Беларускі паэт, празаік, перакладчык
Сяргей Іванавіч Грахоўскi
Артыкулы. Жыцццё і творчасць
ГалоЎная
Біяграфія
Бібліяграфія
Артыкулы. Жыцццё і творчасць
Галерэя
АрхiЎ
Сувязь з наведвальнiкамi
Вершы
Паэмы
Пераклады
Проза
Успамiны. Публiцыстыка
Дзiцячая лiтаратура
АЎдіа запiсы
      Лідзія Савік

      "Чалавек i эпоха ў творах Сяргея Грахоўскага"

      Сяргей Іванавіч Грахоўскі – паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, крытык – адзін з тых святых пакутнікаў, чый жыццёвы шлях быў азмрочаны дзесяцігоддзямі сталінскага Гулагу. Творчасць гэтага таленавітага паэта, а быў ён найперш паэт, вызначаецца ў беларускай літаратуры незвычайна плённымі і важкімі мастацкімі дасягненнямі ў самых розных жанрах і гэта пры тым, што пачаў ён сябе сцвярджаць у прыгожым пісьменстве кнігай вершаў сімвалічнай назвы “Дзень нараджэння”, выдадзенай толькі ў 1958 годзе, ужо пасля рэабілітацыі і праз 32 гады пасля публікацыі першых спроб пяра ў 20 – 30-я гады ў рэспубліканскіх перыядычных выданнях (“Беларускі піянер”, “Маладняк”, “Вясна”, “Беларусь калгасная”, “Чырвоная змена”).
      Лепшыя маладыя пары многіх беларускіх талентаў, якія толькі ўваходзілі ў літаратуру перамалола бязлітасная дыктатура, молах нечуванага вынішчэння і падаўлення чалавечай асобы, пад які без аніякай віны трапіў і дваццацітрохгадовы паэт. Але моцны духам і любоўю да бацькаўскай зямлі, якая, негледзячы на нявольніцкую сібірскую далеч, жыла ў сэрцы, Сяргей Іванавіч выжыў, выстаяў, з годнасцю вярнуўся ў літаратуру і да апошніх сваіх дзён не страціў высокага творчага гарэння, пакінуў нам глыбоказмястоўныя вершы, паэмы, апавяданні, аповесці, эсэ, пераклады, успаміны, дзіцячыя творы, крытычныя артыкулы пра развіццё сучаснага літаратурнага працэсу, вострапраблемную публіцыстыку. За сваю грамадскую і літаратурную дзейнасць быў уганараваны званнем “Заслужаны работнік культуры Беларусі” (1983), стаў лаўреатам Літаратурнай прэміі імя А.Куляшова (1983, за кнігу паэзіі “Асеннія гнёзды”), лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі (1992, за кнігу “Споведзь”).
      Сяргей Іванавіч пражыў цікавае жыццё, багатае на выпрабаванні, сустрэчы, творчыя дасягненні, розныя падзеі, сведкам і ўдзельнікам якіх быў на працягу амаль усяго XX стагоддзя, бо нарадзіўся ён 12/24/ верасня 1913 года, а адышоў у вечнасць у снежні 2002 года.
      Дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі ў мястэчку Глуск, на радзіме маці. Пазней пісьменнік апаэтызуе гэты цудоўны, прыгожы гарадок на беразе Пцічы ў шматлікіх вершах, напіша прачулыя ўспаміны пра свае родныя мясціны, людзей, што тут жылі, добрым, цёплым словам узгадае сваіх сяброў, з якімі разам вучыўся, пачынаў спасцігаць тайны і прыгажосць паэтычнага слова (“Мястэчка… мястэчка”, “Полымя”, 1992, №2). Як па старонках гісторыі крочыш разам з аўтарам па вуліцах і ваколіцах мястэчка, задумваючыся, стоячы на беразе ціхаплыннай Пцічы, хто і калі першы тут спыніўся, “загледзеўся, залюбаваўся наваколлем, заначаваў пад зорным небам?..”
      Адсюль, з гэтага дарагога сэрцу куточка, ад родных вытокаў павялі будучага паэта шляхі-дарогі ў вялікае жыццё. Працаваў пасля глускай школы на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, далучыўся да мясцовай філіі “Маладняка”, якой кіраваў Міхась Лынькоў – тагачасны рэдактар бабруйскай газеты “Камуніст” – і які першы заўважыў талент юнака, надрукаваўшы яго верш “Восень”, напісаны пад уплывам паэзіі Пушкіна, Ясеніна, Блока, кнігі якіх Сяргею Грахоўскаму дарыў ягоны стрыечны брат, паэт Янка Бобрык. Міхась Лынькоў падтрымліваў маладога аўтара і пазней, калі яны абодва жылі ў Мінску.
      Скончыўшы літаратурны факультэт Мінскага вышэйшага педінстытута (1935), Сяргей Грахоўскі працаваў рэдактарам на беларускім радыё і выкладчыкам на рабфаку Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Увайшоў у самы цэнтр літаратурнага жыцця, пазнаёміўся і пасябраваў з многімі беларускімі пісьменнікамі. Пра гэты перыяд сваёй ранняй творчасці пазней напісаў кнігу “Так і было” (1986), дзе паўстаюць маладыя, незабыўныя – Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Міхась Лынькоў, Уладзіслаў Галубок і яго тэатр, Барыс Мікуліч, Пятрусь Броўка, Язэп Пушча, Аркадзь Куляшоў, Уладзімір Дубоўка, Юлі Таўбін, Васіль Вітка, Уладзімір Хадыка, Васіль Шашалевіч, Лукаш Калюга, Алесь Пальчэўскі, іншыя пісьменнікі, трывожная эпоха 30-х гадоў.
      Паэтычны юнацкі ўзлёт быў раптоўна абарваны 19 кастрычніка 1936г. (Дарэчы, лічба 19 стала знакавай у яго біяграфіі). Сяргей Грахоўскі ішоў па турэмных і лагерных этапах разам з тымі беларускімі творцамі, якія не былі расстраляны, але атрымалі па дзесяць гадоў канцлагераў. Пакаранне за неіснуючую віну адбываў на лесараспрацоўках Расіі. Адпакутаваўшы першую лагерную “дзесятку” ён вярнуўся на Беларусь і да 1949 года жыў у м.Урэчча Слуцкага раёна, працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў мясцовай школе.
      Аднак, негледзячы на тое, што судзімасць з яго была знятая, Сяргей Грахоўскі, як і іншыя, так званыя “ворагі народа” па сталінскаму ўказу 1949г. быў паўторна арыштаваны і высланы ў сяло Біяза Новасібірскай вобласці. Туды да яго прыехала жонка, якую ён ласкава называў “мая дзекабрыстка” – Валянціна Міхайлаўна (Аля) з пяцігадовай дачкою Таццянай. Пачалі абжывацца, бо высланы былі на “вечнае псяленне”. Пра ўсё гэта ён пазней раскажа ў трылогіі “Зона маўчання”. Але абставіны са смерцю дыктатара змяніліся і Сяргей Іванавіч, рэабілітаваны 19 кастрычніка 1955г., вярнуўся з сям’ёю на радзіму, у Мінск. Асэнсоўвачы пазней усе гэтыя цяжкія падзеі, ён напіша выдатную паэму “Спаленыя масты” (1975), прысвечаную памяці Аляксандры Мураўёвай, жонкі дзекабрыста Мікіты Мураўёва, сасланага царом у Сібір. Але “Спаленыя масты” – найперш своеасаблівы гімн і нашым беларускім самаахвярным і мужным жанчынам, тым жонкам рэпрасаваных пісьменнікаў, якія засталіся вернымі свайму каханню і сямейнаму абавязку, не адракліся ад так званых “ворагаў народа”. І цяпер, калі мы ведаем перыпетыі сямейнага жыцця Сяргея Іванавіча, паэма успрымаецца як твор –пакланенне подзвігу Валянціны Міхайлаўны, высакароднай жанчыны, якая не задумваючыся, адна праехала, прайшла, у больш жудасных умовах у параўнанні з арыстакраткамі дзекабрысткамі, сотні сібірскіх кіламетраў, каб падзяліць з мужам яго пакуты за неіснуючую віну. Такая падтрымка дарагога чалавека дапамагла ўсё пераадолець, вярнуцца да перарванага нявольніцкім дзесяцігоддзем паўнацэннага жыцця і мастацкай творчасці.
      Зноў працаваў на беларускім радыё (1956-59), загадваў аддзелам рэдакцыі часопіса “Бярозка”, быў літкансультантам Саюза пісьменнікаў (1959-60), рэдактарам часопіса “Вясёлка” (1960-73), адказным сакратаром Камітэта па Дзяржаўных прэміях Беларусі ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1973-74). Даволі хутка далучыўся да літаратурна-грамадскага жыцця. Яго няўрымслівая натура, прага жыцця, волі, імкненне зведаць, убачыць тое, чаго быў пазбаўлены доўгія гады, звалі ў далёкія і блізкія дарогі. Ён аб’ехаў амаль увесь былы Савецкі Саюз – ад Ціхага акіяна, Далёкага Ўсходу да Запаляр’я і Таджыкістана, пабываў у Літве, Латвіі, Грузіі, на Украіне, многіх замежных краінах: Францыі, Англіі, Германіі, Італіі, Швецыі, Турцыі. Быў нязменным удзельнікам Купалаўскіх, Коласаўскіх, Пушкінскіх, Ясенінскіх, Някрасаўскіх, Блокаўскіх святаў паэзіі, дзе абавязкова выступаў з вершмі. Ён быў знаёмы амаль з усімі пісьменнікамі былой шматнацыянальнай савецкай літаратуры, яго запрашалі на творчыя сустрэчы і вечарыны ў самыя розныя аўдіторыі. Яго бліскучыя прамовы заўсёды былі насычаныя цікавымі, новымі звесткамі, фактамі, асабліва пра лёсы рэпрасаваных сяброў-пісьменнікаў, творчасць якіх дасканала ведаў.
      Валодаючы высокім красамоўствам і фенаменальнай памяццю, Сяргей Іванавіч мог бясконца цытаваць свае паэтычныя радкі, пераклады, вершы іншых паэтаў з такой эмацыянальнай сілай, пачуццём перажытасці, што нікога ў зале не пакідаў абыякавым. Цёплыя, сяброўскія адносіны звязвалі яго з многімі мастакамі, архітэктарамі, скульптарамі, кампазітарамі. Ён сам выдатна маляваў пейзажы, добра спяваў, наогул захапляўся жыццём – радаваўся, здзіўляўся кожнай неардынарнай справе, чалавеку. Сустрэчы з Грахоўскім для самых розных чытачоў, студэнтаў былі сапраўднай падзеяй. З такіх сустрэч і сам паэт вяртаўся ўзрушаным, памаладзелым, поўным энергіі і творчых задум. Падарожжы, назіранні, сустрэчы ўзбагачалі, натхнялі на паэзію і прозу, у якіх абазначаецца шырокая геаграфія, вывучаная, пісьменнікам не па кнігах, а ўласным жыццём. Таму і такімі цікавымі, глыбоказмястоўнымі былі яго перадачы на Беларускім радыё і тэлебачанні, дзе С.Грахоўскі вёў рубрыку “Літаратурная Беларусь”. У гэтыя гады як бы адкрылася другое творчае дыханне паэта. І сёння, аглядаючы панараму яго пісьменніцкага лёсу, можна канстантаваць, што са сваіх амаль 90 гадоў жыцця – 75 ён аддаў літаратуры. Пасля поспеху першага паэтычнага зборніка натхненне не пакідала яго да апошніх дзён, быццам кампенсуючы марна страчаныя нявольніцкія гады. Не насіў ён у сэрцы злабы і крыўды, бо разумеў – не Радзіма і народ судзілі выдатных сваіх сыноў, а нялюдская дыктатарская ўлада. Наадварот, акрылены адчуваннем свабод, паэт пачынае сцвярджаць:”Жыццё заўжды – натхнённая паэма// якую трэба радасна пражыць…”, хаця не заўсёды радаснымі і бясхмарнымі былі ягоныя дні.
      Не шукаў ён спакою, цішыні пасля перажытага і ўсёй наступнай творчасцю даказваў, што “на гэтым свеце – замест спакою неба// мне да спадобы неспакой зямлі…” Сёння яго творчасць уяўляецца як адна вялікая, па-мастацку жыццёвая кніга, прасякнутая Праўдай, Любоўю, Сумленнем – асноўным крэда Грахоўскага – пісьменніка і чалавека.
      А тады, пасля вяртання са стану “ворагаў народа”, адбывалася адаптацыя да нармальных умоў. Тачылі сумненні – як прыме яго грамадскасць, літаратура, ці здолее ён ісці ўпоравень з часам? Трэба было ўзнаўляць, даспельваць творчае майстэрства, праяўляць уласна-непаўторную індывідуальнасць, стыль, знаходзіць новыя тэмы, вобразы, сюжэты.
      І пачаў ён родным беларускім словам, “забароны зламаўшы мяжу”, найперш звяртацца да адвечных матываў паэзіі: хараства прыроды, маладосці, кахання, любові да Радзімы, маці, мовы, філасофскага асэнсавання перажытага, а пазней і расказваць людзям “пра гісторыю веку” праз гісторыю жыцця сучасніка, прытрымліваючыся лепшых традыцый сусветнай літаратуры і ўласнага разумення ролі паэта і паэзіі.

