Беларускі паэт, празаік, перакладчык
Сяргей Іванавіч Грахоўскi
Успамiны. Публiцыстыка
УРОКІ ПЕТРУСЯ БРОЎКІ


     Дзядзькава хата была пры самым поплаве. У канцы яго разлегліся старыя дуплаватыя вербы, за імі, на местачковай Слабадзе, адна пры адной стаялі кузні. Дзядзькава — пасярэдзіне. Далей чарнелі зацярушаныя імжою на кладах хвоі, а за імі — мой маленькі пасёлачак. Два другія акенцы выходзілі на гарод. На градах пахіліліся тычкі з пасохлаю націнаю, шамацеў парудзелы кіяшнік ды бялелі капусныя храпкі.
     А ў хаце было як на свята. Па дарозе з Добруша (хоць дзе там па дарозе? Ад Бабруйска трэба было зрабідь добры крук кіламетраў на паўсотні да нашага далёкага ад бітых дарог Глуска), дык вось, па дарозс з Добруша да майго дзядзькі завярнуў ягоны сын, малады паэт Янка Бобрык са сваім таварышам Петрусём Броўкам. У Добрушы яны разам з ленінградскімі пісьменнікамі «выцягвалі з прарыву» папяровую фабрыку «Герой працы» і заскочылі адведаць Янкавых бацькоў.
     У малюсенькай хатцы адразу стала цесна і людна: прыходзілі суседзі і суседкі нібыта пазычыць солі ці рэшата, каб зірнуць на «менскіх пісацеляў», перакінуцца словам з Янкам, пабачыць яго таварыша. Я па праву родзіча цэлымі днямі круціўся каля гасцей, прыслухоўваўся да кожнага слова, бо і сам змалку спрабаваў пісаць і нешта ўжо друкаваў. Яны часта называлі знаёмыя мне прозвішчы паэтаў, расказвалі смешныя выпадкі, дасціпна жартавалі, каламбурылі і па-юнацку весела рагаталі.
     Вершы Броўкі я ведаў даўно. У 1928 годзе мне трапіў альманах Полацкай філіі «Маладняка» ў блакітнай вокладцы і з прыгожай назваю «Наддзвінне». 3 мноства аўтараў асабліва запомніліся два — Пятрусь Броўка і маладзенькі, у шарачковай світцы і шапачцы-васьміклінцы, ні даць ні ўзяць — вясковы пастушок — Тарас Хадкевіч і яго простыя і шчырыя вершы. Броўка быў зняты ў белай вышыванай кашулі, з ледзь прыкметнаю ўсмешкай, а вершы адразу прыпалі да душы напеўнасцю і складнасцю. У тую пару, калі альманахі выходзілі ва ўсіх акруговых гарадах, пайшла мода на гучныя псеўданімы і вершаваныя «раскідачы», кульгавыя лесвіцы і «беспамерныя панчохі». Чыталі іх і пакутавалі, сіліліся дайсці да сэнсу, не даходзілі, думаючы, што не дараслі да глыбакадумнай мудрасці, а была звычайная эквілібрыстыка. Таму і запомніліся складныя і звонкія Броўкавы вершы. Цяпер ён сам быў тут, у дзядзькавай хаце — сонечнасветлавалосы, яснавокі, вясёлы, парывісты і гаваркі. На цвічку вісеў добры пінжак, а ён хадзіў па «каморы» ў зялёным, з ромбікамі джэмперы.
     У тым памятным 1930 годзе я прыехаў з Бабруйскага камбіната далечваць пакалечаную на станку руку. Асабліва бедавала ад майго «калецтва» маці і прыбегла да сталічнага пляменніка на параду: «Можа, там, у Менску, якія-небудзь касцяныя ці «гутаперчавыя» пальцы прыстаўляюць». Пятрусь шнураваў па хаце і на поўным сур'ёзе гаварыў: «Не плачце, цётка Ганна, бываюць выпадкі, што і адрастаюць пальцы. А не, дактары такі прыштукуюць, што лепшы за свой будзе». Хоць і не вельмі верыла маці, але супакойвалася і выцірала слёзы.
     Памятаю, як Пятрусь з Янкам даставалі з партфеля нейкія смешныя паштоўкі, пісалі на іх пацешныя пасланні Кляшторнаму, Туміловічу і яшчэ некаму, а самі аж заходзіліся ад рогату. Часта ўспаміналі Добруш, расказвалі, як робіцца папера, гаварылі пра нейкія сеткі, каландры і іншыя машыны з гучнымі назвамі. Успаміналі ленінградскіх сяброў, з якімі разам «выцягвалі з прарыву» добрушскую фабрыку. Часцей называлі невядомага мне пісьменніка Шыльдкрэта і яго аповесць «Крылы халопа». Пра аповесць і фільм я чуў, а хто іх аўтар — не ведаў. Толькі пазней даведаўся, што гэта быў у свой час папулярны празаік. Яго аповесцю «Народжаныя бурай» і гістарычнымі раманамі зачытвалася моладзь трыццатых гадоў.
     Вечарамі абодва маладыя паэты хадзілі ў госці да мясцовай настаўніцы Ніны Войтка. Потым яна часта ўспамінала, як яны разам сядзелі каля зыркай грубкі, пяклі ў прысаку бульбу, прыдумлялі каламбуры, чыталі любімыя вершы, а на вуліцы скавытаў вецер і стукаў у шыбы апалым лісцем.
     У дні гасцявання паэтаў я аставаўся ў дзядзькавай хаце. Пакуль гаспадыня ўпраўлялася ў хляве, я паціхеньку зазірнуў у партфелі прыезджых: хацелася паглядзець, як выглядаюць пісаныя ад рукі вер-шы. Але там ніякіх рукапісаў не было. У Янкавым партфелі сярод блакнотаў ляжала паэма Сяльвінскага «Улялаевщина», у Броўкавым — томік Маякоўскага.
