Беларускі паэт, празаік, перакладчык
Сяргей Іванавіч Грахоўскi
Вершы
19 КАСТРЫЧНІКА

Здрабнелі зоркі ў тую ноч,
I месяц заблудзіўся дзесьці.
Мяне вядуць у змрок, а воч
Ніяк ад дому не адвесці.
Яшчэ зірнуў апошні раз
I ад пакуты аж заенчыў,
Калі ў маім акне пагас
I без таго слабы агеньчык.

Шумела лісце, дождж імжыў,
У сцены біўся вецер з гулам.
I з гэтае хвіліны жыў
Я не ў наступным, а ў мінулым.
Паўзла дарога, як змяя,
Пранізваў холад мозг і цела,
I знічка ранняя мая
У чорным небе праляцела,

I след яе адразу знік
На заімглёным небакраі,
Не замаўкаў над намі крык
Начное крумкачынай зграі.
Вязуць. Не ведаю куды,
I так прыспешваюць таропка.
Няўжо у дваццаць тры гады
Лёс і на мне паставіў кропку?

Вязуць па вуліцах пустых,
Я не ў сваёй, а ў іх уладзе.
Мутнее зрок, тупее слых,
У думках — поўнае бязладдзе,
Не мог тады я зразумець
Той таямнічае работы,
Што будуць дваццаць год рыпець
I па душы таптацца боты.

Як толькі ўспомню чорны год
I ноччу страчаную волю,
Астудзіць спёка, быццам лёд,
Завея апячэ да болю.
Дажыў я ўсё ж да сівізны,
Як ні ламалі, ні малолі,
А вось сябры маёй вясны
Дамоў не вернуцца ніколі.

За імі спалены масты,
I сцежка даўняя глушэе,
Крышталь адвечнай мерзлаты
Аздобіў брацкую траншэю.
Яе карэнні аплялі
I дол сціскае невыносны.
Каторы год на той зямлі
Гайдаюцца над імі сосны.

А я жыву. I вось ізноў
Гляджу, як з клёна лісце льецца.
Паклічу ў госці ўсіх сяброў,
Хоць і ніхто не азавецца.
Пабачылі б яны хаця
Наш новы дзень, і свет зялёны,
I вернутыя з забыцця
Святых пакутнікаў імёны.

[1987]


СТРАЧАНАЯ МАЛАДОСЦЬ

Я шукаю цябе, маладосць,
Я гукаю цябе, маладосць.
Дзе ты ёсць? Дзе ты ёсць?
Маладосць адказала:
«Заляцеў ты ў сіло,
I таму маладосці ў цябе не было.
Юнаком згаладалым
З палескіх дарог
Пехатою прыйшоў
I прабіцца ты змог
Да натхнёнай работы,
Да шчырых сяброў,
Аж кіпела у жылах юначая кроў,
Ды на ўзлёце цябе
Захліснула сіло,
I таму маладосці ў цябе не было.
Незваротную сцежку
Да роднае хаты
Засланілі надоўга
Іржавыя краты.
У вялікім натоўпе ты быў адзінокі...
Замаўкалі штодзённа пакутнікаў крокі.
Ты ў дарозе лічыў
За вялікае шчасце
Не прыстаць, не спыніцца,
Каб толькі не ўпасці,
Дапаўзці да парога,
Зваліцца на нары
I яшчэ ўратавацца
Ад новае кары.
Ты пачаў забываць,
Кім ты быў, хто ты ёсць,
Як цябе абмінула твая маладосць.
Ты не бачыў радні,
Ні вясновых садоў
Дзевятнаццаць гадоў,
Дзевятнаццаць гадоў!
I таму адзінокі,
Стамлёны, нясмелы
Ты з юнацтва вярнуўся
Дамоў пасівелы.
Вочы засцілі слёзы,
Завея і дым.
Кім ты толькі не быў?
Ды не быў маладым.
Мабыць, добра цяпер
I самому відно:
Маладыя цябе перагналі даўно.
Нават будні для іх — урачыстыя святы,
А здабыткі твае
Больш падобны на страты.
Адыходзяць усе, як часовыя госці.
Не шукай і дарэмна не кліч маладосці.
Паглядзі: падрастае надзейная змена.
Ты шчаслівы, што век дажываеш сумленна».