      Каб пісаліся вершы,
      Трэба быць закаханым
      У жанчыну і неба,
      У добрых людзей
      І ад шчасця заўсёды
      Быць крышачку п’яным,
      І ніколі, ніколі не траціць надзей.
      Трэба быць закаханым
      У гоманы бору,
      У світанні над полем,
      У дождж на сяўбе.
      Трэба быць закаханым
      У сінія зоры
      І ніколі,ніколі – у самога сябе.

      Глыбіні вечна неспакойнага свету, багацце і шчодрасць душы паэта пачалі раскрывацца ў зборніках паэзіі, якія амаль штогод выходзілі пасля “Дня нараджэння”, калі ўжо вольны паэт марыў зазірнуць у будучыню, знайсці пэўную дарогу, “Спазнаць цану любой хвіліны і кожным крокам даражыць.//Шукаць, знаходзіць, быць няспынным,// Не проста існаваць, а жыць!” Ад 1958г. у С.Грахоўскага выйшла больш шасцідзесяці кніг паэзіі і прозы (у тым ліку на рускай мове у Маскве), выходзілі двухтомнікі выбраных твораў і шмат вершаў, апублікаваных у перыядычных выданнях, пакуль не выдадзена асобнымі зборнікамі.
      Безумоўна, зробленае пісьменнікам ацэньваецца не колькасцю напісанага, а значнасцю праблематыкі, талентам, мастацкім майстэрствам, адметнасцю творчай індывідуальнасці, што ў поўнай меры ўласціва было Сяргею Грахоўскаму. Нельга не згадаць такія яго выдатныя кнігі вершаў як “Ад вясны да вясны”, “Чаканне”, “Сёння і заўтра”, “Памяць”, “Тры вымярэнні”, “Паэма дарог”, “Зазімак”, “Зачараванасць”, “Сонечная сцежка”, “Асеннія гнёзды”, “Знаходка”, “Кругі надзеі”, “Верую”, “І радасць і боль” і інш. У іх канцэнтравана выявіліся жыццёвы і творчы шлях аўтара, арганічнае ўзаемапранікнавенне таленту і светапогляду. Гарманічнасць рэальнага, поўнакроўнага гуманізму, шматграннае адзінства грамадскай тэмы і тэмы асабістай. Дакладна пра асаблівасці творчай манеры С.Грахоўскага сказаў В.Вітка ў сваёй прадмове да двухтомніка выбраных вершаў паэта (1983):”Сяргей Грахоўскі пазнаецца па творах. У паэта многа чытачоў, сяброў і прыхільнікаў яго таленту. Пеўна перш за ўсё таму, што ён заўсёды ішоў і ідзе да свайго чытача, як да блізкага субяседніка, з якім гаворыць шчыра і даверліва – адкрытым сэрцам, як адкрытым тэкстам, без ускладнёнага метафарычнага шыфра і сінтаксічнай закадзіраванасці радка. Рытмічнай кардыяграме яго верша не ўласцівыя нечаканыя перапады і галаваломныя кручы. Гэта майстар строгай формы, верны лепшым традыцыям і вопыту сваіх папярэднікаў не толькі ў нашай, беларускай класічнай паэзіі…
      Як чытач, я заўсёды і без подпісу пазнаю Сяргея Грахоўскага па радках, у якіх пульсуюць думка і пачуцце, пазначаныя яго асабістай перажытасцю, радасцю і смуткам паэта… Паэма жыццёвых дарог, уся творчасць яго складалася і выпрабоўвалася на самых крутых паваротах і пераломах часу, пакуль прыйшлі, вярнуліся ў родную паэзію. Грахоўскі – паэт заўсёды актыўнага , няўрымслівага грамадзянскага тэмпераменту, у творчасці якога знаходзяць непасрэдны водгук важнейшыя падзеі ў жыцці людзей, у грамадскім асроддзі, у якім жыло і жыве чуйнае сэрца паэта. Прагны да цікавых людзей, да новых мясцін, ён не абмінуў у рэспубліцы, пэўна, ніводнага раёна. Па незабыўных уражаннях яму блізкія і родныя бясконцыя прасторы ўсей Радзімы, велічныя вобразы якой увайшлі ў яго вершы і паэмы, апавяданні і аповесці…”
      І сапраўды, не дэкларатыўнымі высказваннямі, а ўсёй творчасцю пацвярджаў Сяргей Грахоўскі сваю нязменную любоў і адданасць да Бацькаўшчыны словамі, якія ішлі з глыбінь душы паэта:”Любоў мая – Зямля мая, адзіная да болю”, “Ніколі Радзіма, ніколі//Не змагу разлучыцца з табой”, “І тым заўсёды ганаруся,//Што ў шчаслівейшую пару// Я нарадзіўся ў Беларусі// І так, як маці гавару…” Вершы:”Любоў мая”, “Айчына”, “Беларусь”, “Мястэчка”,”У Глуску”, “Адзіная”, “Мая радаслоўная”, “Дубовы ліст”, “Пачатак” і шмат іншых, прысвечаных Радзіме . Вобраз Бацькаўшчыны ў яго паэзіі цесна знітаваны з вобразам маці, роднай мовай. Для паэта – Радзіма і Маці – адно і тое ж ”адзінае, вышэйшае імя”. “…Матчына мова – спрадвечная мова,// І першае ў ёй і апошняе слова, // Якое ніколі нікому не страціць, - // Маці – Радзіма, радзіма і Маці ”. Паэт сцвярджае – усё лепшае, што ёсць у нас – добрая шчырая душа, сумленне, любоў да бацькоў, продкаў, роднай мовы, да сусвету над якім “нас паднялі рукі маці” – ўсё ад той, што дала нам жыццё. І ёй з сыноўяй любоўю паэт прысвячае шмат вершаў, якія нават сваімі трапнымі назвамі сведчаць пра тое, што на працягу жыццёвай дарогі кожнага чалавека – маці, як і Радзіма, мова застаюцца самым дарагім у у іерархіі гуманістычных каштоўнасцяў. (“Першае імя”, “Маці не спіць”, “Усё ад маці”, “Высокае імя”, “Размова з маці”, “З матчынага ліста”, “Вечная маці”, “Прыснілася маці”, “Рукі”, “Праводзіны” і інш). Асабліва кранае прачулае слова паэта ў яго славутым вершы “Мама”, непераўзыдзеным па эмацыянальнай сіле ўздзеяння, як і паэма “Бяссмертнікі” (1976), дзе паэт услаўляе Маці, яе любоў і памяць пра сыноў, загінуўшых у полымі вайны. Яна ідзе ад абяліска да абеліска, спадзеючыся знайсці на іх імя сына, ускладае на іх бяссмертнікі, прынесеныя з радзімы як сімвал бяссмерця і вечнай памяці. Вобраз яе, рамантычна-узнёслы, але і зямны, рэальны, канцэнтруе ў сабе лепшыя рысы ўсіх маці, іх пратэст, адмаўленне і спадзяванні, скіраваныя супроць бесчалавечнасці войнаў на кароткім, як знічка, жыццёвым шляху чалавека. У паэме выведзены цікавы вобраз скульптара, чуйнага чалавека і таленавітага творцы, які, спаткаўшыся з жанчынай, зразумеўшы яе душэўны боль, пакутлівы шлях пошукаў, нязгасную памяць пра сына, увекавечвае постаць Маці на брацкай магіле. Гэтым эпізодам паэт сцвяржае, што абавяэак кожнага мастака аддаць любоў, павагу і пашану жанчыне-маці, яе грамадзянскаму і мацярынскаму подзвігу.
      У сваёй творчасці пісьменнік паслядоўна прытрымліваўся свайго нязменнага пастулату: “І ўсё ж трымаецца зямля// На добрых і сумленных людзях…” Яго кнігі сцвярджалі і ўзмацнялі маральна-этычны пафас, пропаведзь дабраты, сумлення, годнасці, жыццёвай мудрасці, чуласці да звычайнага чалавека. Паэзія С.Грахоўскага ясная, простая, глыбокая па думцы і пачуццях, даходзіць да сэрца кожнага чалавека. Яе галоўнай адметнасцю з’яўляецца амаль поўнае супадзенне асобы аўтара, яго жыццёвых прынцыпаў з унутраным светам лірычнага героя, уласцівасці характару якога найперш – шчырасць, адкрытасць, неабыякавасць да праблем сучаснасці. Духоўная сутнасць аўтара і героя, еднасць іх поглядаў на свет, чалавека, жыццё яскрава праяўляецца ў вершах, для якіх характэрны філасофскі роздум аб ролі паэта ў грамадстве, выхаванні ў чалавека высокіх патрыятычных пачуцяў. Многія радкі з такіх вершаў сталі афарызмамі: “У спадчыну ж табе дастаўся вопыт// Тварыць дабро, як дыхаць і любіць…”, “ У праўду верыць апантана…Забыць пра крыўду і згрызоту//Заўжды імкнуцца да палёту і непадкупнай дабраты//Глядзець на свет не праз акенца, а жыць турботамі зямлі”, “Сябе і другіх вінавачу, што гора на свеце жыве…”, “Люблю ўсе колеры жыцця… Жыву. Не трацячы надзей, бо верую ў дабро людзей…”, “Каб у надзённай нашай прозе //Здабыць паэзіі святло…”, “Душа з маленства гартавалася// На чыстым праведным агні”, “Без праўды можна існаваць// А жыць без праўды немагчыма…”
      Паэта хвалявала ўсё, што сустракалася на доўгай дарозе жыцця, і неаднойчы ён сцвярджаў: “На людзях і на адзіноце//Пра ўсё што апякло душу,// Ахвотна па сваёй ахвоце// Кажу, спяваю і пішу…”
      Глыбокім роздумам пра бясконцасць сусвету, кароткі чалавечы век, справы людзей, праблемы маладога пакалення, дабро і зло, адзіноту, смерць і бяссмерце, радасць і гора, праўду і ману, пакаянне, сумленне і талент прасякнута філасофская лірыка паэта, дзе таксама асноўнымі філасофскімі катэгорыямі, скразнымі вобразамі дабрата, любоў, каханне, шчасце, душа, дарога, пачатак і канец жыцця.
      У вершах гэтага цыклу (“Ноч на адзіноце”, “Сляды на зямлі”,”Элегія”, “Зямлянін Я”, “Рэквіем”, “Жыццё”, “Бяссмерце”, “Адзінота”, “Чалавек і Бог”, “Фінал загадкі”, “Талент”, “Незваротнае”, “Сарваны паром”, “Век”, “Вогнішча”, “Серафім” і інш.) праяўляецца гуманістычная натурфіласофія жыцця, шырока разгортваецца дыялектыка боскага, светлага, чалавечнага, але і адмоўнага, якое не мае права на існаванне і павінна перамагацца дабром, праўдай і сумленнем. У філасофскіх вершах лірычнае “Я” усё паўней убірае ў сябе галасы самога жыцця, разнастайнага, зменлівага. Унутранае багацце асобы выходзіць з шматграннасці яе рэальных сувязей, канкрэтных і агульна грамадскіх. Узрасла неабходнасць гаварыць “ад сябе” пра жыццёва важныя рэаліі, уключаючы іх у абсяг сваіх уласных перажыванняў, ва уменне ператварыць агульназначнае ў асабовае. Ісціны, якія абараняе ці спавядае лірычны герой, перажыты аўтарам асабіста. Нават яго захапленне красой прыроды, прыгажосцю роднай зямлі выклікае ў чытача асаблівы давер шчырасцю і адкрытасцю душы паэта.
      Мы як бы ўяве адчуваем, бачым, слухаем разам з ім шматгалосую сімфонію, своеасаблівы гімн прыродзе, яе непераўзыдзенаму хараству, якое малюецца ўсімі колерамі, дзе пераліваюцца светлыя, залатыя, белыя, зялёныя фарбы розных пор года. І важна адзначыць, што пейзажная лірыка адначасна прасякнута роздумам над жыццём чалавека, як часцінкі прыроднага свету. Паэт падкрэслівае арганічную злітнасць чалавека і прыроды, раскрывае глыбіню пачуццяў свайго лірычнага героя ад судакранання з ёю, сцвярджаючы, што чалавек павінен існаваць у гарманічным суладдзі з прыродай. (“Пралескі”, “Хмель”,”Вясна”, “Сунічны сок”,”Казка” і інш.)


      Я з маленства чытаю зялёную кнігу,
      Як старонкі, гартаю лугі і палі.
      Што шумяць, шапацяць і гамоняць паціху
      І складаюць адвечную песню зямлі…


      Гэту адвечную песню прыроды, апетую ўсімі пакаленнямі паэтаў, узбагачаюць непаўторныя радкі з вершаў Сяргея Грахоўскага. Няма такой з’явы ў календары прыроды, якая б не была апісана ў яго паэзіі глыбока і дасканала. Гэта і палескія рэкі, шумлівыя бары, рачныя кручы, белыя лілеі на вадзе, “салаўёў пераклічка і гул навальніц”, палі і лугі, непрыкметныя лясныя сцяжынкі, жытнёвае поле, “глуская зямля, што пахне жытам, просам, пірагамі і белай грэчкаю здаля…”
      Апынуцца на прыродзе па Грахоўскаму – сустрэць узыход сонца, здзівіцца “вясёлцы і дажджынцы на траве”, адчуць як “бруіцца каля берага крыніца”, убачыць як “яблыні ў панчошках белых-белых//пабеглі за далёкі небакрай…”
      Прырода для паэта і нястомная працаўніца. Вясна абуджае свет, вясною паэт, як і ўсе людзі, адчувае радасць і шчасце, што жыве, бо “зноў вясною спадзяюся сустрэць наступную вясну”. Лета дае людзям бяссмерце зерня “сілу тым, хто жне, арэ і сее”, летам наліваюцца гаючым сокам травы… Восень, любімая пара, найбольш цешыць шумнымі вяселлямі, водарам свежага хлеба, пахам грыбоў і яблык, радуе вока, кранае душу чырванню і золатам дрэў, сумам увядання. Зімою бадзёраць “марозам вытканыя зоры, у срэбных пацерках кусты…” У многіх вершах паўстаюць зрокавыя малюнкі зімы з’явы якой атаясамліваюцца з работай чалавека:


      І закітуе вокны зранку,
      Ссячэ капусту дацямна
      І вышые за ноч фіранку
      На шыбах цёмнага акна,


      Платы і веснічкі пабеліць,
      Усе калюжыны зашкліць
      І за аселіцай пасцеле
      Палотны зрэбныя бяліць.