     Праз некалькі дзён, як прыехалі на балагольскай фуры, так і паехалі ў Бабруйск да чыгункі. Апусцела дзядзькава хата, а ў мяне стала пуста на душы, нібыта кончылася нейкае вельмі дарагое свята. Восень шумела дажджом і вятрамі, апалым лісцем і крыламі ўстрывожаных выраямі свойскіх гусей.
     Восенню 1931 года я пераехаў у Мінск. Праз некалькі дзён трапіў у Дом пісьменніка на літаратурны вечар. Праходзіў ён у невялічкай перапоўненай зале. Доўга, нібыта на некага сварыўся, на руска-беларускай мове з прыбалтыйскім акцэнтам гаварыў Л. Бэндэ. (Імя яго амаль ніхто не ведаў: пісалі і гаварылі — Л. Бэндэ, і толькі.) Выглядаў ён няўмольным камандзірам пры літаратуры — у галіфэ, у новенькай суконнай гімнасцёрцы з малінавымі пятліцамі без ніякіх адзнак, падперазаны шырокім рамянём, з пісталецікам пры боку. Пакуль ён бушаваў па трыбуне, усе зацята і прыгнечана маўчалі, угіналіся, хаваліся адзін за аднаго, каб часам не трапіць на вока. Бо ацэнкі яго былі катэгарычныя, як прысуд: «нацыяналістычныя настроі», «дробнабуржуазныя тэндэнцыі», «кулацкая ідэалогія».
     Як толькі Бэндэ сышоў з трыбуны, зала адразу ажыла, заварушылася, лёгка ўздыхнула. Пачаліся выступленні паэтаў. Адзін змяняў другога. Усіх я ведаў па часопісах і кніжках, і не столькі слухаў, колькі ўглядаўся ў твары, постаці, манеры. Чыталі, як звычайна, падспеўваючы, падвываючы. Недзе ўсярэдзіне абвясцілі Пятруся Броўку. Малады, золатавалосы, парывіста падышоў да трыбуны і звонкім, на высокай ноце голасам сказаў: «Зямля». У сцішанай зале загучала жывая размоўная інтанацыя, шчырая і страсная:
     Узнімалася зямля, гаварыла жывою,
     На каленях стаяла,
     Прасіла нас...
     
      А калі пракаціліся радкі, падкрэсленыя рытмічнымі ўзмахамі рукі і звонкім голасам:
     
     Гэта толькі кавалак
     Нашай доўгай дарогі
     Ды галоднай тугі за парожнім сталом,
     Калі вецер біў шыбы, узінімаючы скогат,
     I прыходзіла смерць
     Біць халодным чалом,—
     прысутныя падаліся наперад, далучыліся да паэтавай страсці, радкі верша ажылі перад вачыма. Хто яшчэ выступаў, ужо не помпю, а «Зямлю» і Броўкаву манеру чытаць запомніў да драбніц, нібыта ўчора было.
     Пасля выступленняў я затрымаўся пры выхадзе з залы,— хацелася трапіць на вочы Петрусю, каб пазнаў, загаварыў. I пазнаў-такі, прывітаўся, смеючыся спытаў: «Ну як, не адрос палец?» I сур'ёзна пацікавіўся, дзе спыніўся, што збіраюся рабіць. А мне хацелася падзякаваць яму за верш, за чытанне, але язык не слухаўся ад разгубленасці, ад вясковай сарамяжнасці, што ўсё жыццё замінала, ды і цяпер замінае сходзіцца з людзьмі.
     У тую восень я часта наведваў Дом пісьменніка, з'явіліся сябры сярод маладых паэтаў, віталіся сталыя вядомыя пісьменнікі, нават пару разоў бралі з сабою выступаць на вечарах. А з Броўкам сустракаўся, як з даўнім знаёмым. Заўсёды вясёлы жартун, галасісты і кампанейскі, кожны дзень з'яўляўся ў Доме пісьменніка. Відаць, на кватэры яму не было дзе прыткнуцца з рукапісам, ды і не толькі яму, бо жылі тады ў бакавушках і закутках прыватных дамкоў. У Доме пісьменніка Броўка зачыняўся ў ма-ленькім цьмяным пакойчыку і не выходзіў да абеда. Пісаў ён тады паэму пра мінскіх камсамольцаў — «Так пачыналася маладосць».
     Калі яму ўдаваўся нейкі раздзел або эпізод і хацелася падзяліцца з сябрамі, ён выходзіў у суседні пакой, трымаў у руках жоўтыя старонкі нейкай канторскай кнігі. А пачытаць заўсёды было каму: у чытальні заўсёды сядзелі паэты, празаікі, пачаткоўцы чыталі адзін аднаму напісанае, спрачаліся горача і злосна, але заставаліся сябрамі назаўсёды.
     — Хлопцы, паслухайце,— звяртаўся Броўка і пачынаў чытаць яшчэ не астылыя радкі новай паэмы.
     Ён, бадай, адразу прынёс у паэзію свае энергічныя інтанацыі, свой лад і склад, лірычную публіцыстычнасць і палымяную перакананасць, авеяную рамантыкай баявога юнацтва.
     Мы клялі вас тады,
     Мінеральныя воды
     I абвеяны снегам суровы
     Каўказ,—
     Белы гад нас прыціснуў
     Крыжовым паходам
     I распетрылі чэрці нас.