[1987]


ЗГАСЛЫЯ СВЕЧКІ

                      Памяці Алеся Розны1
Звалілася бяда, нібыта камень:
Мяне мой друг пакінуў без сяброў,
I мне здалося — белымі вянкамі
Укрылася спакойнае Дняпро.

На Беларусі — яблыневы снежань,
I салавей спакою не дае,
Дзяўчаты на пясчаных узбярэжжах
Спяваюць песні першыя твае.

На Беларусі — месячныя ночы
Засыплюць срэбрам цёмныя сады,
А маці і варожыць, і прарочыць,
Што сын з выгнання прыйдзе малады.

Ёй кожнай ноччу мроіцца і сніцца,
Што праз завеі і здзічэлы лес
Праб’ецца і паціху ў аканіцу
Пастукаецца сын яе Алесь.

Каторы год не спіць, і мроіць маці,
I чуе крокі сына ля акна,
Каторы год у апусцелай хаце I днём і ноччу моліцца яна.

Але ніхто не скажа ёй ніколі,
Што ў тую ноч, калі прысніўся сын,
Калі душа заходзілася болем,
Яго хавалі каля трох асін.

У гушчары тайгі без дамавіны,
Засыпаны зямлёю назаўжды,
I толькі з адзінокае рабіны
Сцякалі кроплі дажджавой вады.

Шуміць тайга над братняю магілай,
I слёз няма, і не хапае сіл
Злічыць усё, што Беларусь згубіла,
Стаптаных лёсаў і зламаных крыл.

I я, магчыма, следам за сябрамі
Пакіну свой барак без забарон,
I нехта пажартуе каля брамы:
— На «волю» едзе з біркаю і ён.

Дзяўчаты заспяваюць на Купалле,
Русалка карагоды павядзе,
I там, дзе слёзы матчыны упалі,
Патухнуць нашы свечкі на вадзе.

[1942]


РЭКВІЕМ РУКАПІСАМ

Казалі — рукапісы не гараць,
А я аднойчы бачыў, як гарэлі
У печы Галубковы акварэлі,
Як вершы адпраўлялі паміраць,
Сагрэтыя яшчэ жывым дыханнем,
I ласкаю, і трапяткім каханнем,
А кажуць — рукапісы не гараць.

I як яшчэ гараць! I колькі іх згарэла
У печах патаемнага двара,
Што зеўралі, як д’яблава нара,
Душа паэм навекі адляцела,
Што так дайсці да кожнага хацела
Пасланцам весялосці і дабра,
Ды знікла ў полымі казённага кастра.

Не стануць рукапісы кнігамі ніколі,
Не дакрануцца чулае душы,
Халодны попел як ні варушы,
Што датляваў па дзікай волі,
З вятрамі знік ён у бязлюдным полі,
Якое не засеяць, не ўзараць...

А кажуць — рукапісы не гараць.

[1987]


СТАРЫ МЛЫН

Не пытаюся, куды вядзе дарога,
Калі ёсць, дык некуды вядзе...
Пэўна, да млына таго старога,
Што даўно не меле, а гудзе.

Толькі вецер у кашах і ў скрынях,
Зарастаюць мохам латакі,
I ляжыць на бэльках, быццам іней,
Пыл калісьці змеленай мукі.

Не, не збіўся. Прывяла дарога.
Млын дрыжыць адбіткам на вадзе.
Пагукаў, але няма нікога,
Нават следу не відно нідзе.

На прантах парэпаліся жорны,
Пацукоў цікуе кот рабы,
На прыступках і ў паддашшы чорным
Стогнуць і жыруюць галубы.

А было ж завознікаў памногу,
Жорны аж да поўначы гулі,
I вазы ў далёкую дарогу
Везлі мліва цёплыя кулі.