      І свежай, чыстай, маладою
      Нячутна пройдзе па сяле
      І сокам спелае рабіны
      Палоску ў небе правядзе…

      Натхненне паэта і родная зямля, краса прыроды – адно цэлае і неабходна, каб вершы “пахлі аерам і духам зямлі// каб хлебам надзённым заўсёды былі…” Гэта духоўнае, адвечнае і надзённае, па Грахоўскаму, павінна абумоўліваць жыццё чалавека з яго ўзлётамі і спадамі, а яно “без спёкі, без хмар і густых снегападаў – расклад ці інструкцыя, а не жыццё”. І таму для паэта аднолькава важна сцвердзіць, што і чалавеку і прыродзе патрэбна не толькі спагада, але найперш дабрата, людская ўвага і ласка. Ён выказвае глыбокую занепакоенасць станам прыроды, з болем і трывогай гаворыць пра неразумнае, неашчаднае карыстанне яе дабротамі, параўноўвае падсочаны лес з падсочаным лёсам чалавека, яму невыносна бачыць мечаныя шрамамі, базадказнай вырубкай пушчы, спрамленыя рэкі, асушаныя без меры балоты, атамныя грыбы.
      Бязлітаснае XX стагоддзе знішчыла прыроду так, як не здолелі яе скалечыць за мільёны гадоў. І ўжо не мы просім міласці ў прыроды, “прырода моліць літасці ў нас”. У вершы “Папярэджанне” паэт, звяртаючыся да сучаснікаў, заклікае: “Уратуйце зямлю апантаныя людзі//Можа, шчасце хоць вашым прапраўнукам будзе…” Такой жа занепакоенсцю прасякнута і паэма “Трывожны маналог зямлі” (1977), дзе Маці-Зямля, звяртаючыся да людзей, для якіх вякамі збірала і назапашвала скарбы, папракае іх за ненасытнасць, прагнасць, драпежніцкае, безгаспадарчае вынішчэнне прыроднага, жывёльнага свету, за іх гульню з агнём, што можа прывесці да знікнення адзінай, добрай, цёплай планеты, нашага агульнага, утульнага дому. Таму і павінны людзі не абкрадаць сябе, не падсякаць бяздумна “карэнні свае і асновы”, а зберагаць прыроду, “множыць здабыткі, узвышаць абавязкі свае… і пачуцці і светлыя словы” і найперш думаць аб экалогіі ўласнай душы, узрошчваць высокую духоўнасць, без якой трэба будзе заносіць “у Чырвоную кнігу// Верасы і чабор, наша слова і наша імя…” (верш “Экалогія душы”). Канстатуючы вядомы пастулат: “Нішто не вечна на зямлі//Кароткі век наш, як імгненне”, паэт не перастае сцвярджаць, што зменныя цыклы ў прыродзе і жыцці чалавека звязаны з нараджэннем і адміраннем – нязменнымі законамі Сусвету: “Здавён зялёнаю, лясною завецца наша старана,// І пахне смольнаю сасною// Калыска, хата і труна…”
      Гэтыя адвечныя сімвалы чалавечага шляху, “калыска і труна” – пачатак і канец – спадарожнічаюць кожнаму, а паміж імі лёс, пазначаны рознымі падзеямі, з’явамі, адчуваннямі, сярод якіх светлае пачуццё кахання.
      У Сяргея Грахоўскага традыцыйны матыў кахання абавязкова звязаны з прыродай. З яго паэзіі відаць, што пачуццё кахання дапамагае чалавеку больш шматгранна адчуваць свет, прыгажосць і радасць жыцця. Вясна, абуджэнне прыроды, калі “ўся зямля чакае красавання” параўноўваецца з узнікненнем першага цнатлівага пачуцця, прыгажосцю каханай. Для паэта “не вечна нішто, а каханне заўсёды жыло і жыве”. Яно, як і прырода, вечнае, сімвал неўміручасці чалавечага роду. І таму так важна “каханнем і сябоўствам даражыць//Пры сонечнай і ветранай пагодзе”.
      Шматлікія вершы пра каханне (“Першае каханне”, “Будзь музаю маёй”, “Прызнанне”, “Нас разлучалі вёрсты і гады”, “Я цябе прыгадаў”, “Сумую па табе”, “Незваротнае”, “Позняя радасць”, “Хмель”, ”Чаромхавы чад”, “Бабіна лета” і інш.), як і пейзажная лірыка – лепшыя не толькі ў творчасці Сяргея Грахоўскага, але і ва ўсёй беларускай літаратуры.
       Каханне для паэта – шчаслівы дар лёсу, пряўленне шчодрасці душы і гуманнасці. Для розных перыядаў жыцця чалавека ўласціва гэта пачуццё, якое духоўна ўзбагачае, акрыляе чалавека, дапамагае перажываць нягоды і цяжкія выпрабаванні. І гаворыць паэт пра каханне з высокім эстэтычным майстэрствам, натуральнымі шчырымі інтанацыямі, што дае магчымасць адчуць, з якой вялікай павагай, пакланеннем ставіцца аўтар да жанчыны, адкрывае таямніцы душы, непадкупную чысціню і дабрату – каханай, жонкі, маці – за якімі часта згадваюцца рэальныя прататыпы.
      Шэдэўрам інтымнай лірыкі Сяргея Грахоўскага з’яўляюцца вершы “Як я жыў без цябе”, “Любоў і каханне” (“Сваю любоў, глыбокую, як мора,//Дзялю на ўсіх, каго даўно люблю,// Кахання толькі, што пранёс праз гора,// І радасці ні з кім не падзялю…”). Трэба было чуць, як натхнённа, узнёсла чытаў сваё прызнанне паэт на розных вечарынах, у студэнцкай аудыторыі, як заварожвала музыка сапраўднага кахання ў выдатным вершы “Як я жыў без цябе…”
      Традыцыйныя для сусветнай паэзіі тэмы кахання, прыроды, Радзімы знайшлі ў Грахоўскага сваё адметнае і глыбокае ўвасабленне. У гэтых яго вершах арганічна спалучаюцца публіцыстычначя аснова і лірычны настрой, высокая духоўнасць і надзённыя зямныя клопаты. Аднак і ў Грахоўскага, як і ў творчасці ўсіх пісьменнікаў старшага пакалення, ёсць вершы, абумоўленыя метадам соцрэалізму. Яны пісаліся ў 60-70-я гады і прысвячаліся абавязковым тэмам савецкай гісторыі і сёння ўспрымаюцца як своеасаблівая даніна часу. Пазней Сяргей Іванавіч самакрытычна напіша: “…Грашыў я, як і ўсе грашылі, //Хлусні паверыў, як і ўсе…”, “…Мы як умелі, так хлусілі// Пра новы ўзлёт і вышыню// І па рэдакцыях насілі сваю дзяжурную хлусню…” Але ўсё гэта было часовае, наноснае, зусім не характэрнае для жыццёвых і творчых установак паэта, перажыўшага Гулаг. У душы ён ніколі не здраджваў праўдзе, уласнаму сумленню. (Да праўды і Дабра, як па карнізе// Я не пахіснуўшыся дайду…”). Нельга не ўспрыняць сёння асноўную ідэю яго ранніх паэм: “Памяць”, “Тры вымярэнні”, “Трывожны маналог зямлі”, дзе аўтар адкрыта і смела прызнаецца: “Мой бог – праўда, сумленне, памяць, дабрата, любоў”.
      А глабальныя праблемы выжывання чалавецтва, мужна пастаўленыя ў паэме-прадбачанні “Трывожны маналог зямлі”, адгукнуліся, на вялікі жаль, цяжкай бядой – Чарнобыльскай катастрофай. За дзесяць гадоў да Чарнобыля паэт папярэджваў, што можа здарыцца, калі бядумна парушаць законы прыроды.
      У адным з лепшых сваіх ліра-эпічых твораў, аўтабіяграфічнай “Паэме дарог”(1968) паэт, гартаючы ўласныя сцежкі -дарогі, праўдзіва расказвае, як XX стагоддзе адбілася на лёсе яго пакалення. Аўтабіяграфічнасць наогул важнейшы прынцып паэзіі і ў паэме крыніцай самавыяўлення паэта становіцца яго ўласны свет, як і свет навакольны. Паэма складаецца з невялікага ўступу і сямі раздзелаў-дарог, найважнейшых у біяграфіі лірычнга героя, вобраз якога амаль цалкам атаясамліваецца з аўтарам, а таксама яскрава вымалёўваецца панарама XX стагоддзя, якое ў беларусаў пазначана войнамі, бежанствам, рэвалюцыйнымі пераваротамі, пераломамі, рэпрэсіямі, Курапатамі, Хатынямі, ганеннямі ўсяго беларускага. Тыповасць лёсу лірычнага героя твора, як і тысяч беларусаў, падкрэсліваецца радкамі: “З нас кожны ўсё жыццё паэму піша// На скрыжаваннях сцежак і дарог…” Да таго ж аўтар лічыць паэму “ старонкай майго і не майго жыцця”. Перажыўшы разам з народам складаную, цяжкую эпоху, паэт мае права на перасцярогу-запавет нашчаткам ісці далей “праз полымя, пажары і пакуты,// Што і цяпер не абминули нас, // Дзе ўваскрасаюць лютыя Малюты, // Каб павярнуць назад няўмольны час…
