Беларускі паэт, празаік, перакладчык
Сяргей Іванавіч Грахоўскi
Успамiны. Публiцыстыка
Іскрынкі памяці

(Купала)


     Над цёмнымі зубцамі хвойніку плывуць нізкія хмары. Вецер з дажджом хвошча вочы і твар, гоніць залацістыя і барвовыя лісткі ракітніку па зарудзелай атаве, і яны плывуць па цёмнай балотнай вадзе. На лясной палянцы спутаныя коні скубуць пасівелы ціпец і шаматкі званец. Хлопцы панацягвалі на галовы стаўбуны набрынялых мяхоў і моўчкі глядзяць у нязыркае вогнішча. Малы, у дробных вяснушках хлапчук трымае нада мною дзяружку, каб дождж не запырскаў старонкі. Я голасна чытаю:
     Села пад пушчаю Восень,
     Вочы ўтаропіўшы ўдаль;
     Жаль ёй павяўшых дакосін,
     Спетых дажынак ёй жаль.
     
     
     Пацеры шчыра шапоча,
     Нудную шэпча мальбу;
     Творыць паціху уночы
     Свету сваю варажбу.
     Склікала вецер і хмары,
      Кожнаму дзела дала:
      Вецер завыў на папары,
     З хмары павісла імгла.
     Хлопцы моўчкі слухаюць, нібы сам Купала гаворыць тое, што кожны адчувае і бачыць, але не ўмее сказаць.
     Я з дзяцінства зачараваны яго паэзіяй. На пашы і ў школе, у людзях і дома не разлучаюся з яго зачытанымі кніжкамі. Углядаюся ў кожную рысачку на партрэце, але і ў марах не адважваюся нават спадзявацца калі-небудзь убачыць жывога Купалу.
     Зімою і ўлетку на канікулы з Мінска прыязджаў мой стрыечны брат маладняковец Янка Бобрык. Заўсёды ён прывозіў ладны стосік свежых маладнякоўскіх кніжачак. Аднойчы прывёз паэму Янкі Купалы «Магіла льва» з падпісам аўтара. Як я тады ўглядаўся ў кожную літару, гладзіў старонку, да якой дакраналася рука любімага паэта.
     Янка Бобрык многа расказваў пра сустрэчы з Купалам у Інбелкульце, у пакойчыку «Маладняка» і ў яго на кватэры. Я дапытваўся, як апрануты, як гаворыць, якія валасы і вочы ў Купалы. Яму тады было нейкіх 45—46 гадоў, а задзірыстыя маладнякоўцы яго і Коласа звалі «старымі» і, як гарэзлівыя баранчыкі, кідаліся на іх у рожкі. Я па друку сачыў за ўсімі літаратурнымі баталіямі і ніяк не разумеў, хто чаго хоча. Жыццё само адказала на гэтыя пытанні.
     Тады пад уплывам Купалы я напісаў другі верш. Здаецца, ён пачынаўся так: «Не палае ў далях сонечных пажар, дождж сячэ ў вочы, дождж сячэ ў твар». А далей спрадвечны пастух расказваў маленькаму ўнуку пра горкія даўнейшыя часы. Заканчваўся верш бадзёра: «I ў гэту восень дзесяць год мінае, як унуку з дзедам ясна сонца ззяе». Надрукавалі яго ў лістападаўскім нумары часопіса «Беларускі піянер», прысвечаным дзесятай гадавіне Вялікага Кастрычніка. 3 таго часу я так і «захварэў» літаратураю на ўсё жыццё.
     Ішлі гады, мара ўбачыць Купалу ніколі не пакідала мяне. Я чытаў яго вершы, дэкламаваў іх на вечарах, пры выпадку — сябрам і знаёмым. Здавалася, ведаю кожную рыску на розных партрэтах, нават навучыўся маляваць яго падобным па памяці.
