Беларускі паэт, празаік, перакладчык
Сяргей Іванавіч Грахоўскi
Вершы
Жонка

Калісьці самаю прыгожай
З усіх дзяўчат яна была,
I ты за ёю асцярожна
Хадзіў па вуліцах сяла.

Здавалася, у цэлым свеце
Такіх яшчэ не сустракаў
I у пралескавым букеце
Ты ёй запіскі пасылаў.

Чакаў яе і спадзяваўся,
Здалёк у вокны паглядаў,
На роўным месцы спатыкаўся
I песні пра яе складаў.

Спяваў аб харастве дзявочым,
А ў змроку восеньскіх начэй
Табе яе свяцілі вочы,
Што прыгажэй за ўсіх вачэй.

Яна цябе назвала любым,
I у апошні мірны год
Яе ты песціў і галубіў
I піў гарачых вуснаў мёд.

Яна ў паход цябе збірала,
Як толькі грымнула вайна,
Яна касіла, жыта жала,
Лісты табе на фронт пісала,
Табой жыла, цябе чакала,
I дачакалася яна.

Прыйшоў дамоў.
У кожнай хаце
Ты быў для ўсіх жаданы госць —
Знайшоў сяброў, ды толькі страціў
Сваю былую маладосць.

I песень не складаеш болей,
Знаходзіш сотні іншых спраў
I топчаш тыя кветкі ў полі,
Што толькі для яе збіраў.

I у асенні змрочны вечар
Яна дамоў ідзе адна,
Бо ты забыў пра ўсе сустрэчы,
Бо стала жонкаю яна.


***

                         Валянціне

Я цябе прыгадаў
Басаногаю, шустраю, тонкай,
Пад нагамі рассыпала
Раніца зерні расы,
I тады, у далёкія тыя часы,
Я цябе уяўляў
Залатою сасонкай,
I здавалася, будзеш такою заўжды —
Маладою, іскрыстаю, крышачку колкай.
Ды хіба ж загадаеш,
Каб вечна квітнелі сады
I ніколі на небе не гаслі вясёлкі?
Ды хіба ж загадаеш каму,
Каб гады
Над табою і мною улады не мелі,
Каб спынілася плынь веснавое вады,
Каб да старасці скроні у нас не сівелі?
Пасівелі, а сэрца не хоча старэць —
Мабыць, вызнана мала і зроблена мала.
Мы гарэлі ў агні, але нам не згарэць,
Навальніца прайшла, але нас не зламала.
Ты заўсёды была клапатліваю жонкай,
Ты суровай была міласэрнай сястрой.
Я цябе і цяпер уяўляю сасонкай,
Што яшчэ палымнее вячэрняй зарой.

1956


***

ТВОЙ ГОЛАС

Тут сонца і ружы у скверы,
Тут спеюць інжыр і хурма,
I цяжка адразу паверыць,
Што недзе ў Сібіры — зіма,

Што хмары, звісаючы нізка,
Дарогі вадой залілі,
Што восень у нас і над Мінскам
Ляцяць і ляцяць жураўлі,

Што голыя мокнуць асіны,
Што з клёнаў апалі лісты,
Ад іх, як ад лапак гусіных,
Наўкол чырванеюць сляды.

Мне так закарцела дадому,
Пакуль не мінуў лістапад,
I раптам знаёмы-знаёмы
Твой голас паклікаў назад.

Даводзіла ты мне старанна,
Што трэба на поўдні пажыць...
Я чуў, што дрыжыць не мембрана,
А радасны голас дрыжыць.

Здалося, нібы ўвачавідку
Мы побач з табою стаім
I провада тонкую нітку
Сагрэлі дыханнем сваім.

Бо шчасце не ведае меры,
А шчасця без веры няма.
Няхай жа і ў нашыя дзверы
Не грукае болей зіма.

I раптам, не скончыўшы сказа,
Ты змоўкла: хвіліны прайшлі...
I зноў над хрыбтамі Каўказа
Аднекуль ляцяць жураўлі.