      Адстойвай род свой , і душу і мову,
      І сына , і нашчатка навучы
      Сумленню, дабраце, жывому слову,
      Каб выжыць, выстаяць і ўсё перамагчы.”
       “Паэма дарог” успрымаецца як споведзь, як выразны, з’яднаны логікай пачуцця і думкі, маналог. У ёй дакладна праявіліся асаблівасці таленту Сяргея Грахоўскага – лірызм і публіцыстычнасць, глыбока ўнутраныя інтанацыі і перажыванні, філасофская шырыня погляаў.
      Як і ўсе беларускія пісьменнікі, Сяргей Грахоўскі вымушаны быў ісці ў русле савецкай ідэалогіі 60-х, першай паловы 80-х гадоў, пазбягаючы, аднак, асабліва ў паэмах, гучнай патэтыкі, адкрытага ўхвалення гэтых ідэй. Ён імкнуўся больш пісаць пра жыццё, працу простых людзей, паэтазаваў прадстаўнікоў самых розных рабочых прафесій, падкрэсліваючы светлыя адценні ў гераічнай працы народа (вершы: “Маляр”, “Кранаўшчыца”, “Прыгожыя рукі”, “Дыспетчар”, “Ганчар”, “Сейбіт”). І хоць такія вершы ўспрымаюцца як агульнаўсталяваная заданнасць сацрэалізму, як і вершы пра гераічнае пакаленне (“Маё пакаленне”, “Мы ўсё спазналі і прайшлі” і інш.), але ў іх адлюстраваны сапрўдны энтузіязм рабочых і сялян, ператвораных у гады таталітарызму амаль у дармавую рабсілу.
      У гэтыя гады паэт больш пачаў заглыбляцца ў перакладчыскую дзейнасць, хоць перакладамі займаўся на працягу ўсей творчасці, і перакладаў аўтараў блізкіх, родасных яму глыбокай унутранай адпаведнасцю. Сёння агульнапрызнана, што Грахоўскі-перакладчык непераўзыйдзены майстар гэтага роду паэтычнай дзейнасці. Яго выдатныя, высокапрафесійныя пераклады з рускай (А.Пушкін, А.Блок, У.Маякоўскі, А.Твардоўскі, М.Ісакоўскі, М.Забалоцкі, М.Дудзін, М.Браун, В.Шэфнер, М.Камісарава, Я.Хелемскій), украінскай (Л.Украінка, М.Рыльскій, У.Сасюра, М.Нагнібеда), літоўскай (С.Нерыс, А.Жукаўскас, Ю.Марцынкявічус), латышскай (Ян Райніс, Я.Судрабкалн, А.Балодзіс), аварскай (Расул Гамзатаў), армянскай (Самед Вургун), грузінскай (Важа Пшавела), узбекскай (Зульфія), калмыцкай (Ханінаў), яўрэйскай (Ізі Харык), як і такіх сусветнавядомых пісьменнікаў: Р.Тагор, Робет Бёрнс, Пабла Неруда, Дзюла Ілеш, Жуль Верн і многіх іншых сведчылі пра шырыню яго поглядаў, мастацкі густ, выдатнае веданне сусветнай літаратуры, высокую культуру творчасці.
      І самае галоўнае, ён знаёміў беларускага чытача з лепшымі ўзорамі сусветнай класікі, сам захапляўся ею, аддаючы тым самым свае любоў і павагу магутнаму паэтычнаму слову, якое з такой сілай і прыгажосцю гучала ў класікаў: Купалы і Пушкіна, Блока і Коласа, Лермантава і Багдановіча (“Ідзе Купала па зямлі… І нясе цераз вякі паэт// Матчына няскоранае слова…”).
      Побач з перакладамі, выдатнай паэтычнай старонкай у творчасці Сяргея Грахоўскага з’яўляюцца вершы-прысвячэнні. Многім беларускім пісьменнікам ён прысвяціў сваё прачулае паэтычнае слова: М.Аўрамчыку, Я.Бобрыку, Н.Гілевічу, А.Куляшову, М.Лобану, М.Лынькову, І. Мележу, А.Пысіну, А.Русаку,, М.Танку, А.Сербантовічу і, вядома ж , сваім сябрам па няшчасці: З.Астапенку, У.Мяжэвічу, А.Пальчэўскаму, А.Розну, Я.Скрыгану, В.Шашалевічу.
      Прыхільнік традыцыйнага стылю, беларускага паэтычнага слова, наследуючы класічнай канкрэтна-рэалістычнай вобразнасці, Сяргей Грахоўскі, па яго ўласных словах, быў вечным вучнем Купалы, захапляўся яго жывімі трапяткімі радкамі, якія вялі яго “у даль дарог” (“Я пад сузор’ямі Купалы//Хадзіў услед за гусляром…”). І нездарма творчай індывідуальнасці паэта характэрна купалаўская мудрая роздумнасць, спавядальнасць, элегічная настраёвасць. Янка Купала – прарок нацыі – натхніў і натхняе ўсе пакаленні беларускіх паэтаў і С.Грахоўскі, пераступіўшы ўзрост Купалы (“А ўсё вучуся ў Купалы ад першых да апошніх дзён…”), шмат зведаўшы і перажыўшы, набыў свой адметны голас, валодаў шчодрым запасам вобразнасці народнай мовы, “пачуццём паэта. думкай грамадзяніна”. Для яго важна было не рэгістраваць, а па-купалаўску прадбачыць і адлюстроўваць важнае ў жыцці, аберагаць, змагацца за ўсё нацыянальна-адметнае, духоўнае, сказаць бескампрамісную праўду пра перажытае ім самім і цэлым пакаленнем сучаснікаў.
      Пра гэта і сведчыць “другая рата” на творчай дарозе пісьменніка – апошні перыяд жыцця і грамадска-літаратурнай дзейнасці – другая палова 80-х – 90-я гады. Творчасць апошняга перыяду Сяргея Грахоўскага характэрызуецца найперш вызваленнем ад умоўнасцяў сацрэалізму, гранічна адкрытай грамадзянскай пазіцыяй, высокім усведамленнем нацянальнай годнасці, актыўным падключэннем да востранадзённых праблем сучаснасці. Ды і вялікія змены адбыліся ў сацыяльна-палітычным жыцці: з перабудовай распалася Савецкая імперыя, Беларусь неспадзявана атрымала незалежнасць, былі вернуты нацыянальныя сімвалы, адзінай дзяржаўнай стала беларуская мова. Пачалі вяртацца імёны і перавыдавцца творы рэпрасаваных і пісьменнікаў-выгнаўцаў, паслабеў жорсткі цэнзурны ўціск. Незваротна здавалася, надыйшло нацыянальнае адраджэнне – і ўсё гэта не магло плённа не паўплываць на творчасць пісьменнікаў, масткоў, наогул на светаадчуванне беларусаў. Сяргей Іванавіч вітаў новы час (“Шчаслівы, што дажыў да гэтых дзён// Калі знікаюць каты і зладзеі…”), канстатуючы: “Канчаецца двадцатае стагоддзе// У бойках, у ненавісці, у крыві …”, “Трагічны век чырвона-чорны// У нябыт сплывае спакваля…”
      Для яго па-ранейшаму “не важна, колькі жыць на свеце// А як і для чаго жыву…” Цяпер, калі мінуў цяжкі час, паэт, аглядаючы “няроўны свой засеў”, выказвае патаемныя думкі: “Сёння б мне нарадзіцца нанова…”, каб паспець сказать пра тое, што жыве ў душы. Пафас паэзіі гэтага часу не столькі ў аб’ектыўнасці перадачы падзей, колькі ў душэўным водгуку аўтара на ўсе падзеі, праблемным падыходзе да гарачых пытанняў сучаснасці.
      Усвядомленая асабістая адказнасць складае ідэйны цэнтр яго лірыкі, робіць паэзію непаўторнай у тэматычным, інфармацыйным плане, актуальнай у вышэйшым сэнсе, бо раскрывае сутнасць таталітарнай сістэмы, гаворыць пра памкненне прадухіліць яе зварот.
      Грамадзянскі, як і пісьменніцкі, кодэкс паэта – чалавечнасць, трывога і заклапочаннасць сучасным станам рэчаў, мужнасць, дзейсная дабрата, разумная мэтанакіраваная спавядальнасць – вартасць і патрэба паэзіі і прозы С.Грахоўскага гэтага часу. Паказальнымі ў гэтым сенсе сталі кнігі: “І радасць і боль”(1988), “Споведзь”(1990), а таксама двухомны збор выбраных твораў з сімвалічнымі назвамі: “Вячэрні звон”(том1 –вершы і памы), “Крыжавы шлях”(Том 2 – аповесці, апавяданні – 1994). Тут нельга размежаваць асабістае і грамадскае. Публіцыстычнасць выступае як адна з характэрных асаблівасцей творчай пазіцыі пісьменніка – унутрана засяроджанай, узбагачанай сацыяльна-псіхалагічным, эстэтычным і гістарычным зместам. Вершы гэтага часу глыбока перажытыя, вынашаныя і ўспрымаюцца як пэўны вынік жыцця, дасканалага разумення яго руху. Ідэйна-змястоўным цэнтрам гэтых кніг можна назваць верш “Вячэрні звон”, дзе канцэнтравана раскрыта сутнасць крывавага XX стагоддзя, якое змянілася ачышчэннем, абуджэннем сумлення, дзівосным сном “як змрок нарэшце расступіўся…”. Так узнёсла паэт успрымаў пачаткі нацянальнага адраджэння:


      Адзіны шлях выразна нам відзён,
      І ўжо не першкодзіць больш нішто нам,
      І верыцца, што будзе наш закон
      Для кожнага і ўсіх адным законам…

      І дзеля ўсталявання нашага беларускага закона і каб не вярнулася дыктатура, паэт гарыць жаданнем расказаць усю праўду пра яе бесчалавечныя метады вынішчэння людзей і найперш людзей творчых, разумных, таленавітых, адданых патрыётаў шматпакутнай Бацькаўшчыны-Беларусі.
      Ён першы з беларускіх пісьменнікаў пачаў публікаваць вершы пра сталінскія рэпрэсіі (у гэты час яшчэ не перавыдавалася кніга Ф.Аляхновіча “У кіпцюрах ГПУ”, не была апублікавана “Споведзь” Л.Геніюш, “Мая Галгофа” Я.Бягансай), а мы ўжо чыталі паэму С.Грахоўскага “Балючая памяць”, вершы “19 кастрычніка”, “Ад “вінаватых” без віны”, “Этапы…этапы…”, “Страчаная маладосць”, “Згаслыя свечкі”, “Майму суддзю”, “Колішні страх”, “А ён яшчэ жывы”, “Рэквіем рукапісам”, “Вечная памяць”(Сябрам-паэтам), “Грузчык сорак першага года”, “Ціхія пенсіянеры”.
      Гэта яны, былыя начальнікі, следчыя, суддзі, а цяпер заслужаныя пенсіянеры, падпарадкоўваючыся нялюдскім загадам зверху, без усялякіх ваганняў знішчалі не толькі паэтаў:

      Я думаю часта: “А хто ж вінаваты,
      Што вуліцы зніклі, палацы, саборы,
      Што столькі было і злачынстваў і гора,
      Што зніклі Гарэцкі, што знік Галавач,
      Не вернецца Вольны з няволі, хоць плач,
      Што згінулі недзе Чарот з Галубкоіім,
      Пайшлі ў Курапаты камбріг і нарком,
      Знікалі начамі…

