Беларускі паэт, празаік, перакладчык
Сяргей Іванавіч Грахоўскi
Вершы

Белыя ліпы

Сонечны горад юнацтва майго
Кветкамі скверы усыпаў,
I на праспектах і плошчах яго —
Белыя, белыя ліпы.

Белыя ліпы здалёку прыйшлі,
Іх напаілі жывыя крыніцы
Сілай і водарам шчодрай зямлі,
Вецце раскінулі і расцвілі
Белыя ліпы сталіцы.

Тут прызначае юнацтва сустрэчы,
Мараць пра заўтрашні дзень юнакі,
Ліпы усім закаханым на плечы
Сыплюць і сыплюць з пялёсткаў вянкі.

Моцна сплятуцца гарачыя рукі
Юных і самых шчаслівых людзей,
Так, каб ніколі не ведаць разлукі,
Так, каб любіць, як не любяць нідзе.

Так, каб сагрэтыя дружбай далоні
Нават гады астудзіць не змаглі б,
Так, каб і ў старасці белыя скроні
Толькі нагадвалі замеці ліп.

1956

 

©2010-2010, Таццяна Грахоўская. Усе правы абаронены.