     * * *
     Увосень 1931 года прыехаў усталёўвацца ў Мінск. Стаялі пахмурныя дні, як і тады, каля пастушкоўскага вогнішча. Вусны самі паўтаралі: «Села пад пушчаю Восень, вочы ўтаропіўшы ўдаль». Ад дажджоў пашарэлі дамы, цьмяна блішчаў мокры брук, па Савецкай дзынкалі запырсканыя па самыя вокны трамваі, не вельмі спяшаючыся, ішлі людзі. Рытм жыцця быў нетаропкі, разважлівы, спакойны. Я ўжо быў прытручаны асалодаю друкавання і вельмі ж хацеў прыстаць да літаратурнага асяроддзя, бываць у Доме пісьменніка, хоць здалёк бачыць Купалу, Коласа, Гартнага, Чарота, пазнаёміцца з маладзейшымі паэтамі. Я ж быў членам Бабруйскай філіі БелАППа, друкаваўся ў «Маладняку» і ў «Чырвонай Беларусі», а хадзіць у пісьменніцкі дом не адважваўся, часам спыняўся каля яго, глядзеў, як заходзілі і выходзілі пераважна маладыя людзі, амаль усе ў капелюшах. Капялюш мне здаваўся ледзь не пасведчаннем прыналежнасці да пісьменніцтва. Асабліва стараліся хутчэй «акапялюшыцца» пачаткоўцы. Можна было сустрэць хлопца ў ботах, у аблямаваным кажушку і ў новенькім натапыраным капелюшы.
     Аднойчы з дзвярэй Дома пісьменніка выйшлі двое. Зірнуў — і затахкала сэрца: Купала! Так, так. Не памыліўся, ён! Сярэдняга росту, кароткія светлыя вусікі пад пераноссем, узнятыя ад здзіўлення бровы, з-пад іх пазіраюць залацістыя вочы. Так, так,— залацістыя, нібы іскрынкі сонца. А можа, так здалося ад захаплення і радасці. Яшчэ запомнілася: шэрая кепка, добрага крою макінтош, жоўтыя чаравікі, у руцэ загнуты кіёк. Відаць, дзядзька Янка жартуе, ад усмешкі трошкі скрывілася ніжняя губа. А хто ж гэта з ім? Шыракаплечы, у светлым капелюшы, у прасторным плашчы. Чысты ружовы твар, толькі пад праваю сківіцаю зарубцаваная глыбокая ямка. Ступае, нібы за плугам ідзе. Жартуючы, пайшлі ўніз, па Савецкай. Я — следам. Толькі пазней даведаўся, што гэта быў Сымон Баранавых. У Купалы з ім была асаблівая дружба. Можа, таму, што ў Сымона душа і ўся яго сутнасць заставаліся цэльнымі і некранутымі урбанізацыяй. У добрым гарнітуры і ў капелюшы, ён здаваўся часова перапранутым самабытным вяскоўцам.
     Я потым не раз чуў, як седзячы на цыратовай канапе ў Доме пісьменніка, Купала з Баранавых жартаўліва спаборнічалі, хто лепей ведае ўсе часткі сялянскага воза. Успаміналіся трайня і падгерац, шворан і рэхвы, калодка і обад, падвоскі і загваздкі, атосы і драбіны, дышаль і падушкі. У гэтых турнірах было шмат досціпу і смеху.
     Пра што яны гаварылі тады на вуліцы, я не чуў, бо каб не кідацца ў вочы, ішоў назіркам. Непадалёк ад перакрыжавання з Ленінскай вуліцай, у пад'ездзе нейкага дома прадаваў газеты ліліпут з вялікаю галавою і хітрымі лупатымі вачыма. Ён прыкалываўся да Купалы і пачаў пхаць пад паху часопісы і газеты. Іван Дамінікавіч, відаць, шчодра разлічыўся з «газетчыкам», бо той памкнуўся выняць з кішэні рэшту. Купала замахаў рукою і пайшоў далей.
     Вуліца імкліва спускалася да ракі. Насупраць цяперашняга сквера кончыліся камяніцы і пайшлі «камбінаваныя» дамы — ніз цагляны, верх з бярвення, а больш — драўляныя дамкі з палісадамі, садамі і прасторнымі дварамі, з градамі і студнямі. На рагу бялелі муры Белпедтэхнікума. Паўз яго я праходзіў, як перад Пушкінскім ліцэем. Тут жа вучыліся Трус, Глебка, Маракоў, Ліхадзіеўскі, Бандарына, Якімовіч, Дарожны,— амаль уся паэзія таго часу. А вучыў іх сам Колас!