      Вершы, прысвечаныя памяці сяброў маладосці маюць яскрава выяўлены спавядальны характар. Іх унутраная тэма – адчуванне абавязку паэта перад тымі, хто загінуў у гады сталіншчыны, навекі застаўся у глухой тайзе, балоце, на лесапавале. З вострым болем, нават з пачуццём нейкай асабістай віны, гаворыць паэт пра заўчасна загінушых талентах. Нельга сёння злічыць, што Беларусь згубіла. Хто адкажа за тое, што:: “з нас мала хто прыйшоў дадому//З бясконцай лютае зімы// І не адзін паэт вядомы// Замоўк на трасах Калымы…” Хто адкажа за пасеяны страх, “калі дрыжалі ўсе да аднаго,// Пакуль вялікім ён здаваўся,//Бо ўсе баяліся яго// А ён адзін усіх баяўся…” У гэтых простых радках – уся сутнасць дыктатуры і дыктатара. Такая засцярожанасць на былым не азначае ні тэматычнай абмежаванасці, ні адсутнасці сувязі з сучаснасцю. Наадварот, сёння яны ўспрымаюцца як папярэджанне, як прадбачанне таго, што можа наступіць зноў такая ж дыктатура, калі не утрымаем дэмакратыю і адраджэнне. Разам з аўтарам мы задумваемся, ламаем галаву, “як і чаму// У нас ускрэслі Грозны і Скуратаў”, як “праз стагодззі ў грыдніцу ўступіў//Люцейшы кат у мяккіх ботах// І ціха і таемна затапіў//Крывёй сумленных тундру і балота…”
      Ад імя свайго пакалення паэт просіць дараваць за тое, што “бяздумна маліліся мы Фараону”, слухалі і верылі казённым казкам. Але і папярэджае, што сёння “ не ўсе адракліся дзікунства старога// І мараць пра новага лютага Бога”. І заклікае: “Глядзіце наперад уважлівым зрокам// І болей не верце ілжывым прарокам…”
      Разам з гэтым роспачным роздумам пра цяжкае мінулае, у якім мы жылі, паэт асэнсоўвае новыя праблемы і паняцці адраджэнскага часу: як абараніць дэмакратыю, утрымаць незалежнасць пры тым, што зноў падымаюцца розныя былыя функцянеры, бюракраты-чынадралы, якія пераконваюць, што можна жыць без роднай мовы, запаветаў Скарыны і “марыць з вусамі ікону//Павесіць на сценах ізноў…” (вершы: “Дэмакратыя” – “не паставім хлусню на калені// Дэмакратыя ўкленчыць сама…”, “Клопат”, “Зводны хор”, “Чарга”. “Раць”,”Вечныя”, “Ахвяры” і інш)
      Паэзія Сяргея Грахоўскага гэтага часу ўжо не можа абмяжоўвацца раскрыццём духоўна багатага характару лірычнага героя, яго дабратой, гуманнасцю, роздумам над вострымі праблемамі часу, над такімі паняццямі, як дабро і зло, чалавек і дыктатура, дэяржава і падаўленне асобы, таталітарная сістэма і свабода слова, памяць і абавязак мастака. Паэт імкнецца даследаваць рэальны змест гэтых катэгорый, што патрабавала аналітычнага асэнсавання, новай мастацкай формы, больш шырокага і паглыбленага даследвання перажытага ім самім і сучаснікамі, і таму ён пераходзіць да прозы, бо ўзнікла неабходнасць празаічным словам расказаць пра тое, што не раз згадвалася ў вершах, паэме “Балючая памяць”, пра злачынствы “ілжывых прарокаў” – дыктатараў. Так з’яўляецца яго трылогія “Зона маўчання”, “З воўчым білетам”, “Такія сінія снягі” і аповесць “Два лёсы – дзве трагедыі”.
      Гэтыя творы сталі падзеяй у беларускай літаратуры, кнігамі-помнікамі, як і лагерныя творы рускіх аўтараў (А.Салжэніцына, В.Шаламава, Я.Гінзбург, А.Жыгуліна, Н.Мандельштам, Л.Разгона, А.Волкава і інш).
       “Я пасціў перад споведдзю двадцать гадоў, каб прычасціцца глытком свабоды. І вось дачакаўся яе ў пару сваёй позняй восені. Кароткая вясна маіх неспраўджаных летуценняў прамільгнула даўно і незваротна. На пачатку майго лета лютая навала пагнала мяне ад дому па прыбітых слязьмі пакутніцкіх дарогах дзяліць горкі лёс з мільёнамі нявольнікаў, пазначаных страшным таўром 58.
      Я двойчы прайшоў усе кругі пекла і не зламаўся, не знік на таёжных скрываўленых трасах. Смерць удзень і ўначы цікавала кожнага з нас і гнала ў нябыт мільёны сумленных і таленавітых. А я ўсё ж з ёю размінуўся.
      У самай страшнай бядзе толькі чалавек ратуе чалавека. Толькі дабро і спагада вядуць з безнадзейнасці да жыцця і збавення. З мільёнаў вярталіся сотні, з тысяч адзінкі, знясіляных і ледзве жывых. Усё меней і меней застаецца сведак тае страшнае пары, калі людзі баяліся ўласнага ценю, калі сын выракаўся бацькі, а бацька – сына, калі па праведнай крыві нячутна ступалі катавы боты. Усё наваколле патанала ў змроку хлусні і казённай патэтыкі. Гучныя рапарты і бравурныя маршы заглушалі стогн і плач, каб ніхто не пачуў зладзейскія стрэлы ў патыліцы…
      Я бачыў ўсё і ўсё перажыў. Лёс злітаваўся і наканаваў мне жывым выйсці з пекла і стаць сведкам на Суддзе Гісторыі…”
       “Зона маўчання” – кніга , на якую не можа не адгукнуцца сэрца і памяць усіх, хто прачытае яе, бо тут пісьменнік сапраўды выступае сведкам на суддзе Гісторыі. Ён знайшоў у сябе сілы зноў перапакутваць дзень за днём лагернае дзесяцігоддзе, паўторны арышт і высылку ў Сібір. Што свечыць пра яго нястрыманае жаданне расказаць “дзеля шчасця ўнукаў і сыноў” пра перажытае і тым самым заклікаць нас рабіць усё, каб не вярнулася дыктатура. І не толькі пра свой шлях на Галгофу паведаў Сяргей Грахоўскі, але найперш пра пакутніцкі лёс сваіх сяброў, таленавітых беларускіх пісьменнікаў, якія разам з ім ішлі па сталінскіх этапах, працавалі ў катаржных умовах і гінулі жахлівай смерцю.
      З неаслабнай увагай чытаюцца тыя старонкі “Зоны маўчання”, дзе сустракаешся з вядомымі беларускімі пісьменнікамі, пакутліва перажываеш заўчасную смерць многіх з іх ад непасільнай рабскай працы, голада і холада. Гэта невялікія самастойныя апавяданні-лёсы, якія вылучаюцца з агульнай тканіны твора і прыкоўваюць увагу тым. што ўпершыню, напрыклад, даведваешся пра лагерныя пакуты і смерць Сяргея Дарожнага – вядомага паэта, Юрыя Такарчука – выдатнага журналіста, які да арышту ўзначальваў аддзел у гаеце “Звязда”, Алеся Розны – паэта і перакладчыка, загінуўшых страшнай смерцю. Быццам услухоўваешся ў размову тых пісьменнікаў, якіх мінавала вышка, іх сагналі ў адну перасыльную камеру турмы:
       “Апынуліся на адных нарах Сымон Баранавых і Барыс Мікуліч, Янка Скрыган і Міхась Багун, Уладзімір Хадыка і Васіль Шашалевіч, Сяргей Ракіта і Станіслаў Шушкевіч, Алесь Розна і Сяргей Знаёмы, Зяма Півавараў і Змітрок Астапенка, Алесь Пальчэўскі і Сымон Куніцкі, былы дырэктар Дома пісьменніка Васіль Залуцкі і начальнік Галоўліта Аляксандр Яшкевіч, яўрэйскі празаік Шыман Гарэлік, ды хіба ўсіх успомніш і пералічыш?...”
      Добрыя, цёплыя словы знаходзіць С.Грахоўскі, успамінаючы сваіх сяброў, захапляецца іх талентамі, унутранай і знешней прыгажосцю, духоўным багаццем. Зноў і зноў ставіць пытанне: за што, каму спатрэбілася знішчыць лепшых сыноў нашага народа? Тут, відаць, дзейнічаў закон Моцарта і Сальеры. Першая хваля рэвалюцыянераў – людзі, якія не мелі высокай адукацыі, інтэлекту, духоўнасці і якія лічылі, што здзейснілі рэвалюцыю дзеля простых людзей. Але яна аказалася варожай патрэбам чалавека. Моцарт задае высокую шкалу, да якой шэрасці, стварыўшай жудасную таталітарную сістэму, не дацягнуцца, таму таленты трэба вынішыць. І не толькі таленты. Па закону класавай барацьбы, навязанага дыктатарам, вынішчаўся цвет працавітага сялчнства, ды і наогул, як сведчаць многія старонкі “Зоны маўчання”, у лагернай апраметнай апынулася шмат людзей самых розных прафесій: урачоў, настаўнікаў, мастакоў,артыстаў. А колькі было жанчын, дзяцей, падлеткаў, кінутых на “перавыхаванне” за “віну” мужоў, бацькоў і гэта пры тым, што афіцыйна было аб’яўлена – “сын за отца не отвечает”. Мала хто з іх змог выжыць, стаць нармальным чалавекам, захаваць чыстую душу. Ці не адсюль сённяшнія паблемы, парасткі якіх пачыналі разрастацца ў атмасферы страху, даносаў, абразы чалавечай годнасці, дыктатарскага падзелу на зоны: у адной – “ворагі народа”, “нацдэмы”, “недазволеныя “ беларусы, у другой – вернаподданна-дазволеныя служкі рэжыму.
      Другая частка трылогіі “Зона маўчання” – “З воўчым білетам” – апавядае пра вяртанне вязня пасля 10 гадоў зняволяння на Радзіму. Атрымаўшы даведку (“воўчы білет”) аб вызваленні, ён, былы “вораг народу” нідзе не мог уладкавацца на працу. З такімі людзьмі нават баяліся размаўляць, узнаўляць знаёмствы. І на працягу трох гадоў ён адчуваў напружаную часовасць свайго існавання “з вочым білетам” пад пільным наглядам нкусаўцаў, пакуль зноў не быў высланы “навечна“ у Сібір.
       “Такія сінія снягі” (ўпершыню друкавалася у часопісе “Полымя” -1988г. №9, пад назвай “Успаміны майго двайніка”) – трэцяя частка “Зоны маўчання” якраз і расказвае пра гэты перыяд жыцця пісьменніка і яго сям’і.
      Там дзе такія сінія снягі, моцныя маразы, далёка ад роднай Беларуі, і пачалі абжывацца бестэрміновыя вязні Гулагу, не спадзяючыся адчуць сябе калі-небудзь вольнымі людзьмі. “…аж не верыцца, што ўсё перажытае было са мною. А было, і нічога забыць нельга. Я дзяліў горкую долю свайго народа і шчаслівы, што цяпер магу паспавядацца за сябе і сваіх сяброў…”
      Спавядальна-мемуарная “Зона маўчання” Сяргея Грахоўскага, як і творы іншых аўтараў, ставячы балючыя пытанні (“за што?”, “хто вінаваты?”,”хто адкажа?”), паказваюць, што вытвараюць з людзьмі, свабодай слова дыктатары, дарваўшыся да ўлады, і як нельга дапускаць гэтата дзеля нармальнага жыцця мільёнаў. Ці не пра такія анамаліі папярэджваюць балючыя творы пісьменніка? Можа дзеля гэтага лёс быў літасцівы да Сяргея Грахоўскага, абраўшы яго сведкам народнай трагедыі? І ён спаўна здзейсніў свой грамадзянскі і пісьменніцкі подзвіг, паставіўшы сваімі творамі сапраўдны помнік святым пакутнікам.
      Тыя з іх, хто выжыў, таксама друкавалі свае ўспаміны, вершы, прозу (С.Шушкевіч “Вяртанне ў маладосць”, цыкл “лагерных” вершаў А.Звонака, познія апавяданні Я.Скрыгана, былі апублікаваны “Пісьмы з Калымы” С.Баранавых (загінуў там у1942), захаваныя ягонай жонкай). З дапамогаю Сяргея Грахоўскага быў выдадзены дзённік Барыса Мікуліча “Аповець для сябе”, для якога Сяргей Іванавіч напісаў грунтоўнае пасляслоўе “Як быў вызвалены дзённік Барыса Мікуліча”.
      Мастацкім дапаўненнем да “Зоны маўчання” з’явілася пякуча-балючая аповесць “Два лёсы – дзве трагедыі” пра братоў Шашалевічаў. Сяргей Іванавіч вярнуў з небыцця светлы воблік празаіка Андрэя Мрыя (Шашалевіча) аўтара першага ў беларускай літаратуры сатырычнага рамана “Запіскі Самсона Самасуя”, раскрыў высокаадораную творчую натуру і пакутніцкі канец Васіля Шашалевіча, таленавітага драматурга, п’есы якога да арышту іх аўтара ставіліся ў тэатрах Масквы і Мінска (“Апраметная”, “Рой”,”Змрок”,”Воўчыя вочы”, “Сімфонія гневу”).
       “Лагерная” паэзія і проза Сяргея Грахоўскага, узаемадапаўняючыся, уяўляюць сабой самую значную частку творчасці пісьменніка і ўспрымаюцца як моцны нязгасны боль і смутак душы аўтара. Яны звернуты да вялікага кола людзей, да народа, да нацыі і даюць шырокую прастору для роздуму над нашым мінулым, сённяшнім і будучым. І ў гэтым іх галоўная каштоўнасць.
      Як адзначаў сам Сяргей Іванавіч, “кнігі “Зоны маўчання” пісаліся на трасах, на этапах. Гэта мне давала магчымасць выжыць. Не думаў, што выжыву. Я быў выдатным вальшчыкам леса, мог застацца там, але мне пашанцавала, я вярнуўся на Беларусь… Я яшчэ і цяпер не вылузаўся з лагернага свету. Мяне ўключылі ў камісію гарсавета па рэпрасаваных, гэта вельмі цяжкая праца, ёсць шмат людзей, якія лічаць, што нас дарэмна выпусцілі. Ільгот ніякіх, кожнае паседжанне хоць крыкам крычы, бо там розная наменклатура, пракуроры, былыя суддзі, мне вельмі цяжка з імі змагацца, бо па-ранейшаму падазраюць людзей, як “ворагаў народа”… Я ведаў шмат цяжкіх чалавечых лёсаў, апублікаваў у “Народнай газеце” “Балючае пісьмо” (напачатку 90-х гадоў такое было яшчэ магчыма), пра лёс падлеткаў, якія былі арыштаваны за тое, што ў сваім гуртку вывучалі родную мову, гісторыю, нацянальныя сімвалы – Пагоню, Бел-чырвона-белы сцяг. Лічу, што за ўсё гэта КДБ, улады павінны прасіць прабачэння ў рэпрасаваных…” Не папрасілі, а выказваў гэтыя думкі Сяргей Іванавіч на адной з чытацкіх канферэнцый 2 ліпеня 1992 года, дзе аднадушна было выказана меркаванне аб прысуджэнні яму Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа за кнігу “Споведзь”. І пісьменнік яшчэ мог пераканацца як патрэбна яго праца людзям.
      Празаічныя творы Сяргей Іванавіч пісаў адначасна з вершамі і паэмамі, а нарысы, публіцыстыка часцей за ўсё ўзнікалі пасля таго, як пісьменнік наведваў “гарачыя кропкі” сучаснасці. У адным з вершаў ён прызнаваўся:

