай Паўлавіч Дзядзюля. Пісьменнікі выступалі ў школах, потым адбыўся вялікі ўрачысты мітынг – адкрыццё мемарыяльнай дошкі, апладысменты скульптару П. І. Луку, прамовы, урачыстае і вельмі прыгожае набажэнства і вялікі канцэрт у мясцовым кінатэатры з удзелам усіх гасцей. Да мяне падыходзілі людзі, прасілі аўтографы, (хоць кніжак яго ўжо даўно не было ў продажы – не выдаваліся) і расказвалі, адкуль прыехалі. Папрыязджалі з навакольных вёсак. Маладая, прыгожая, элегантная жанчына, настаўніца расказала, што прыехала здаля з двума дзецьмі “на перакладных”. Сказала, што яна вялікі аматар бацькавай паэзіі.
    Кветкі, падарункі, пачастункі – усё на вышэйшым узроўні. Нізкі паклон землякам і кіраўніцтву Глускага раёна ад нашай сям’і. Які жаль, што бацька не дажыў да гэтага свята ўсяго некалькі месяцаў. Святую справу зрабілі глусчане. Лічу, што беларуская зямля можа ганарыцца такім сынам, а беларуская літаратура – такім пісьменнікам. А ўшанавала яго памяць па-сапраўднаму, шырока і шчыра – яго “мястэчка, мястэчка…”

      Эпілог

      У канцы лістапада 2002 г. раніцаю ў суботу пазванілі ў дзверы. Я была ў бацькоў і адчыніла. Стаялі маладыя хлопчыкі з гваздзікамі – пыталіся пра бацьку, тлумачылі, што яны з гуманітарнага ліцэя – прыйшлі яго павіншаваць з Днём нараджэння. “Дык гэта ж было два месяцы таму”, – кажу я.” - А мы прачыталі ў даведніку…” Нічога не зробіш. Бацька дрэнна сябе адчуваў, вельмі дрэнна, нават яшчэ не ўставаў. Прашу пачакаць. Ён прыводзіць сябе ў парадак. Мы абодва бурчым на хлопцаў, што не папярэдзілі, не пазванілі. Яны, бедныя, збянтэжана маўчаць. Нарэшце заходзяць да яго, пачынаецца гаворка, ён патроху ажыўляецца, ведае іх настаўнікаў, распытвае, расказвае і ажывае на вачах. Напрыканцы мы ўсе задаволены сустрэчай і ўдзячны гасцям. Хлопцы робяць некалькі фотаздымкаў і абяцаюць прыслаць фотакарткі. Сапраўды, праз які тыдзень прыслалі вельмі добрыя фотаздымкі, газету з падборкай яго лепшых ранейшых вершаў і расказам пра сустрэчу і подпіс: Глеб Лабадзенка. Бацька сказаў: “А ў іх добры густ”. Гэта была бацькава апошняя прыжыццёвая публікацыя і апошнія фотаздымкі. Ён падпісаў іх сам: “Апошні год працы і жыцця”. Я памятаю гэтых хлопчыкаў з вялікай удзячнасцю і прашу прабачэння за халодны прыём. Я памятала пра іх і на пахаванні і шкадую, што не знайшла іх, хоць і імкнулася.
       7 снежня, у суботу, я была, як і кожны вольны дзень, “на Чырвонай”. Бацька дрэнна сябе адчуваў і, стоячы ў дзвярах свайго пакоя, цвёрда сказаў: “Вазьмі, дачушка, мае ключы ад хаты, больш яны мне не спатрэбяцца”. Я не стала пярэчыць, каб лішне не хваляваць яго. А ў сераду, 11 снежня раніцаю, адчыніла бацькоўскую кватэру яго ключамі, але ўпершыню не пачула звычайнага : “Дачушка мая прыйшла”. Больш ніколі ніхто так мяне не назаве.
      Апошнія распараджэнні і словы развітання былі акуратна складзены ў канверт, які стаяў у цэнтры яго стала. Ён і развітаўся з намі вершамі.
      Бацька пахаваны на Усходніх могілках, дзе столькі яго сяброў. Ён казаў пра гэтыя клады: “Гэта ж нашы літаратурныя масткі”. Пры жыцці ён часта бываў тут і на Вайсковых могілках – абыходзіў усіх знаёмых, трошкі падмятаў, папраўляў, а калі выпадалі спадарожнікі – рабіў цэлую экскурсію. Героі гэтай экскурсіі былі людзьмі вядомымі ў Беларусі – палітычныя дзеячы, дзеячы культуры. Добра, што нехта аднойчы зняў такую экскурсію на касету. Мы ніколі не ў’яўлялі сабе, што на радыё і на тэлебачэнні так мала захавалася ад соцен яго выступленняў.
      З яго ўзгорка бачыш яго любімы лес, побач шуміць яго родны горад. Бываючы, заўсёды чытаю яму яго вершы ўголас, то з кніжкі, то напамяць. Ён часта горка папікаў нас: “Вы ж нічога майго не чытаеце і не ведаеце”. Праўду казаў… Цяпер радкі яго вершаў бясконца мрояцца ў маёй галаве, і я іх пастаянна шукаю па кніжках – каб перачытаць верш цалкам і спрабую запомніць. У мяне ёсць папка, на якой напісана: “любімыя вершы”, і я яе папаўняю. Чытаем заўсёды, калі збіраюцца ў мяне рэшткі нашай сям’і, а часам парадуе ўнучак радкамі прадзеда Сяргея:
      “На высокіх тонкіх лапках
      Ноччу ходзіць сон у тапках,
      Над сабой трымае ён
      З ясных зорак парасон…”

Люты – сакавік 2006г.

Таццяна Грахоўская

©2010-2010, Таццяна Грахоўская. Усе правы абаронены.