Беларускі паэт, празаік, перакладчык
Сяргей Іванавіч Грахоўскi
Пераклады
A. Блок

* * *

Заходжу я ў цёмныя храмы,
Выконваю бедны абрад.
Чакаю Цудоўную Даму
Ў мігценні чырвоных лампад.
Стаю за высокай калонай,
Чакаю, а сіл не стае,
У вочы глядзіць мне натхнёны
Толькі вобраз і сон пра Яе.
Прывык я да гэтае рызы
Велічнай Жонкі з сівой даўніны.
Высока бягуць на карнізы
Казкі, усмешкі і сны.
О, Святая, твой вобраз чароўны,
Знічкі свечак і водар густы!
Больш не чую я гоман няроўны,
Толькі веру: Мілая — Ты.

1902


* * *

Дзеўчына пела ў царкоўным хоры
Пра ўсіх на чужыне змарнелых людзей,
Пра ўсе караблі адышоўшыя ў мора.
Пра тых, што без радасці і надзей.

Так голас яе узлятаў аж пад купал,
I промень гарэў на плячы у яе.
I слухалі ў храме, асветленым скупа,
Як белае плацце у промні пяе.

I кожны паверыў, што радасць будзе,
Што ў ціхіх затоках усе караблі,
Што на чужыне змарнелыя людзі
Светла і добра ужо зажылі.

Салодкі быў голас, і цемра прамень не згасіла.
Высока, ля царскіх варот і лампад,
Тайну пазнаўшы, дзіця галасіла
Аб тым, што ніхто не прыйдзе назад.


М.Дудзін

СТАРЫ ЖУРАВЕЛЬ

У часе пералёту ластаўкі адпачываюць на спінах жураўлёў.
Хто я?
Стары журавель і за выраем ледзь паспяваю.
Вунь на поўнач вясновы далей адлятае касяк.
Там па мяккіх балотах ліняюць снягоў гарнастаі,
I палотны туману на голых галінах вісяць.
Там радзіма мая, там гняздо каля ціхае рэчкі,
Заліўныя лугі і світальнага дыму сляды,
Там высокія зоры дрыжаць і гараць, як парэчкі,
Аднаму мне, напэўна, ніяк не дабрацца туды.
Хто ты?
Лёгкая ластаўка, збітая ноччу з дарогі.
Вострым крылам тваім не адолець вятры і туман,
Абыякава зоры глядзяць на чужыя трывогі,
Шторм пад намі бушуе і ноччу кіпіць акіян.
Б'юцца хвалі і хвошчуць прасоленым пылам,
Будзь ратункам маім, прытуліся, даверся плячу.
Твой давер да аслаблай далучыцца сілы:
Я ўратую цябе і з табой да гнязда далячу.
Леся Украінка

***

Гавораць вусны: «Ён навек загінуў!»
А сэрца кажа: «Не, ён не пакінуў!»
Ты чуеш, як звініць і як трымціць струна.
Дрыжыць, нібы сляза, гарачая, яна,
I б'ецца заадно у глыбіні са мною:
«Я тут, я толькі тут, я назаўжды з табою!»

Калі забыцца ў песнях я хачу пра муку,
Ці хтосьці мне пацісне шчыра руку,
Ці, як ручай, размова пацячэ,
Ці пацалунак вусны апячэ,
Душа трымціць лагоднаю струною:
«Я тут, я толькі тут, я назаўжды з табою!»

Ці ў свет іду таемных летуценняў,
Дзе постаці лунаюць, быццам цені,
Знаёмыя і дзіўныя абліччы,
Ды зноў душу знаёмы голас кліча;
I, як струна, звініць або пяе з журбою:
«Я тут, я толькі тут, я назаўжды з табою!»

Ці сон павольна наплыве, як хмара,
А ў стомленай душы не патухае мара,
Зноў праз цяжкія сны і хваляванні
Я раптам чую голас любай здані,
Трымціць тужліва з дзіўнаю журбою:
«Я тут, я толькі тут, я назаўжды з табою!»

I кожны раз, як ён струну кране,
Дрыжаць у сэрцы кветкі у мяне,
Што ты не здолеў за жыццё сарваць,
Што не хацеў іх у труну схаваць,
Трымцяць і шэпчуць заадно са мною:
«Цябе няма, але я ўсё ж з табою!»


М. Забалоцкі

НЕПРЫГОЖАЯ ДЗЯЎЧЫНКА

Сярод дзяцей, захопленых гульнёй,
Яна маленькая, як апалонік,
Кашулька змятая ў гармонік,
Расчэсаны кудзеркі пяцярнёй,
Крывыя зубкі, быццам агарожа,
Вялікі рот, і тварык непрыгожы.
Двум хлапчукам, равеснікам яе,
Бацькі купілі па веласіпеду,
I хлапчукі ганяюць без абеду,—
Зважаць на пешых часу не стае,
Яна ж за імі бегае па следу.
Чужая радасць, як свая прыйшла,
Яна хвалюе і з грудзей ірвецца,
Дзяўчынка бесклапотная смяецца,
Нібыта шчасце і яна знайшла.
Ні зайздрасці або ліхога слова
Яшчэ зусім де ведае яна,
I ўсё на свеце ёй здаецца нова,
Што кожнаму даўно не навіна.
А я гляджу з трывогай, і здаецца,
Што прыйдзе час і плачам захлынецца,
Калі заўважыць, што з усіх яна
Расце і непрыгожай і нязграбнай,
Хоць крыўда шчокі пабяліла вапнай,
Ды сэрца не парвецца, як струна.
Мне верыць хочацца, што зыркія праменні
Гараць і свецяцца ў яе душы,
Яны растопяць крыўды ледзяшы
I пераплавяць цяжкія каменні.
Няхай яна здаецца непрыгожай,
Не захапляе і не цешыць зрок,
Але й цяпер усіх расчуліць можа
I кожны рух яе і крок.
А што ж тады такое пекната,
Чаму маліцца ёй гатовы людзі?
Яна сасуд, дзе толькі пустата,
Альбо агонь палаючы ў сасудзе?

1955


©2010-2010, Таццяна Грахоўская. Усе правы абаронены.