     Вершы адрасаваліся шырокай аўдыторыі. Асабліва ў выкананні аўтара яны гучалі страсна і пераканаўча, на высокай грамадзянскай ноце. А ў жыцці быў вясёлы і просты, кампанейскі Пятрусь Броўка. У яго было шмат сяброў, усе аднолькава маладыя, бязгрэшныя і безграшоўныя, не адлучаныя адзін ад аднаго званнямі і высокімі тытуламі, таму любілі і паважалі адзін аднаго без выгод і крывадушша, хадзілі да сяброў без папярэдніх званкоў і запрашэнняў, як ходзяць у вёсцы сусед да суседа, пагаманіць, пасядзець, параіцца, адвесці душу.
     Броўка жыў у нейкім катушку на Красівай вуліцы, а сустракаўся заўсёды ў гурце сяброў — Кляшторнага, Скрыгана, Хадыкі, Баранавых, Хведаровіча, Багуна. Любіў ён дасціпны жарт, розыгрыш, шумнае застолле, шпацыр па Савецкай вуліцы або па дарожках парка «Прафінтэрн» (цяперашні — імя Горкага). 3 усімі ён быў уважлівы, далікатны, роўны з вялікімі і малымі, хоць імя яго трывала ўвайшло ў паэтычную рубрыку, а кнігі «Гады, як шторм», «Прамова фактамі», «Цэхавыя будні» і аповесць «Каландры» былі шырока вядомы ў рэспубліцы.
     Броўку я ведаў якраз паўстагоддзя. Яго сардэчнасць, шчодрую абавязковасць, жаданне дапамагчы, дзе толькі можна, ведае кожны, хто з ім сустракаўся. Гэтых якасцяў не зацьмілі ні высокія званні, ні ўзнагароды, ні празмерная занятасць. Броўка заўсёды заставаўся Броўкам — роўны і шчыры з даўнімі і новымі сябрамі, з равеснікамі і моладдзю, з шматлікімі просьбітамі і хадайнікамі. Але пра гэта трохі пазней.
     У 1932 годзе я паступіў на літфак Вышэйшага педагагічнага інстытута імя Горкага. Пасля першых зімовых канікулаў палавіна студэнтаў нашай групы не вярнулася ў галаднаваты і халаднаваты Мінск са сваіх сытых вёсак. Засталося нас 13 душ. Так усе дружна і дацягнулі да выпуску. Разам з намі вучылася тоненькая, далікатная і кволая, вельмі інтэлігентная Лёля Рыдзеўская. Мы, мужыкаватыя дзеці вёскі, не адважваліся падступіцца да яе. Займаліся мы ў другую змену, заняткі канчаліся гадзін у дзевяць вечара. Выходжу неяк у перапынку ў калідор, бачу — за пілястраю стаіць Броўка. I ён мяне адразу пазнаў. «Слухай, папрасі, каб выйшла Лёля Ры-дзеўская. Толькі ціха, ціха». Паклікаў. Увесь вялікі перапынак яны прастаялі ў куточку. Потым не раз даводзілася выводзіць сваю аднакурсніцу да Петруся Усцінавіча. Ні кватэры тады ў яго не было, ні службы, ні пэўнага матэрыяльнага дастатку. I, напэўна, інтэлігентныя бацькі Алены Міхайлаўны без энтузіязма і асаблівай ухвалы ўспрынялі заляцанні да адзінай дачкі маладога паэта. I ўсё ж каханне перамагло. Неўзабаве мы з Міколам Хведаровічам наведалі маладую сям'ю Броўкаў у маленькім пакой-чыку на Шпіталыіай вуліцы. Яны былі шчаслівыя, а мы радыя за іх.
     Потым пайшлі расстанні без развітанняў і доўгія пакутныя дарогі. Адбушавала страшная вайна з незлічонымі стратамі і разбурэннямі, жывыя пацягнуліся да сваіх папялішчаў. 3 вялікім спазыеннем вярнуўся ў Мінск і я. Перш чым асталявацца ў горадзе, знайшоў прыстанішча ў Каралішчавіцкім доме творчасці. Канец лютага звінеў капяжамі і адталымі пупышкамі, пачарнелі дарогі, і асядаў сітаваты снег. Заняў пакойчык. Наўкол — незнаёмыя абліччы і вядомыя па друку прозвішчы. Адчуў сябе адзінокім. I раптам у сталоўцы сустракаю Петруся Броўку — старшыню Саюза пісьменнікаў, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР. Не ведаў, ці пазнае праз дзевятнаццаць гадоў, ці захоча прызнацца ў колішнім знаёмстве. Як жа я быў усцешаны і ўзрадаваны, калі ён падышоў першы і сагрэў душу шчырым абдымкам і добрым словам. Ад разгубленасці не ведаў, як звяртацца да яго: пачаў зваць на «вы», па імю і па бацьку. А ён — жартам: «Не зазнавайся. Усё роўна на «вы» зваць не буду. Пасля снедання заходзь да мяне, у трэці пакой».
     На стале былі акуратна складзены папкі, відаць, рукапісу рамана «Калі зліваюцца рэкі», а ў кутку — ядлаўцовы кіёк, дзверы расчынены на веранду, у пакоі — узорны парадак.
     — Сядай, расказвай, дзе быў, што рабіў, як жылося.
     Не кожны так умее слухаць, як слухаў Пятрусь Усцінавіч: у яго вачах і на твары адбіваліся людскія радасці і пакуты, клопаты і трывогі, здавалася, ён бачыць усё ўвачавідкі. Нарэшце спытаў:
     — Што думаеш рабіць? Калі спатрэбіцца дапамога, заходзь.
     Я прызнаўся, што ўсе гэтыя гады нешта пісаў, тое-сёе захавалася, але баюся, што адстаў ад цяперашніх літаратараў і мая пісаніна нічога не варта.
