Беларускі паэт, празаік, перакладчык
Сяргей Іванавіч Грахоўскi
Вершы

Мой лепшы твор

Дачцы Тані

За Уралам, за белай тайгою
Кожнай шыбай, зашклёнай ільдом,
Пазірае ў завею з тугою
Мной калісьці пастаўлены дом.

Хтось рыпучыя топча масніцы,
Замятае на ганку сляды,
I нікому цясляр не прысніцца
У пару і пакут, і бяды.

Кожны вугал трашчыць на марозе,
Вецер свішча ў расколах тайгі.
Хто ж ступае па хісткай падлозе,
Я гадаю у вечар даўгі.

I прыпомню стажок за павеццю,
Завірухай замецены двор,
I шчаслівы, што некаму свеціць
Мой найлепшы завершаны твор.

29 студзеня 1997 г.

 

©2010-2010, Таццяна Грахоўская. Усе правы абаронены.