     Купала з Баранавых звярнулі на Садовую вуліцу. Увесь гэты прырэчны раён нагадваў вялізны сад з домікамі рознага фасону і колеру, з палісадамі і шчыльнымі парканамі. Каля зялёнай брамкі на Кастрычніцкай вуліцы, насупраць лазні (цагліны ад яе падмурка тырчаць і цяпер) яны спыніліся. Над плотам і брамкаю аж да сярэдзіны вуліцы раскінулася вецце старой таполі. Палова камля вытыркалася з плота на вуліцу, другая — была ў двары. Значыць, тут жыве Купала. Яны трохі пагаманілі і ўвайшлі ў двор. Праз адчыненую фортку былі відны познія вяргіні.
     
      ***
     У Дом пісьменнікаў Купала заходзіў часта. На другі паверх да літаратурнага «начальства» амаль ніколі не наведваўся. У падвале была сталоўка, мабыць, самая дэмакратычная ў горадзе: у ёй давалі напавер, і атмасфера ў ёй была сямейная, хатняя. У гэтым цьмяным сутарэнні за столікам можна было часам убачыць Купалу поруч з Міхасём Зарэцкім, Баранавых, Хадыкам. Прыходзячы, ён звычайна вітаўся з гардэробшчыцай і ўсімі, хто быў у вестыбюлі, пытаўся пра здароўе, пра справы, ці ўсё добра дома, ішоў у суседні пакойчык з адзіным акном, і тое ўпіналася ў глухую сцяну суседняга дома, садзіўся на цыратовую канапу, і адразу вакол яго збіралася купка маладых паэтаў. Жартам іх называлі «кадраю». Сяргей Астрэйка, Змітрок Віталін, Алесь Пруднікаў, Паўлюк Буравей просяць дазволу пачытаць свае вершы. Дзядзька Янка слухае ўважліва, ацэнкі дае кароткія і канкрэтныя: «Не тое, братачка, напісаў. А накру-ціў! Думаеш па гэтай драбіне з радкоў дапнеш да Маякоўскага? Моцы нямашака, думак і пачуццяў — кот наплакаў. А рыфмы? Гэта ж для глухога. Пішы, каб людзі, чытаючы вершы, заікамі не рабіліся, каб разумелі, што ты ім хацеў сказаць. А калі няма чаго, дык навошта тады добрую паперу пераводзіць?»
     Купала просіць пачытаць яшчэ, але саманадзейны «наватар» губляецца і непрыкметна адыходзіць убок. Нехта адважваецца яшчэ. Дэкламуе выразна і гучна, каб голасам і жэстам прыкрыць агрэхі, але чуйнае Купалава вуха не прапускае ніводнага фальшывага слова. «Гэтага, браце, ты і сам не разумееш. Мякіны шмат, а каліўца — сям-там. До-обра веяць трэба». Калі нешта сапраўднае яму падабалася, шчыра радаваўся і не скупіўся на пахвалы. Памятаю, як хваліў паэму Сяргея Астрэйкі «Бенгалія», моцныя і празрыстыя вершы Змітрака Віталіна.