     — А ты пачытай. Збоку відней.
     Так я ніколі не хваляваўся, як чытаючы тыя некалькі вершаў, прывезеныя з далёкіх вандровак. Пятрусь Усцінавіч слухаў уважліва і засяроджана.
     — I няма чаго прыбядняцца. Ніколькі ты не адстаў. Пішаш не горай за іншых. Скажу Вялюгіну, няхай возьме гэтыя вершы ў «Полымя».
     Па абедзе да мяне пастукаўся Анатоль Сцяпапавіч Вялюгін. Я здзівіўся, што ён помніў строфы з маіх юнацкіх вершаў, прачытаў новыя і адабраў некалькі для часопіса. У жніўні яны з'явіліся на старонках «Полымя». Маё вяртанне ў літаратуру блаславіў Пятрусь Усцінавіч.
     У Каралішчавіцкім доме Броўка не праспаў ніводнага світання. У любое надвор'е ён уставаў у шэсць гадзін раніцы і выпраўляўся на праходку. Каб не будзіць суседзяў, хадзіў ён па дыбачках, ціхенька прычыняў дзверы, асцярожна сыходзіў па рыплівай драўлянай лесвіцы. Аднойчы жартам сказаў мне:
     — Позна спіш, хлопец. Ты ж і так столькі часу марна страціў. Далучайся заўтра. Сходзім да Свіслачы. Пасля праходкі — за работу. Няма чаго лынды біць.
     На другі дзепь поцемкам па падшэрхлай дарозе выйшлі на шырокую заледзянелую гравійку. У лесе яшчэ ляжаў счарнелы снег, а бярэзнік ужо набрыняў веснавымі сокамі, над лесам вісеў сіняваты змрок. Пятрусь Усцінавіч ішоў спорным крокам, памахваючы сырым ядлаўцовым кійком. Пакуль ён жыў у Доме творчасці, мы штодня хадзілі кіламетры за тры да веснавое, пад пахілымі вербамі Свіслачы. Пасля такога мацыёну ў сталоўку Пятрусь Усцінавіч прыходзіў расчырванелы, бадзёры, гаваркі і вяселы. Ёп адразу ўключаўся ў агульную размову, дасціпна жартаваў, часта ўспамінаў афарызмы Якуба Коласа, раней за іншых канчаў снеданне і спяшаўся ў свой пакойчык, як ён казаў, «да станка». Ніхто яго не мог хоць ненадоўга затрымаць, парушыць заведзены распарадак. Усе ведалі яго дакладнасць і абавязковасць. Зімою і летам, калі нават позна ноччу вяртаўся з дарогі, ён уставаў у 6 гадзін, ішоў на праходку, пасля снедання — работа за сталом, па абедзе — чытанне навінак і рукапісаў (ён жа быў членам многіх рэдкалегій), потым кароткі адпачыпак, а перад сном зноў некага запрашаў на шпацыр. Калі ж падсыхалі лясныя сцяжынкі, любіў адзін паблукаць па хвойніках і пералесках — «пазбіраць радкі, метафары і строфы новых вершаў».
     Колькі яго шэптаў, дум і гаворак з сябрамі падслухалі каралішчавіцкія бярозы і хвоі. Шкада, што ўсяго нельга ўспомніць! А тады здавалася,— наперадзе бясконцае жыццё, што ўсё яшчэ паспеецца, таму і не занатоўвалі цікавых гаворак. А памяць? Яна ненадзейная. Пятрусь Усцінавіч асабліва быў прагны да ўсяго новага, невядомага, умеў распытваць і так слухаць, што хацелася расказваць і расказваць з усімі падрабязпасцямі пра свае доўгія вандроўкі па пакутніцкіх дарогах, пра боль ад незаслужаных крыў-даў, пра тое, як у часе вайны ў глыбокім тыле мы апантана працавалі на абарону па дзве змены запар, як жанчыны на швейнай фабрыцы па сваёй волі суткамі не выходзілі з цэхаў, каб болей пашыць салдацкіх бушлатаў і целагрэек, маскхалатаў і рукавіц, як удзепь і ўночы адгружалі абаронным заводам авіяцыйную фанеру, ружэйную балванку і дровы — Маскве.
     Падрабязна і зацікаўлена распытваў Пятрусь Усцінавіч пра лёс сваіх колішніх сяброў, што неспадзеўна зніклі ды так і не вярнуліся. Ахвотна расказваў Пятрусь Усцінавіч пра першыя дні вайны, успамінаў, як іх рэдакцыйная машына трапляла пад бамбёжкі, як разам з Міхасём Лыньковым ратаваліся ў прыдарожных варонках і лазняках, а газета ўсё ж на перадавую прыходзіла ў час. 3 глыбокім болем гаварыў пра закатаваную ў Асвенціме маці, пра пакуты блізкіх. Пра іх ён усхвалявана напісаў у самай шчымлівай і пранікнёнай паэме «Голас сэрца».
     У 1960 годзе Пятрусь Усцінавіч прапанаваў мне працаваць у апараце Саюза пісьмешіікаў. Гэта была для мяне выдатная школа. Бо хто хоць нядоўга папрацаваў з Броўкам, прызвычаіцца да арганізаванасці, дакладнасці, абавязковай пунктуальнасці, сабранасці і аператыўнасці. Урокі Петруся Броўкі — паэта, чалавека, кіраўніка, таварыша, засвойваюцца на ўсё жыццё. Я не помню выпадка, каб любое пасяджэнне ён пачаў на некалькі хвілін пазней прызначанага часу, каб хоць калі спазніўся на сустрэчу з любым чалавекам, каб зацягнуў выступленне непатрэбнай агульшчынай. Усё — толькі дзелавое, толькі канкрэтнае, неабходнае. Пасяджэнні Прэзідыума Саюза пісьмепнікаў з самым складаным парадкам дня Броўка праводзіў за гадзіну, ад сілы за паўтары. I была поўная яснасць, дакладнасць, завершанасць самых складаных праблем.
