Беларускі паэт, празаік, перакладчык
Сяргей Іванавіч Грахоўскi
Вершы

Пачатак

За Глускам, у глухіх барах,
Яшчэ маё блукае рэха,
I дзень суніцамі прапах,
Даспелі першыя арэхі,

I золкі золак на Пцічы
Мяне штодня дадому кліча,
Дзе расцвітаюць касачы
I дзе гады зязюля лічыць,

Дзе каля цёмнае вады,
На вузенькім пясчаным мысе,
Мае дзіцячыя сляды
Дасюль, магчыма, засталіся.

Я іх ніколі не знайду,
Не адшукаю хісткай кладкі,
А ўсё ж лячу к свайму гнязду,
К свайму адзінаму пачатку.

1965

 

©2010-2010, Таццяна Грахоўская. Усе правы абаронены.