     А то, бывала, ні з таго ні з сяго запытае: «А «Салавей-саловушка» ў «Чырвонай зорцы» вы глядзелі? Ну, такую карціну прапусціць грэх. Хадзем!» I ўсе мы тупаем за дзядзькам Янкам. Хочацца, каб і знаёмыя ўбачылі, што ідзём разам з Купалам. Але ён адразу вядзе не ў кінатэатр, а праз вуліцу, у маленькую піўную. Там поўніць куфлі колішні папулярны эстрадны спявак Лёва Браун. Да яго ідуць, як на канцэрт. Ён пампуе пеннае «пільзенскае», «венскае» і «портэр», дасціпна жартуе і ў такт спявае сваю «каронную» песеньку: «Луна, луна, наверно, ты пьяна: и скорчилась и сморщилась и... мужу неверна!» Усе наведвальнікі рагочуць і пачынаюць апладзіраваць. Заўважыўшы дзядзьку Янку, Лёва просіць раздацца ў бакі. Прысутныя паслухмяна расступаюцца. Паэт і колішні артыст вітаюцца, як даўнейшыя прыяцелі. «Ну, колькі ў Вас сёння?» — пытаецца Лёва. «Па куфлю кожнаму, і не больш, Лёвачка. Калі ласка. А вы ўжо даруйце, таварышы, спяшаемся ў кіно». Разлічыўся за ўсіх, паціснуў Лёву руку. «Ну, хадзем, хлопчыкі». У кінатэатры дзядзька Янка купляе ўсім білеты, падводзіць да кантралёра, нам кажа, што ўжо глядзеў карціну, развітваецца і лёгкай імклівай хадою выходзіць з фае. А нам так хацелася пабыць яшчэ з ім, паслухаць, паглядзець.
     
      * * *
      Купляю ў кіёску некалькі экземпляраў часопіса «Беларусь калгасная». У другім нумары новага часопіса — мой верш «Гідрастанцыя». Прызнацца, ніводнае такое электрастанцыі я тады не бачыў, а напісаць напісаў, бо вельмі ж ахвотна ў той час друкавалі вершы пра домны, плаціны, вагранкі і шахты.
      Разгарнуў і любуюся лесвічкамі і прыступкамі сваіх радкоў. Разбіўка была прыкметаю «сучаснасці». У гэтым жа нумары надрукаваны «Ударніку» і «Заўсёды наперад» Янкі Купалы. Пакуль гартаў часопіс, да кіёска падышоў Іван Дамінікавіч, павітаўся з кіяскёрам і са мною. Купіў «Правду» і «Звязду», прагледзеў загалоўкі, паклаў скрутачак у кішэню. «Калі нацешыўся сваім творам, дык хадзем разам», Ішлі, маўчалі. Так карцела пачуць Купалаву пахвалу. Ён, відаць, адчуў маю скаванасць і загаварыў сам: «Пакуль чытаў твой верш, ну ж і накульгаўся, не раўнуючы, па шпалах сігаў і ўсё з нагі збіваўся. Навошта так ламаць радок? Зірні, якім празрыстым і зразумелым стаў Маякоўскі ў канцы. Праўда, чым прасцей, тым цяжэй. Дарма, перахварэеце і гэтым адзёрам. Вунь Валодзя Хадыка! Той не выломваецца. Кожны радок, як адліты, аж гудзе». Я вінавата апусціў галаву. Дзядзька Янка спагадліва зірнуў і суцешыў: «Не журыся. Я так, на будучае, каб меней трэску было. Як на цяперашні час, дык вершык ніштаваты. Чытаў». Пасля гэтага я баяўся абы-што друкаваць. А раптам прачытае Купала?
      Мы развіталіся на рагу Ленінскай. Я пайшоў бязмэтна блукаць з вуліцы ў вуліцу. Не хацелася ні з кім сустракацца. Было брыдка за «драбіны», за трэск, за несапраўднае, напісанае абы надрукавалі. 3 купленых часопісаў пакінуў адзін, астатнія цішком сунуў у нейкую сметніцу.
      Купалавы ўрокі і цяпер для мяне — перасцярога ад пустаты, фальшу, самаўпэўненасці. Словы яго чую і сёння.
      ***
     Беларускі ўрад узнагародзіў Купалу легкавою машынай. Гэта быў першы асабісты аўтамабіль у горадзе. Маленькая чорная легкавушка здавалася вяршыняй тэхнікі. Прыйшлося наймаць шафёра. Але дзядзька Янка спадзяваўся і сам навучыцца круціць «абаранку». Ён з'яўляўся ў Доме пісьменніка з кніжкамі па аўтамабільнай справе, захоплена расказваў, як авалодвае тэорыяй. А вось за рулём ніхто яго так і не бачыў. Затое паездзіць і пакатаць знаёмых вельмі ж любіў.
