Беларускі паэт, празаік, перакладчык
Сяргей Іванавіч Грахоўскi
Вершы

Няміга

Іду па Нямізе. Нямігі няма:
Глыбока ў бетоне булькоча рачулка.
Увесну яна не раскоціцца гулка,
Яе не зашкліць, не заснежыць зіма.

I зоры ў Нямізе сябе не пазнаюць,
Праз брук не праб’юцца чарот і аер,
Напіцца не прыйдзе спалоханы звер,
Ліні на глыбокіх вірах не зліняюць.

На дне іржавеюць тупыя мячы,
Пустыя шаломы, каляныя стрэлы:
Тут некага доля ліхая сустрэла,
А нехта адбіцца не мог і ўцячы.

Крывёю курыліся поймы Нямігі,
У прорву ляцелі чаўны і стругі,
Пякельны пажар папяліў берагі,
I толькі на свеце нятленныя кнігі

Як вечныя сведкі пакутнай зямлі
Расказваюць горкую праўду сурова,
Што брамы і замкі знікалі, а слова
Чужынцы павек спапяліць не змаглі.

...Іду па Нямізе адзін уначы
У замеці лютай, калючай і белай
I чую, як свішчуць каляныя стрэлы
I глуха грымяць аб кальчугі мячы.

1981

 

©2010-2010, Таццяна Грахоўская. Усе правы абаронены.