     3 наведвальнікамі — пісьменнікамі, пачаткоўцамі, са сваімі выбаршчыкамі, з шафёрамі і машыністкамі, калгаснікамі і дзецьмі Пятрусь Усцінавіч заўсёды гаварыў, як роўны, проста, шчыра, без позы, з добрым досціпам і жартам. Калі ён хоць што абяцаў, можна было быць пэўным, што ўжо ўсё зроблена. Здаралася, папросіш якую дробязь і сам забудзеш, а ён праз нейкі час пазвоніць ці скажа пры сустрэчы, што просьбу выканаў, усё, што мог, зрабіў. А ён мог многае.
     Як не хапае гэтых званкоў цяпер, як пуста без яго добрага слова, шчырай парады і падтрымкі. У 1973 годзе Пятрусь Усцінавіч прапанаваў мне пасаду адказнага сакратара Камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Ён быў яго старшынёй і галоўным рэдактарам Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. Стол і шафа Камітэта стаялі ў невялікай канферэнцзале Энцыклапедыі. У ёй часта праходзілі аператыўныя планёркі з загадчыкамі рэдакцый, рэдактарамі, мастакамі, гаспадарнікамі. Пытанні былі навуковыя, тэарэтычпыя, гістарычныя, філасофскія, тэрміналагічныя. Некаторыя работнікі прасілі адтэрміновак у здачы пэўных работ. Па любому пытанню Броўка прымаў канкрэтнае і дакладнае рашэнне, здзіўляючы сапраўды энцыклапедычнай дасведчанасцю. Просьбы і апраўданні ён улічваў з разуменнем уважлівых прычын, пераносіў тэрміны і ведаў, што яго ніхто ўжо не падвядзе. 1 не падводзілі. Не выканаць паабяцанае Броўку было проста немагчыма, як некалі казалі,— грэх.
     Пасля аднае такой нарады я зайшоў у яго кабінет і стаў сведкам размовы Петруся Усцінавіча з класным кіраўніком дачкі аднае супрацоўніцы Энцыклапедыі. Ён распытваў не толькі пра паводзіны тае дзяўчынкі, яго цікавіла, як пастаўлена выхаванне ў школе, чым захапляюцца вучні, ці старанна вучацца. Сваё абяцанне класнаму кіраўніку паўздзейнічаць на дачку і на маці Пятрусь Усцінавіч выканаў: некалькі разоў гутарыў з свавольнай шасцікласніцай, тая чырванела і гублялася і, казалі, выправілася ў паводзінах і ў вучэнні. Для Петруся Усцінавіча не было дробных, не вартых увагі спраў. Ён ніколі не казаў: «Гэта мяне не датычыцца», яго хвалявалі людскія лёсы і клопаты, кожнаму ён імкнуўся дапамагчы, зрабіць дабро. Я дагэтуль удзячны яму за ўвагу і дапамогу.
     Часам, збіраючыся ісці дадому, Броўка пазвоніць па тэлефоне: «Зайдзі на хвіліну». Заходжу. «Сядай, бяры аловак і паперу — запісвай, калі што разане вуха, а я пачытаю новыя вершы. Можа, яшчэ не астылі, не адстояліся». Заўвагі ніколі не крыўдзілі яго, многае прымаў адразу, іншае адзначаў у рукапісу, казаў: «Падумаю, пашукаю. Можа, і твая праўда». Прасцей было ўсё пахваліць, а ён чытаў, каб палепшыць, бо «збоку заўсёды відней».
     У 1971 годзе выдаўцы задумалі зрабіць добры падарунак жапчынам — выпусціць на беларускай і на рускай мовах маленькага, зграбнага фармату кніжачку лірыкі Броўкі і папрасілі мяне напісаць да яе кароткую прадмову. Далі рукапіс і вызначылі сціслыя тэрміны. Самае цяжкае пісаць коратка. Адкінуўшы некалькі варыянтаў, апошні — паказаў аўтару. Пазваніў. «Заходзь. Чакаю»,— пачуўся вясёлы звонкі голас. Кватараваў Пятрусь Усцінавіч у старым даваенным доме. Ён не імкнуўся мяняць і пашыраць кватэры, задавальняўся тым, што было: парыпваў рассохлы паркет, не было ні сучасных «сценак», ні модных дываноў. Прасторны кабінет застаўлены кніжнымі паліцамі ўзору першых пасляваенных гадоў, доўгі пісьмовы стол, на ім стосік папак з рукапісамі, гранкі энцыклапедыі, свежыя часопісы. На стэлажах — здымкі: разам з Твардоўскім, з Ісакоўскім, Пракоф'евым, Рыльскім, Якубам Коласам. I святло не надта зыркае ў кабінеце. Пара крэсел — і ўсё.
     Я прачытаў прадмову і чакаў, што ён скажа. Маўчыць і пазірае на мяне. Ну, думаю, поўны правал.
     — Ці не занадта ты перахваліў маю лірыку? Гэта ж не юбілейны артыкул. Давай далікатненька паздымаем эпітэты. Няхай вершы самі за сябе гавораць.
     Наогул, я табе скажу, тлумачыць паэзію — занятак не патрэбны, чытач цяпер сам разбіраецца.
     Так і пайшла мая прадмова без эпітэтаў і азначэнняў. Я прызнаўся, што мне не вельмі падабаецца назва кніжкі, раіў пашукаць нешта больш паэтычнае.