     У даваенным Мінску на рагу Ленінскай і Пляца Волі, побач з гасцініцай «Еўропа» быў вялізны пасудны магазін. У ім Купала сустрэў вядомага хірурга, у якога не раз лячыўся, Мікалая Іванавіча Бобрыка і яго жонку Кацярыну Іванаўну. Узрадаваўся сустрэчы і папрасіў яе дапамагчы выбраць добры сервіз. «Цалкам спадзяюся на ваш густ». Жанчына прыдзірліва аглядала самыя лепшыя наборы і спынілася на прыгожым графінчыку, далікатных фужэрах і чарачках з зеленаватым адлівам. Спытала: «Гэты падыдзе, Іван Дамінікавіч?» — «А вам падабаецца?» — «Вельмі».— «Тады бяру».
     Разам выйшлі з магазіна. Купала адчыніў дзверцы: «Сядайце, падвязу дадому».— «Што вы, дзякуем. Мы трамваем».— «I гаварыць няма чаго. Паехалі». I павёз іх на Газетны завулак. Развітваючыся каля дому, падаў пакунак з сервізам Кацярыне Іванаўне: «Вам гэта падабаецца. Прыміце на ўспамін пра нашу сустрэчу». Тая памкнулася запярэчыць, а ён толькі памахаў, і машына памчалася далей.
     Мікалай Іванавіч з жонкаю прайшлі вайну з першага да апошняга дня. А ў Мінску з-пад бамбёжак і з пажараў цудам быў выратаваны Купалаў падарунак. Пазней Кацярына Іванаўна некалькі чарачак з яго перадала музею Янкі Купалы.
     * * *
      Быў цёплы і ціхі май. Адцвіталі сады, ружовымі і белымі воблачкамі курыўся бэз. Над горадам стаяў водар вясны і першых навальніц. У гэтыя дні шырока адзначалася трыццацігоддзе творчай дзейнасці Купалы. Яго «Мужык» стаў споведдзю беларускага селяніна, вытокам вялікай паэзіі.
      Да пачатку афіцыйных вечароў Купала запрасіў блізкіх людзей дадому, каб па-сямейнаму адзначыць угодкі свае творчасці. Пра гэта дазналіся работнікі радыё і папрасілі дазволіць трансліраваць вечар адразу ў эфір. Гуказапісу тады яшчэ не было, значыць, слова, сказанае ў мікрафон, не выражаш, не вернеш, не адрэдагуеш. Як адважыліся на такую перадачу работнікі камітэта і Купала, уявіць цяжка. Але трансляцыя адбылася. Вёў яе кампазітар Ісак Любан. Мяне ўзяў сабе ў памагатыя.
     Загадзя ў кабінеце паэта ўстанавілі апаратуру, на рассунутым абедзенным стале — мікрафон. Трансляцыя ў апаратную вялася па тэлефонных правадах. На змярканні хату Купалы запоўнілі госці. Стол, застаўлены закускамі, зіхацеў прыборамі і крышталёвымі чаркамі. Гасцінная і вясёлая цёця Уладзя ўсіх рассаджвала, улагоджвала, да кожнага была ўважлівая і гаваркая. Купала, відаць, хваляваўся, бо часта знікаў у цёмны кабінет, асветлены зялёнымі вочкамі радыёапаратуры, і курыў свой нязменны «Казбек». Я разглядваў шафкі з кнігамі, невялічкі пісьмовы стол, канапу пад клятчастаю посцілкаю. Аж не верылася, што гэта тая святая святых, дзе творыць Купала, дзе столькі напісана.Калі ўсе сабраліся, гаспадар сеў у тарцы стала паміж двума вокнамі. За спіною стаяў светлы дубовы буфет. Па правую руку паэта сядзеў Сакратар ЦВК Максім Ляўкоў, злева — акадэмік Сямён Якаўлевіч Вальфсон. Пасля кароценькага ўступу Любана пачалася звычайная застольная гамана, жарты, дасціпныя рэплікі і тосты, звон чарак і відэльцаў. Усе забыліся пра мікрафон і трымаліся, як і належыць добрым гасцям. За сталом было шмат артыстаў Першага БДТ (цяпер Акадэмічны тэатр імя Купалы). Тосты і гаворка змяніліся песнямі. У хвіліну паўзы на сярэдзіну пакоя выйшла маладая статная Вольга Уладзіміраўна Галіна. Задрыжаў, затрымцеў яе ўсхваляваны голас:
     
     Не глядзі на мяне, не глядзі, адыдзі,
     Не чаруй так сабой і наяве і ў сне!