Паглядзеў на млын, нібы на страту
Даўніны забытай і нямой.
I сумеўся, разабраўшы дату,
Што забыты млын — равеснік мой.

[1987]


СТУК

Стук мяне палохае ўначы,
Нават калі дома не начую,
Бо вярзецца, як звіняць ключы,
I каваных ботаў крокі чую.

Сцюжа працінае да касцей,
Калі нехта тупае за мною,
Быццам хоча зноў паслаць «гасцей»
З ордэрам і страшнай навіною.

Я не сплю спакойна па начах
Вось ужо амаль што паўстагоддзя,
Бо дасюль не пакідае страх...
У чужыя дзверы стукаць годзе!

[1990—1991]


АСАЦЫЯЦЫІ

Турма на колах
Коціцца ў нябыт,
За кратамі мільгаюць перагоны:
«Кунгур,
Першауральск,
Ірбіт»
Выстукваюць таварныя вагоны.

А ў іх не быдла,
А засмяглы крык:
«Вады і хлеба! Забярыце мёртвых!»
Канвой рагоча, бо даўно прывык,
Бо падабраны з вопытных і цёртых.

На сценах іней,
На падлозе лёд,
Апошні ў печы вугаль дагарае,
I кожнага каторы год
I беззаконне і мароз карае.

У белую халодную Сібір,
У дзікія бураны і завеі
Усесаюзны гоніць канваір,
I ўвесь этап за тыдзень пасівее.

Апоўначы звалілі пад адхон
Парторга, багаслова і маёра.
Заместа помнікаў да гэтых дзён
Гараць над імі ледзяныя зоры.

Паверыў я, што адышлі ў нябыт
На колах турмы, і жыве надзея,
Што ўсё ў мінулым, але страшны быт
Схаваў душу, і сэрца халадзее,

Калі ў наколках юнакоў вядуць
Пад матчын плач і нейчыя праклёны
На сорам наш, на гора і бяду
У тыя ж «Спецыяльныя вагоны».

[1990—1991]


СУВОЙ ЖЫЦЦЯ

                          Яўгеніі Пфляўмбаўм

Такім натхнёным, юным і прыгожым
Наканаваны быў шчаслівы лёс,
Шляхі без ростаняў і раздарожжаў,
Без смутку, без адчаю і без слёз.

Разгортвалі і Вы на ўзлёце крылы
Чысцейшай галубінае красы,
I зачароўвалі пяшчотнай сілай
Дзявочыя, як песня, галасы.

Натхнёна Жэня, Зіна і Наташа*
Спявалі дзеля шчасця і святла,
Але ў злавесны век атруты чаша
Іх напаткала і не абышла.

Дарогі разышліся назаўсёды,
Сарваліся і змоўклі галасы.
Нягоды напаўзалі на нягоды,
Як майскі снег, як град, як маразы.

А Вы не страцілі лірычнай ліры
Ні ў горы, ні ў адчаі, ні ў тузе,
Яна была ратункам у Сібіры
I пуцяводнай зоркаю ў тайзе.

Яе збівалі лютыя бураны
I каты распіналі на крыжы,
Але і ў горы гоіліся раны,
Бяда не стала пусткаю душы.

Як прывіды, прыходзяць успаміны,
Імёны і жывых і нежывых.
Пад ветразем натхнення вы павінны
Спяваць і хвалявацца і за іх.

Расстаўшыся з далёкай маладосцю,
Ў шчаслівыя хвіліны забыцця
Іду зачараваны, як у госці,
I развінаю Ваш «Сувой жыцця»*.