     — Не, не,— запярэчыў ён.— Праўду кажаш, вельмі асабістая і разам з тым агульная. Хай так і будзе: «Ты — мая пчолка». Многім, чаго дасягнуў, я абавязаны сваёй пчолцы, Алене Міхайлаўне. Не табе расказваць.
     Мы разам перагарталі рукапіс, пазнаходзілі дробныя агрэхі, фанетычныя збегі, якія можна лёгка выправіць. Пятрусь Усцінавіч сваім дробным прыгожым почыркам уносіў папраўкі ў тэкст, у пераклады, выкрэсліваў эпітэты з маёй прадмовы.
     Неўзабаве выйшла прыгожая, па-веснавому светлая кніжачка. На падараваным мне экземпляры Пятрусь Броўка зрабіў вельмі прыемны для мяне надпіс. На сваіх кніжках ён ніколі не паўтараў падарункавых аўтографаў, пазбягаў казённага стэрэатыпу. Пры сваёй страшэннай занятасці і перагружанасці ён сам запакоўваў бандэролі, надпісваў сябрам і прыхільні-кам яго таленту новыя кніжкі і сам адносіў на пошту. I цяпер дзіву даешся, як ён скрозь паспяваў: ніколі не пазніўся, не пакідаў нічога не зробленым, абяцанага не выкананым.
     Аднойчы пад звон вясновых капяжоў і бульканне іскрыстых ручаінак мы сустрэліся з Петрусём Усцінавічам на Пляцы Волі. У той час Энцыклапедыя яшчэ тулілася ў падсуседзях у Акадэміі навук. Было цесна і няўтульна, але работа ішла спорна і зладжана.
     — Калі маеш трохі часу, хадзем нешта пакажу,— сказаў Пятрусь Усцінавіч, павёў на Інтэрнацыянальную вуліцу і спыніўся насупраць новенькага пяціпавярховага дома. Я яго бачыў упершыню. «Міністэрства юстыцыі БССР»,— прачытаў на шыльдзе.
     — Як табе падабаецца гэтая будыніна? Праўду кажаш, зграбная і прыгожая. Дык вось праз год перабяромся ў такі дом. Я скептычна ўсміхнуўся і прыгадаў старую прыказку: «Каб жа нашаму цяляці ды воўка з'есці».
     — От пабачыш. Мы зэаканомілі грошы, узяўшы гатовы праект, і ў часе выйгралі. Ужо работа ідзе поўным ходам. Так што праз год запрашу на ўваходзіны.
     Я праводзіў Пятруся да яго дому, бо ў мітусні імклівага жыцця не часта выпадала сустракацца і гаварыць.
     Не ведаю, больш ці менш прайшло за год, неяк пазваніў мяне Пятрусь Усцінавіч:
     — Не дужа заняты?.. Калі вольны, прыязджай на наваселле Энцыклапедыі. Не забыўся пра нашу размову? Куды? Акадэмічная вуліца, 15-а. Вельмі проста: да галоўнага корпуса Акадэміі і направа. Прыязджай, чакаю.
     Хуценька сабраўся і праз два тралейбусныя прыпынкі па ціхай зялёнай вуліцы ўбачыў новы будынак з шыльдаю Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. Побач яшчэ былі відаць сляды будаўніцтва: сям-там ляжаў друз, бітая цэгла, пад'езд не паспелі заасфальтаваць.
     Сустрэў мяне вясёлы, узрушаны Броўка. «А што я табе казаў? Вось мы і ў сваёй хаце. Хадзем, пакажу». Ліфт нас падняў на пяты паверх. Агляд пачалі з канферэнц-залы, аглядалі пакоі рэдакцый, розныя службы, аж да ратапрынтнай у падвальным пакоі. Потым сядзелі ў кабінеце галоўнага рэдактара, фактычна кіраўніка вялікага творчага калектыву. Можа, і недарэчы, я сказаў пра ўбачаныя на двары недаробкі .
     — Добра, што напомніў. Зараз.— Ён набраў тэлефонны нумар. Размова мне запомнілася слова ў слова, з усімі інтанацыйнымі нюансамі: — Дзень добры, Мікалай Цімафеевіч. Броўка гаворыць. Вялікае вам дзякуй за цудоўны будынак. Усё выдатна. Малайцы будаўнікі. Не сёння заўтра абяцаў завітаць высокі госць, а пры ўваходзе ёсць дробныя недаробачкі: друз не прыбраны, не асфальтаваны тратуар каля ганка. Каб ні нам, ні вам не было сорамна, прышліце, калі ласка, рабочых. Вялікае дзякуй. Да пабачэння.— Паклаў трубку і засмяяўся: — Чым раней зробяць, тым лепш. А гасцей у нас будзе шмат. I большых і меншых.
     Мы яшчэ трохі пасядзелі, а калі я выйшаў, грузавік адвозіў будаўнічы друз, асфальтоўшчыкі рассоўвалі гарачы асфальт, з цмоканнем яго прасаваў каток.
     Броўкава добразычлівасць, мяккасць, даступнасць, абавязковасць, дзелавітасць і шчодрая дабрата вабілі людзей розных узроўняў і ўзростаў. Таму ў Энцыклапедыі адразу падабраўся кваліфікавапы, дружны і працавіты калектыў. I не дзіва, што пад кіраўніцтвам Броўкі ён здолеў у найкарацейшы тэрмін (з 1969 па 1975 г.) выдаць высоканавуковую, першую ў гісторыі нашага народа дванаццацітомную Беларускую Савецкую Энцыклапедыю. Выдалі. А што далей? Няўжо можна распусціць такі зладжаны творчы калектыў? Гэта рупіла Петруся Усцінавіча. Памятаю, як аднойчы Броўка вярнуўся з сесіі Вярхоўнага Савета СССР, узрушаны, вясёлы і шчаслівы, і пры першай жа сустрэчы расказаў, што ў Маскве на высокім узроўні вырашылася пытанне аб ператварэнні рэдакцыі БелСЭ ў сталае выдавецтва, замацаваўшы ўвесь штат.
