Беларускі паэт, празаік, перакладчык
Сяргей Іванавіч Грахоўскi
Вершы

Мама

Калі пушок прабіўся над губою
I ў сны прыйшло дзявочае імя,
Я ні аб чым не раіўся з табою,
Матуля адзінокая мая.
Мне сорамна здавалася часамі
Сярод хлапцоў — цыбатых забіяк —
Назваць цябе, як у маленстве, «ма-ма»,
Таму часцей не называў ніяк.
А вечарамі, слова не сказаўшы,
Ішоў блукаць каля чужых варот
I пазіраў, як у акенцы нашым
Мільгаў у лямпе да світання кнот.
Не спала ты асеннімі начамі,
Хоць падала ад зморы галава,
Глядзела ў змрок вільготнымі вачамі,
Прывычная да гора удава.
Ты прала кужаль, ты капала гліну,
А ў час жніва зусім не чула рук,
Ды гаварыла ласкава пра сына:
«Хай падрасце, няхай паспіць сынок»,
I зноў сама збіралася па дровы,
А ў валасах гусцела сівізна —
«Хоць бы сказаў ён ласкавае слова,
Хоць бы, як колісь, мамаю назваў».
...Прайшлі гады. Мы пасівелі самі,
I, мабыць, крыўдна мне не аднаму,
Што гэтае святое слова «мама»
Сказаць ужо няма каму.

1957

©2010-2010, Таццяна Грахоўская. Усе правы абаронены.