Беларускі паэт, празаік, перакладчык
Сяргей Іванавіч Грахоўскi
Вершы

Пачакай

Пачакай, маё сэрца, спыняцца.
Я ў дарогу яшчэ не гатоў:
Толькі часам трывожаць і сняцца
Мне завеі наступных гадоў.

Пачакай, маё сэрца, не трэба
Караціць укарочаны шлях.
Прыйдзе час, — перавернецца неба,
Згасне сонца ў асенніх палях,

Змрок на ўсё непражытае ляжа,
Змоўкнуць гром, галашэнне і спеў,
I ніхто за мяне не раскажа,
Чаго я расказаць не паспеў.

Пачакай, каб знянацку не ўпасці,
Пачакай, каб душу наталіць,
Каб убачыць сапраўднае шчасце
I з другімі яго падзяліць.

[1993—1994]

 

©2010-2010, Таццяна Грахоўская. Усе правы абаронены.