     Ты смяешся з мяне... Дык ідзі ж, не глядзі,
     Бо замучыш, загубіш навекі мяне!
     
     Гучалі вершы і воплескі, а калі яна дачытала «Спадчыну», падышоў расчулены Купала і пацалаваў руку, артыстка расцалавала паэта. Пасыпаліся дасціпныя жарцікі, падбегла вясёлая цёця Уладзя, пацягнула мужа за крысо: «Няма чаго пры ўсіх цалавацца з маладымі дзяўчатамі!» I сама расцалавала Вольгу Уладзіміраўну. Пакаціўся дружны рогат. Застолле дайшло да таго ўзроўню, калі неабходна было выключаць мікрафон.
     Больш такіх перадач, здаецца, ніколі не было ў гісторыі радыё, а многія сцвярджалі, што слухалі самую цікавую і натуральную перадачу.
     
      ***
     У нядзелю, 18 чэрвеня 1936 года гадзіны ў чатыры дня радыё паведаміла: «Памёр Аляксей Максімавіч Горкі». Я адразу бегма пусціўся на работу — у радыёкамітэт. Там ужо рыхтаваў нечарговы выпуск «Апошніх паведамленняў» галоўны рэдактар Юрка Такарчук. Не адрываючыся ад старонкі, сказаў мне: «Звязвайся з Купалам і прасі, каб напісаў хоць некалькі слоў пра Аляксея Максімавіча».
     Я доўга ўпрошваў тэлефаністку злучыць мяне з Купалам. Усё занята. Яму цяпер, відаць, не да нашых просьбаў. Нарэшце дазваніўся. Пачуўся знаёмы прыцішаны і замаруджаны голас: «Мне, хлопча, пісаць цяпер пра Горкага — усё адно, што сабе некралог. Для ўсіх гэта непапраўная страта, а для мяне найвялікшае гора».— «Вось пра гэта і напішыце хоць некалькі радкоў»,— упрошваў я. «Калі ж рукі калоцяцца. Цяпер не магу. Заўтра зранку забяжы. Можа, што выйдзе. А цяпер і не прасі».
     Назаўтра я пастукаўся ў знаёмы па той памятнай перадачы кабінет. Дзядзька Янка хадзіў па пакоі.
     Толькі кіўнуў па прывітанне, уздыхнуў: «Ніяк не адбіцца. От і газеты звоняць. А што тут скажаш? Рукі не падкладзеш — не ўстане. Душа плача і сэрца рвецца ад болю».
     Ён падаў мне аркушок паперы з кароткім і вельмі прачулым тэкстам. Я прыбег на вуліцу Кірава, у радыёкамітэт, адразу прадыктаваў машыністцы, а арыгінал схаваў сабе, як дарагую рэліквію. Доўга яго бярог. Але ў наш неспакойны час гінулі не толькі рукапісы, знікалі гарады і людзі.
     На месцы колішняга ўтульнага доміка — цяпер Купалаўскі музей. Парастак ад старога кораня стаў тонкаю галінастаю таполяй, дзе некалі стаялі домікі і парканы, разросся шумлівы парк, бронзавыя русалкі пускаюць вяночкі па вадзе, на зялёны курган узышоў сустракаць сонца вечны і нястомны падарожнік — Янка Купала.
     Увечары я часта хаджу каля Купалавага дома. У цьмянае акно падае блакітны прамень маладзіковага святла, а здаецца, пакой з сярздзіны асветлены мяккім святлом, і ў ім мітусіцца цень. А добра прыслухаешся і пачуеш ціхі знаёмы голас: «А хто там ідзе, а хто там ідзе у агромністай такой грамадзе? — Беларусы».
     
      С.Грахоўскі ( Зб.“Так і Было” 1986г.)
     

©2010-2010, Таццяна Грахоўская. Усе правы абаронены.