[1992]


ПАКАЯННЕ

                                            Табе і мне

Дарагая! Ну вось мы з табой і сівыя,
Дачакаліся ўнукаў, а шчасця чакаем дарма.
За акном то дажджы, то завея завые,
То пастукае ў дзверы сівая зіма.
Мы з табою былі пад захмараным небам,
Нам здавалася — шчасця з гарчынкай стае,
Як настылае пайкі казённага хлеба,
Як усмешкі, як горкай слязінкі твае.
Мы чакалі сустрэч, але толькі разлукі
Чарадою адна за другою ішлі.
Сэрца сэрца шукала, а кволыя рукі
Нечакана настылыя рукі знайшлі.
Маладосць нечакана ўваходзіла ў сталасць,
I з паўслова душа разумела душу.
На апошнім вітку нам чагось не ставала...
Я і суд над сабой, і расправу вяршу,
I караю сябе за пралікі і страты,
I за тое, што ў многім адзін вінаваты.
Нас калісьці лічылі шчаслівымі ў свеце:
Гасцявалі ў сяброў і збіраліся ў нас.
Мы любілі дзяцей, шанавалі нас дзеці,
А з гадамі і гэты агеньчык пагас.
На апошняй вярсце, на апошнім парозе
Сэрца сэрцу патрэбна, рука — саслабелай руцэ,
Каб сумленна прайсці, што яшчэ засталося,
Покуль знікнем бясследна ў бяздоннай рацэ.
Ты прыйшла на зямлю пад Каляднаю зоркай.
Я цябе не збярог. Нас не мілуе лёс,
Як цяпер ні балюча, ні цяжка, ні горка,
Ты ўсё церпіш адна і маўчыш, як Хрыстос.
Дай Табе, Усявышні, хоць трошачкі шчасця,
Без трывог, без пакут, і бяссонных начэй,
Каб яшчэ пратрымацца, каб разам не ўпасці,
Покуль блізкім і родным не стане лягчэй.
Божа, дай Табе сілы да новага Веку,
Як святому няскоранаму Чалавеку.

1974—1998


НА СКОНЕ ВЕКУ

І дзень дагарае, і век дагарае.
Што ж нас чакае, мая дарагая?
Як жудасны сон, пралятаюць гады
Ад гора — да гора, з бяды — да бяды.
Мы строем хадзілі, хвалілі парадкі,
Хоць слёзы душылі, мы пляскалі ў ладкі,
Дрыжалі начамі і ў будні і ў свята,
І гучна хвалілі “любімага” ката,
Лічылі за генія, мудрага бога
Няўмольнага, быццам бы тарка, рабога.
У змрочнай цішы ён крывёй захлынуўся,
Хоць страшна, каб часам назад не вярнуўся,
Паціху галосяць і жонкі, і маткі,
Бо ўсё ж не звяліся ліхія нашчадкі.
І дзень на змярканні, і век на змярканні.
Калі ж распагодзіцца яснае ранне?
Наўрад ці пабачу. Што ж будзе? Што будзе,
Калі ашчаслівяцца добрыя людзі?
І дзень дагарае, і век дагарае.
Што ж нас чакае, мая дарагая?

1997г.


РОСТАНЬ З МАЛАДОСЦЮ

Я шукаю цябе, маладосць,
Я гукаю цябе маладосць,
Дзе ты ёсць? Дзе ты ёсць,
Мой жаданы паспешлівы госць?
Ты нядоўга ў мяне гасцявала,
За паводкаю ў сталасць сплывала,
З шумавіннем, сцюдзёнай вадою,
Дробнай радасцю, буйнай бядою
Ад юнацтва, няволі, да волі,
Каб назад не вярнуцца ніколі.
Я надоўга засеў на мялі,
За сумётам сумёт намялі
Завірухі, а ў вокнах узоры
Заблішчалі, як сінія зоры,
Загайдаўся агеньчык на кноце,
Засмылела душа на самоце.
Клікаў я для адхлання у госці
Прывід колішняй маладосці,
Ўспомніў палкія вусны і вочы,
Салаўіныя золкі і ночы.
Ўсё праўшло, прамільгнула, датлела,
Нават сталасць даўно пераспела,
Я апошні свой круг завяршаю,
Развітацца сяброў запрашаю.
Іх ужо засталося нямнога,
Бо штодня карацее дарога.

2001


©2010-2010, Таццяна Грахоўская. Усе правы абаронены.