     — Ты разумееш, нельга страціць такі калектыў, ды і як я людзям у вочы пагляджу? Я ж іх сарваў з добрых работ (хоць зрываліся яны самі, ішлі ў энцыклапедыю з вялікаю ахвотаю), месцы іхнія цяпер занятыя. Вось і дамогся, каб усё засталося, як ёсць. А работы для энцыклапедычнага выдавецтва хопіць на дзесяцігоддзі.
     Цяпер працуе шматгаліновае выдавецтва Беларускай Савецкай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі. Створанае ім, згуртаванае і загартаванае, узнятае на высокую навуковую ступень. Яно прыняло светлае імя свайго заснавальніка, зберагае яго традыцыі, атмасферу прынцыповай добразычлівасці і працавітасці.
     Заўсёды энергічны, няўрымслівы, кіпучы і няўседлівы Броўка, як і ўсе людзі, часам сумаваў і нудзіўся, адчуваў сябе не лепшым чынам, але ніколі не скардзіўся — у самыя крытычныя хвіліны заставаўся бадзёрым аптымістам. У хвіліны тугі ішоў да людзей або клікаў каго-небудзь да сябе. Аднойчы, як толькі зямлю прысаліў першы сняжок, Пятрусь Усцінавіч пазваніў мне. Як заўсёды, спярша пацікавіўся, як адчуваю, ці не дужа заняты, а потым:
     — Давай праскочым да мяне на дачу. Калі згодзен, збірайся і выходзь на вуліцу. Зараз шафёр пад'едзе.
     У Петруся Усцінавіча і шафёры заўсёды былі такія ж абавязковыя і дакладныя, як гаспадар. Праз некалькі хвілін мы ўжо ехалі на вуліцу Карла Маркса, да Броўкавай кватэры. Каля пад'езда нас чакалі Пятрусь Усцінавіч і яго малодшы брат Сцяпан. Пагрузілі ў багажнік прадукты і паехалі на ўзбярэжжа Мінскага мора. Пад снежным пылам чарнелі свежыя барозны, абветраныя кусты і прысады, у цёмна-сіняй смузе да самага небакраю стаялі маўклівыя лясы. 3 асфальту звярнулі на ўхабістую дарогу. Да густога хвойніку прытуліліся тры хаты. Крайняя — Броўкава. Пад нагамі шапаціць счарнелае яблынавае лісце, на абпаленых марозам вяргінях і астрах растае сняжок ад слабага праменьчыка сонца.
     Шафёра Пятрусь Усцінавіч адпусціў адразу: «Няма патрэбы псаваць Івану Францавічу выхадны дзень». Сцяпана папрасіў зварыць капусту: «Толькі рэдзенькую, як некалі мама варыла»,— і пасмажыць дранікаў.— «А мы паходзім каля возера».
     Гэта была незвычайная праходка. Прымаразкі зашклілі тоненькім лядком лужыны, зашэрхлі закрайкі возера, загусцелыя цёмныя хвалі возера з шоргатам біліся ў бераг, адкочваліся і знікалі ў сіняватай смузе. Мы ішлі моўчкі. Кожны ўглядаўся ў элегічную прыгажосць шэрага асенняга дня і думаў сваё. Усё настройвала на ўспаміны, на шчырую спавядальную гаворку. Пятрусь Усцінавіч гаварыў пра рост нашай літаратуры за некалькі савецкіх дзесяцігоддзяў, што яна стала ўпоравень з літаратурамі свету, што паспела зрабіць больш у наш час, чым за многія стагоддзі пасля Скарыны. Асабліва ён захапляўся талентамі маладых празаікаў і паэтаў, што сталі гонарам нашай літаратуры. Памаўчаўшы, сказаў: «А каб мы не панеслі такіх стратаў у вайну! Можа, сярод загінуўшых юнакоў былі сапраўдныя таленты і геніі. Добра, што ваенныя ўрачы выратавалі Быкава і Мележа, а колькі такіх не вярнулася. Каб жылі і працавалі цяпер Астапенка, Жаўрук, Шынклер, Каваль, Гарэцкі, Ушакоў, Хадыка, Галубок, якая б у нас была літаратура! Ды і вайна, праўду кажучы, праявіла і загартавала многія таленты. Каб не ва-енны вопыт, не было б «Векапомных дзён» Лынькова, паэм і вершаў Танка, Астрэйкі, Вялюгіна і Бялевіча. А які сумленны і магутны талент Васіль Быкаў, дарэчы, мой зямляк, ушацкі. Паэзія Панчанкі — аголены нерв, бескампрамісная адкрытасць, грамадзянская радасць і боль. Таленавіты наш народ, што і казаць. Асабліва радуе мяне Аркаша Куляшоў (па праву старэйшага і даўняга друга Броўка яго заўсёды называў ласкава-памяншальна). Люблю яго паэзію, ясную, простую, глыбокую па думцы і пачуццях, дасканалую па форме. А некаторыя і здольныя паэты, як адзёрам, захварэлі мудрагельствам ці хочуць дагадзіць нейкай чужой модзе, паказаць «інтэлект», дасведчанасць, уяўную сучаснасць і пішуць нейкія раскілзаныя раскідачы. Столькі гадоў сачу за паэзіяй, нашай і сусветнай, а некаторыя гугнявыя выкрутасы не магу сябе прымусіць дачытаць. Бяруся другі раз — і не магу. Для каго яны пішуць, і самі не ведаюць. Шкада, што некаторыя маладыя пачынаюць ім патрафляць. Не разумею, навошта яны звычайную прозу разбіваюць на радкі і строфы. Пісаў жа Тургенеў вершы ў прозе. Там было ўсё паэтычна і зразумела».
