Беларускі паэт, празаік, перакладчык
Сяргей Іванавіч Грахоўскi
Вершы
ЛЯСЫ, ЛЯСЫ...

Падсочаны лес,
Як падсечаны лёс,
Моліць ратунку
Ў зямлі і ў нябёс,
Хоць і не верыць
Збавенню і цуду
I не чакае
Адмены прысуду.
Мечаны доўгімі
Шрамамі лес
Сцішыўся, сохне,
А кожны парэз,
Быццам крывёй,
Заплывае жывіцай,
Гоячы раны,
Каб зноў ажывіцца.
Але падпісан
Смяротны прысуд,
Хвоі гудуць,
Як парожні сасуд.
Горда смяротнікі
Ўзнялі галовы,
Мабыць, гавораць
Апошняе слова.
Тут не туманяцца
Росныя ранкі,
Чэзне багун,
Нават сохнуць паганкі.
Капаюць слёзы
З глыбокай насечкі —
Сосны смалой
Аплываюць, як свечкі,
Хоць і парэзы
Не ўсе адбалелі,
Кроны ад смагі
Даўно пабялелі,
Голле пакрыла
Смяротная плесня.
Страшна і ўдзень
У асуджаным лесе.
Больш ён зялёным
Не ўкрыецца пылам —
Хутка свістаць тут
Сякерам і пілам,
Хутка лаўжы
Затрашчаць на агні,
Стануць, як помнікі,
Белыя пні.
Чуеце? Ноччу
На ўсе галасы
Стогнуць і просяць ратунку
Лясы.

1970


СЦЮЖА

Прадыхаю ў шыбіне вочка,
Зірну на блакітны мароз:
Трашчыць на марозе сарочка,
Як ветразь завейных пагроз.

Вось-вось завіруха завые
І сцежкі усе замяце,
Вандроўнікі, быццам сляпыя,
Саб’юцца на трэцяй вярсце.

Ад сцюжы душа ледзянее,
Завея гудзе і гудзе…
За верай прыходзіць надзея,
Любоў да любові вядзе.

Ні сцюжа, ні горкая доля
Маю не астудзяць душу,
І ў дзікай стыхіі ніколі
Я літасці не папрашу.

Лепш рынуся ў шал крутаверці,
Нягодам пайду напралом,
Бо лепш незламаным памерці,
Чым жыць з перабітым крылом.

1996


ЗІМОВЫ СУМ

І дзень і ноч шалее завіруха,
Па шыбы вокны замяла,
У коміне галосіць вецер глуха,
— Ні выйсці, і ні выехаць з сяла.

Іскрысты снег на сонцы слепіць вочы,
Рыпіць пад палазамі і ступой,
Блакітам адлівае сярод ночы.
Мільгаюць зоры, ціша і спакой.

Пабеленыя снегам аканіцы,
Між трэшчын тлеюць рысачкі святла.
Такою мне мая Радзіма сніцца,
Дзе ўсе шляхі завея замяла.

Такою любаю з далёкіх дзён
Яна прыходзіць у чароўны сон:
Чым снег і завіруха, і зіма,
Здаецца, прыгажэйшага няма.


1995


Завея

Стукае, грукае ў шыбы завея,
Белага свету даўно не відно,
Неба сівее, пушча сівее,
Месяц і зоркі патухлі даўно.

Раніцай сцежку не знойдзеш у полі,
Не адшукаешь учорашні след,
Белыя здані у наваколлі
Кружацца, як ашалелы балет.

Мушу ісці. Ні завея, ні сцюжа
Не спыняць, калі неабходна ісці,
Пакуль не зламаны, адважны і дужы,
Пакуль неабходны камусьці ў жыцці.

1996г.


Вераснёвы цвет

І верасень яшчэ зялёны,
Трава замглёная ледзь-ледзь,
Павольна сонечныя клёны
Чаканяць золата і медзь.

Замоўкла ўсё, як таямніца,
І патанула ў цішыню,
Гарчанкай позняй дыміцца
Іскрынка дальняга агню.

У голым полі — анікога,
Буяе верасовы цвет,
І пасівелая дарога
Вядзе кудысьці ў белы свет.

Стаю адзін на раздарожжы,
Праводжу жураўліны клін,
І зачароўвае прыгожы
Куст кармазынавых калін.

За лістам ліст ляціць на плечы,
Запахла водарам раллі…
Вясну і новыя сустрэчы
І мне прарочаць жураўлі.

[2002]


©2010-2010, Таццяна Грахоўская. Усе правы абаронены.