      Мне дзве каханыя спакою не даюць.
      Адну люблю з маленства і да скону:
      Яна пяе і разам з ёй пяюць
      Дажджы і травы, воблакі і клёны.

      Яна мяне ў наступны кліча век.
      Дае тугія крылы для палёту,
      У поўнач дакранаецца павек,
      Вядзе к сталу, саджае за работу…
      Мне без яе і тыдня не пражыць …
      Другая мне каханая штодня
      Расказвае пра радасці і слёзы.
      Яны абедзве – блізкая радня,
      Адна – паэзія, другая – проза.

      У прозе, як і ў паэзіі, таксама адлюстроўвалася гісторыя веку. Працяглы жыццёвы шлях пісьменніка быў настолькі багаты на падзеі, разнастайныя лёсы людзей, а фенаменальная памяць захавала столькі незабыўных, цікавых фактаў, назіранняў, роздуму, што яму не трэба было фантазіраваць, мадэліраваць нейкія сэжэты, вострыя калізіі, каб напісаць той або іншы празаічны твор. Лершыя нарысы (“Горад маладосці”, “На ўскраіне Ялты”, “На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай”), апавяданні, навелы (кнігі лірычнай прозы: “Які вялікі дзень” – 1966, “Агеньчык у акне” – 1972, “Сустрэча з самім сабою” – 1988), аповесці: “Гарачае лета” – 1974, “Ранні снег” -1975, кніга дакументальных аповесцей “Суровая дабрата” – 1971 – сведчылі, як плённа развіваліся ў творчасці С.Грахоўскага празаічныя традыцыі беларускай літаратуры, заснаваныя на прозе Я.Коласа, К.Чорнага , З.Бядулі, М.Гарэцкага, Ц.Гартнага, М.Лынькова, Я.Брыля, І.Мележа, іншых празаікаў. Па вядомай мастацка-дакументальнай аповесці С.Грахоўскага “Рудабельская рэспубліка” -1968 (пра падзеі рэвалюцыі і грамадзянскай вайны на Беларусі) былі пастаўлены спектаклі Акадэмічным тэатрам Янкі Купалы і Гомельскім абласным тэатрам, быў зняты аднайменны фільм.
      Адна з выдатнейшых яго аповесцей “А маці не спіць” таксама на рэальным лёсе галоўнай гераіні Аўдоцці Кастрыцкай, якую пісьменнік ведаў асабіста. Праз яе вобраз, трагічныя жыццёвыя калізіі, раскрываюцца такія катаклізмы нашай нядаўняй гісторыі, як злачынная калектывізацыя, раскулачванне найбольш працавітых сялянскіх сем’яў, высылка на Поўнач і ў Сібір, вайна, прыгонная праца ў калгасе, страта блізкіх, увыніку чаго жанчына застаецца беспрытульнай і адзінокай. Бяздушным эгаістам аказаўся яе адзіны сын, якому яна аддала ўсе свае сілы. Ён ацураўся не толькі роднай мовы, вёскі, бацькавага імя, але і хворай старой маці. Раскрываючы праблему ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей, якая востра пастаўлена і ў вершы-дылогіі “Дзве мамы”, аўтар, а разам з ім і чытач, прыходзіць да высновы, што страта духоўнасці, высокай маралі ў сучасным грамадстве абумоўлена ўсімі папярэднімі негатыўнымі працэсамі таталітарнай сістэмы. Аднак, пісьменнік-жыццялюб, не мог не паказаць, што побач з адмоўнымі персанажамі жывуць, дзейнічаюць людзі сумленныя, добрыя, чуйныя да чужога гора і на іх трымаецца свет.
      Паралельна з апавяданнямі, аповесцямі ў 80-я гады стваралася адна з лепшых паэм Сяргея Грахоўскага “Ростань на світанні”, дзе паўстае велічны, самаахвярны вобраз славутай украінскай паэтэсы Лесі Украінкі. Дзеянне паэмы адбываецца напачатку XX стагоддзя, падчас прыезду яе ў Мінск да свайго каханага Сяргея Мяржынскага, смяротна хворага на сухоты. Тады ж Лесяй, каля ложка каханага, была напісана выдатная паэма “Апантаная”, эмацыянальна - ўзрушаная, балючая, як помнік трагічнаму каханню. На мяжы фантазіі і рэальнасці згадваецца сустрэча Лесі з бацькам Янкі Купалы, які паведамляе, што яго сын таксама піша вершы і паэтэсса праз бацьку перадае юнаму паэту свой запавет, які цалкам здзейсніўся ў творчасці Я.Купалы:

      Хай піша, што ў душы гарыць,
      Шукае сілу ў кожным слове
      І не забудзе гаварыць
      На матчынай пявучай мове…

      Дзякуючы гэтай паэме Сяргея Грахоўскага ў Мінску з’явілася вуліца імя Лесі Ўкраінкі. Талент пісьменніка тут праявіўся і ў тым, што ён змог па-мастацку доказна пераўстварыць аўтарскі вымысел у жыццёвы факт, і таму верыш, - сапраўды Леся Украінка сэрцам адчула і блаславіла прарочую паэзію Купалы.
      Паэмы “Ростань на світанні” , “Спаленыя масты”, “Балючая памяць” значныя роздумам паэта над праблемамі, актуальнымі на ўсе часы: “Змяняліся цары адзін другога варты…// А ўсё звінелі тыя ж кайданы…” Ці не дзеля таго, каб назаўсёды скінуць гэтыя кайданы ішлі на эшафот дзекабрысты ў XIX стагоддзі, праходзілі кругі пекла рэпрэсаваныя сябры паэта, якіх ён “паімённа збярог у памяці сваёй” у XX? І ў XXI ст. зноў паўстае пытанне:

      За што яны змагаліся тады
      І выбралі пакутніцкую долю,
      У міф паверыўшы, што праз гады
      Здабудуць людзям роўнасць, шчасце, волю?

      Аднак паэт не траціць веры і надзей, бо не быў бы паэтам-прарокам, не натхняў бы і нас аптымізмам, калі б не сцвярджаў, што жыць і жыць такія людзі павінны вечна для людзей…”
      Падобнымі пытаннямі, балючым роздумам над праблемамі сучаснасці прасякнуы вершы другой паловы 90-х г. (паэтычныя кнігі “Вячэрні звон”, “Недапісаная кніга”, шматлікія публікацыі ў перыёдыцы). Паэзія на “апошняй вярсце”, адлюсроўвачы ўнутраны стан душы паэта, пазначана зваротамі да біблейскіх матываў, да лёсу народа і свайго ўласнага жыццёвага шляху, які раскрываецца і ў “Дзённіку” пісьменніка, які ён вёў доўгія гады.
       “Малюся зноў па-беларуску// І веру, што пачуе Бог”, - сцвярджае паэт і выказвае жаданне: “Каб некалі на Беларусі//Дачакаліся ўрэшце пагоднага дня”. І як запавет гучыць яго верш “Слова”:

      Навекі слова застанецца,
      Як жаўранак у сіняве,
      І ў свеце рэхам азавецца,
      Што Беларусь яшчэ жыве…

      І пакуль жыве Беларусь і роднае слова – будзе жыць імя і паэзія Сяргея Грахоўскага.
      За незалежную Беларусь, за родную мову Сяргей Іванавіч змагаўся нястомна, рашуча і сваім палымяным публіцыстычным словам. Нарысы, крытычныя артыкулы, публіцыстыку ён пісаў на працягу ўсёй творчасці, адгукаючыся на самыя разнастайныя, надзённыя праблемы сучаснасці. Але сёння дастаткова прыгадаць такія яго артыкулы, як “Людзьмі звацца? Многага захацелі” і “Эхо двойного залпа” (“Народная газета”, адпаведна 3 верасня 1992 і 31 жніўня 1994), каб адчуць, на вялікі жаль, іх вострую актуалнасць і адпаведнасць сённяшней сітуацыі, калі ідзе татальнае вынішчэнне ўсяго беларускага на Беларусі. Напісаныя болем душы і сэрца, па вядомай формуле Льва Талстога “ не могу молчать”, яны раскрываюць становішча з беларускай мовай пасля хутка прамільгнуўшага перыяду нацыянальнага адраджэння на пачатку 90-х гадоў, калі была вернута нацыянальная сімволіка, а беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай. Тады беларусы ўспомнілі, хто яны, захацелі людзьмі звацца, стаць сапраўднымі гаспадарамі сваёй зямлі, загаварылі матчынай мовай. Усім вядома, што беларуская мова з’яўляецца ключом для разумення ўсіх славянскіх моў, яна лічыцца адной з прыгажэйшых, багацейшых і мілагучнейшых. Але тыя, хто лічыў нас малодшымі братамі і свае манкурды Зносакі вельмі хутка апамяталіся і па тэорыі Мураўёва-вешацеля пачалі рабіць усё, каб у Беларусі не стала ніводнай беларускай школы, каб у народа аднялі мову, гісторыю, літаратуру.
       “Вядома: тыя што “гаварат тока по-рускі” лічаць сабе высокаадукаванымі інтэлігентамі, а натуральных беларусаў – недавукамі і цёмнымі просталюдзінамі і горача даводзяць, што няма такой нацыі, нямі белускай мовы, не было ніколі беларускай дзяржаўнасці, навукі, культуры… Мы ведаем, як рабавалі, нішчылі, палілі і залівалі крывёю захопнікі ўсіх масцей і веравызнанняў нашу зямлю. А яна трывала, часам ледзь ліпела і выстаяла да нашых дзён. І цяпер, калі зроблены першы крок да адраджэння нашай дзяржаўнасці, культуры і мовы, знаходзяцца пазбаўленыя пачуцця нацыянальнай годнасці і гордасці насельнікі, што не ведаюць і ведаць не хочуць сваіх вытокаў, каранёў роду свайго, веліч сваіх сусветна вядомых папярэднікаў – Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Фрацішка Скарыны, Міколы Гусоўскага, Сімяона Полацкага, Васіля Цяпінскага, Сымона Буднага, Кастуся Каліноўскага. Замест усямернай падтрымкі ўваскрашэння Беларусі намагаюцца пахаваць кволыя парасткі нацянальнай свядомасці, што яшчэ не паспелі акрыяць…
      Вярхоўны Савет рэспублікі прызнаў нашу мову дзяржаўнаю пакуль што толькі фармальна. Ніводзін службовец знізу і да верху так па-беларуску і не загаварыў. На яе вывучэнне адведзена дзесяцігоддзе, а кітайскаю моваю авалодваюць стараныя людзі за год-два. Ніводная паперка з дзяржаўным грыфам не напісана на дзяржаўнай мове, на пытанні беларускіх карэспандэнтаў чыноўнік упарта адказвае на трасянцы.
      Як тут не ўспомніць прароцкае папярэджанне Францішка Багушэвіча: “Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю так, як і той чалавек перад скананнем, катораму мову займае, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі…” Той, хто хітра ратуе за двухмоўе, добра ведае, што дзяржаўнаю застанецца толькі руская, а беларуская пойдзе на звод…”
      Як ні цяжка канстантаваць, але збываецца сёння гэтае трывожнае і балючае прадбачанне пісьменніка.

      Цярплю, бо распінаюць мой народ
      Дзялкі і прайдзісветы так старанна,
       І сорамна, што ўжо каторы год
      У свеце на сзавуць “Абсурдастанам”

      І як сёння адказаць на яго пытанне, звернутае да ўсіх нас: “Дык кім будзем, таварышы, грамадзяне, дамы і гаспада? Беларусамі ці тутэйшымі, адродзім ці станем духоўнымі Герастратамі і назаўсёды пахаваем матчыну мову і душу народа?...” (З артыкула “Людзьмі звацца? Многага захацелі…”). І ўсё ж ён верыў у бяссмерце роднага слова, у тое, што будзе жыць Беларусь, якая, як магла, ушанавала памяць выдатнага свайго сына.
      Яго імем названа адна з цэнтральных вуліц Глуска, на якой устаноўлены барэльеф пісьменніка, а таксама першая сярэдняя школа, дзе ён вучыўся. Многія творы Сяргея Грахоўскага перакладаліся на азербайжанскую, англійскую, асецінскую, балгарскую, грузінскую, на канада мову, латышскую, літоўскую, малдаўскую, польскую, рускую, таджыкскую, узбекскую, украінскую, французкую, югаслаўскую мовы.
      Музыку на яго вершы пісалі кампазітары С.Альхімовіч, Г.Вагнер, Д.Камінскі, Д.Лукас, Р.Пукст, Л.Свердзель, Ю.Семяняка, Д.Смольскі, К.Цесакоў, В.Іваноў і інш. Яго імя уведзена ў гістарычную, універсальную, літаратурную энцыклапедыі, у новую гісторыю беларускай літаратуры, пра ягоную творчасць напісана шмат артыкулаў і рэцэнзій. Сваім талентам, грамацка-літаратурнай дзейнасцю, сумленна і творча пражытым жыццём Сяргей Грахоўскі стаяў далёка наперадзе большасці сваіх сучаснікаў. Ён сапраўды быў паэтам не за сталом, а ў жыцці, і ў гэтым былі сэнс, “аснова ўсіх асноў” яго зямнога шляху.

       Лідзія Савік

       2006г
©2010-2010, Таццяна Грахоўская. Усе правы абаронены.