     Цяпер усяго не прыпомніш. А самае істотнае ў разважаннях Петруся Усцінавіча засталося ў памяці.
     Пасля смачнай капусты і дранікаў мы сядзелі ў кабінеце пад самым дахам хаты. За акном павольна гайдаліся прыцярушаныя снегам цёмныя хвоі, у пад-дашшы вуркатала галубка. Пятрусь Усцінавіч чытаў мне свае новыя апавяданні і вершы. Неўзабаве яны склалі кніжкі «Разам з камісарам», «I ўдзень і ўночы». Праз некалькі месяцаў я сустрэўся з Броўкам у Маскве. Ён прапанаваў разам паабедаць, а па дарозе заехалі ў выдавецтва «Советский писатель». Рукапіс новага зборніка «I ўдзень і ўночы» Пятрусь Усцінавіч перадаў дырэктару выдавецтва Лесючэўскаму. У яго кабінеце сядзеў Барыс Палявой. Я назіраў, з якой братняй любоўю і пяшчотай яны сустракалі Петруся Усцінавіча. Папулярпасцю і пашанай ён карыстаўся ў Маскве і ў кожнай рэспубліцы, дзе толькі з'яўляўся.
     Я ўдзячны лёсу, што некалі звёў мяне з выдатным чалавекам і слаўным паэтам, рады, што зведаў яго ўвагу і ласку: Пятрусь Усцінавіч запрашаў мяне ў паездкі да выбаршчыкаў у Мазыр, Петрыкаў, Лельчыцы, разам ездзілі на з'езды пісьменнікаў Літвы, на Дні беларускай літаратуры. У часе яго дзяжурства ў сакратарыяце Саюза пісьменнікаў СССР неяк Пятрусь Усцінавіч прапанаваў мне: «Давай адведаом старога Дубоўку. Пазвані, дазнайся, ці дома, распытай, як прасцей яго знайсці ў тых Новых Чаромушках». Праз паўгадзіны мы былі ў маленькай кватэры Уладзіміра Мікалаевіча. Як праменіліся яго маладыя сініЯ вочы, як ён хораша ўсміхаўся, радуючыся сустрэчы з даўнім сябрам. Гэты белабароды чараўнік-казачнік чытаў свае мудрыя вершы і легенды для дзяцей і дарослых. Пятрусь Усцінавіч загаварыў, што трэба было б памяняць кватэру на больш прасторную. Дубоўка адмахваўся, яму і тут добра, тут ціха, свежае паветра і побач поле, можна прайсціся, як на роднай Пастаўшчыне. Развіталіся яны як самыя кроўныя і блізкія людзі, не ведаючы, што бачацца апошні раз.
     Успамінаюцца сумесныя паездкі, сустрэчы з людзьмі, задушэўныя гаворкі Петруся Усцінавіча з акадэмікамі і простымі кабетамі, без позы, без ценю штучнасці. Яго шчырасць і абаяльнасць адразу заваёўвала сімпатыі і раскрывала сэрцы субяседнікаў. Урокі Броўкавай дабраты, прастаты і ўвагі да чалавека не забываюцца ніколі і нікім.
     15 сакавіка 1980 года я прыйшоў у бальнічную палату адведаць хворага Петруся Усцінавіча. Ён быў спакутаваны да празрыстай непазнавальнасці. У палаце гаманіла радыё, ляжаў стос свежых газет і апошнія нумары часопісаў, гранкі энцыклапедычнага выдання. Хоць відно было, што яму кепска, сказаў, што адчувае сябе няблага. «Вось трохі падрамантуюць, і пайду дахаты. А пакуль што цяжкавата гаварыць. Расказвай ты, што там новага, а я паслухаю».
     Я разумеў, што яго нельга стамляць, і некалькі разоў памыкаўся пайсці, а ён прасіў пабыць яшчэ. Як я ні пярэчыў, ён усё ж правёў да калідора, а раз-вітваючыся, сказаў, што ў панядзелак у «Правде» будзе яго верш, і калі не цяжка, прасіў прынесці экземпляр газеты. Мы развіталіся, спадзеючыся яшчэ не раз сустрэцца.
     У панядзелак купіў некалькі экземпляраў «Правды» з вершам Броўкі «Бяссмерце», прысвечаным памяці былога рабочага мінскага радыёзавода Лук'яновіча, які стаў правобразам славутага манумента ў Берліне савецкага воіна з выратаванай нямецкай дзяўчынкай на руках. Не хацелася турбаваць Петруся Усцінавіча, і газеты я перадаў праз санітарку. Увечары пазваніла Алена Міхайлаўна і падзякавала ад сябе і ад мужа за свежую прэсу.
     Праз некалькі дзён, глытаючы слёзы, я стаяў у ганаровай варце каля труны Петруся Усцінавіча Броўкі. Перад вачыма праходзіў паўвекавы шлях нашага зпаёмства, успаміналіся ўрокі яго дабраты, шчодрай увагі, прастаты, абавязковасці і шчырасці і апошні апублікаваны пры яго жыцці верш
     
     «Б я с с м е р ц е».
     
      С.Грахоўскі (Зб.“Так і Было” 1986г.)
     

©2010-2010, Таццяна Грахоўская. Усе правы абаронены.