Беларускі паэт, празаік, перакладчык
Сяргей Іванавіч Грахоўскi
Вершы
Мама

Калі пушок прабіўся над губою
I ў сны прыйшло дзявочае імя,
Я ні аб чым не раіўся з табою,
Матуля адзінокая мая.
Мне сорамна здавалася часамі
Сярод хлапцоў — цыбатых забіяк —
Назваць цябе, як у маленстве, «ма-ма»,
Таму часцей не называў ніяк.
А вечарамі, слова не сказаўшы,
Ішоў блукаць каля чужых варот
I пазіраў, як у акенцы нашым
Мільгаў у лямпе да світання кнот.
Не спала ты асеннімі начамі,
Хоць падала ад зморы галава,
Глядзела ў змрок вільготнымі вачамі,
Прывычная да гора удава.
Ты прала кужаль, ты капала гліну,
А ў час жніва зусім не чула рук,
Ды гаварыла ласкава пра сына:
«Хай падрасце, няхай паспіць сынок»,
I зноў сама збіралася па дровы,
А ў валасах гусцела сівізна —
«Хоць бы сказаў ён ласкавае слова,
Хоць бы, як колісь, мамаю назваў».
...Прайшлі гады. Мы пасівелі самі,
I, мабыць, крыўдна мне не аднаму,
Што гэтае святое слова «мама»
Сказаць ужо няма каму.

1957



МАТЧЫНА ПЕСНЯ

Хіба ж можна забыцца, як мама спявала
І ў знямозе калыску гайдала нагой?
На світанні за зоркаю зорка упала
І пастукала ў шыбу шчымлівай тугой.
Мама ў песню ўкладала спрадвечныя словы,
Што душа зберагла ад калыскі сваёй,
Маці пражу сукала на ўток і аснову,
І вясёлкамі ззяў за сувоем сувой
На кашулькі ласкаваму першаму сыну,
Толькі б з ім прычакаць шчаслівейшай пары,
Каб у верасні шчодра сабраць асяніну,
Маці гнула спіну ад зары да зары.

Апусцела, замоўкла асенняе поле,
Павуціннем трымцяць і тарпы, і стагі.
Маці зычыла сыну шчаслівую долю,
Дзе не будзе ні смутку, ні горкай тугі.

Пасівела даўно. Зарабіла асьміну,
Засталася, як тычка, ў нялёгкім жыцці.
Правяла у дарогу адзінага сына,
Час ідзе, а яго ні пачуць, ні знайсці.

Кажуць, надта ж упраўны, такі ж гаварлівы
І заўсёды заняты і дужа шчаслівы.

1997

©2010-2010, Таццяна Грахоўская. Усе правы абаронены.