Беларускі паэт, празаік, перакладчык
Сяргей Іванавіч Грахоўскi
Вершы

Казка

Не верачы ні ў прымхі, ні ў прыкметы,
Ачуняю, толькі памажы:
Завары мне ліпавага цвету
I старую казку раскажы.

Задрамлю, і можа, зноў прысніцца,
Што прынесла з поплава сюды
Вечна маладая чараўніца
Прыгаршчы гаючае вады.

Смагаю апаленыя губы
Да яе далоняў прыкладу
I, сябе ратуючы ад згубы,
Вып’ю жыватворную ваду.

Водар дзівасілу і жывіцы
Свежасцю дыханне апячэ.
Ачуняю. Толькі чараўніца
Ад мяне нікуды не ўцячэ.

З ёю будзем усміхацца краскам,
Пазбіраем росы на траве,
Каб аддаць таму, хто верыць казкам
I на свеце за дваіх жыве.

Расчыні акно насустрач лету,
Не хвалюйся і не варажы, —
Завары мне ліпавага цвету
I, як праўду, казку раскажы.

1970

 

©2010-2010, Таццяна Грахоўская. Усе правы абаронены.