Беларускі паэт, празаік, перакладчык
Сяргей Іванавіч Грахоўскi
Вершы

Саксафаніст

На рыначным стракатым фоне
Іграў заслужаны артыст на саксафоне.
Было яму на золку не да сну, —
Завейваў снег густую сівізну,
Гучалі вальсы Штрауса, то туш,
I «зайцы» падалі часамі ў капялюш.
Ад лютай сцюжы ледзянелі пальцы,
У кедах ногі стылі на асфальце,
А ён іграў то маршы, то сюіты,
Як некалі, дзеля вышэйшай світы,
I вось нарэшце атрымаў свабоду
Іграць тутэйшаму народу.
Іграў натхнёна, як заўжды, —
Перабіраў настылыя лады.
Забыўся ён пра колішняе званне
I не сыходзіў з рынку да змяркання.
«Адзначыліся» сорак тры душы
Ў паношаным яго капелюшы.
Я непрыкметна, быццам цень,
Яго прыходзіў слухаць кожны дзень.
Але замоўк раптоўна саксафон.
Міналі тыдні, — не з’яўляўся ён.
Не змоўк базарны лямант, як бывала,
А мне усё чагосьці не хапала.
Знаёмыя казалі, што на сконе
Ён ціхенька іграў на саксафоне,
Што засталася ў музыканта змена,
Што сын іграў жалобны марш Шапэна,
I не змаўкаў да самае імшы...
Гудзе базар, ды пуста на душы.

1997

 

©2010-2010, Таццяна Грахоўская. Усе правы абаронены.