1960


***

Ты, мабыць, добра ведаеш сама,
Што ні ў дарозе, ні ў сваім пакоі
Мне без цябе ні радасці няма,
Няма ні паратунку, ні спакою.
А прыйдзе ж дзень, і нехта з нас дваіх
Адзін у адзіноце застанецца.
Напэўна ты.
I ўжо да рук маіх
Ніколі аніхто не дакранецца,
Ім больш не дацягнуцца да пяра
I да твае далоні пры сустрэчы,
I нечакана гора, як гара,
Твае прыцісне вузенькія плечы.
Ніхто цябе не выйдзе сустракаць
Ні ў летні дождж, ні ў лютаўскую замець,
I толькі часам будзе дакараць
Надоўга патрывожаная памяць,
Што не паспела нечага сказаць,
Што нечага спытаць не мела часу,
Што радасць і пакуты не звязаць
I не пачуць ніводнага адказу.
Але пакуль жывецца — будзем жыць,
Задумваць не на дзень, а на стагоддзі,
Каханнем, хоць і познім, даражыць
Пры ветранай і сонечнай пагодзе,
I ўсё, што набалела, расказаць,
Нічога не забыцца, не адкласці,
Сустрэчнаму дарогу паказаць,
А час надыдзе — на хаду упасці.

1962


***

Як я жыў без цябе?
I не ведаў, што недзе на свеце,
За глухімі лясамі,
За сотнямі ўзгоркаў і меж,
Не на дальнім сузор’і,
А у нас на планеце
Ты ў зялёным і ціхім
Завулку жывеш.

Як я жыў без цябе?
А маглі ж не сустрэцца ніколі,
За паўкроку
Адно аднаго абмінуць,
Разысціся,
Як сцежкі расходзяцца ў полі,
I не знаў бы,
За страту каго папракнуць.

Мабыць, трэба было
Праваліцца у пекла,
Траціць блізкіх,
Пакутаваць, мерзнуць, гарэць,
Ратавацца,
Каб лютая сцюжа не ссекла,
Каб цябе пад Палярнаю зоркай
Сустрэць і пазнаць
I адразу забыцца аб крыўдзе,
Каб убачыць праменьчыкі
Ў зрэнках тваіх,
Нарадзіцца ізноў
I паверыць, што прыйдзе
I збавенне, і шчасце
Адно на дваіх;
Падабрэць, памякчэць,
Назаўсёды скарыцца
Непадкупнай
Суровай тваёй чысціні,
Каб істоты тваёй
Адкрываць таямніцы,
Каб душу гартаваць
На высокім агні.

Час ляціць і ляціць,
Завіруха завеяла скроні,
Пакідаюць насечкі
Гады на ілбе.
Я гляджу на цябе,
Я дзіўлюся і сёння,
Чым я жыў без цябе,
Як я жыў без цябе?..

1965


***

Будзь музаю маёй,
Маім натхненнем
I ласкаю;
I казкаю жывой,
Маёй надзеяй і маім сумленнем,
I толькі будзь заўжды
Сама сабой.

Няўмольнаю, спагадлівай,
Вясёлай,
Маўкліваю і надта гаваркой,
У дождж іскрыся
Чыстаю вясёлкай,
У спёку стань
Крынічнаю ракой,

Прымі мяне
У залатое лона,
Ад смагі дай
Гаючую ваду,
I я з твайго
Чароўнага палону
Ніколі сам нікуды не пайду.

Твайго святла
Ужо нішто не засціць;
Ты для мяне,
Як зорка на зямлі;
Таму з табой
У горы і ў няшчасці
Заўсёды мы
Шчаслівымі былі.

Ты не даеш
Сабе і мне спакою,
Бо нам супрацьпаказаны спакой.
Свяці вясёлкай,
Стань жывой ракою,
Надзеяю
I музаю маёй.

1965


АПОШНЯЯ ЭЛЕГІЯ

Адкахаў, адлюбіў, адсмяяўся,
Траціў болей, чым меў у жыцці,
I заўсёды усё ж спадзяваўся
Хоць жывую іскрынку знайсці,

Каб душу ратавала ад сцюжы
I свяціла у змроку начэй,
Падтрымала, калі занядужаў,
I любіла за ўсіх гарачэй.

Уяўляў яе светлай багіняй,
А сустрэўся аднойчы у дождж
I пабачыў у глеі і гліне
На пякельнай зямлі басанож...

Паглядзеў, памаліўся на неба.
Вось якая прыйшла навіна:
Вось якая мне толькі і трэба —
Як душа, назаўсёды адна.

Праімчала больш за паўвека,
Мы рабіліся ў горы дужэй,
Не была нам патрэбна апека,
Бо яна мне за ўсё даражэй.

Наш апошні рубеж недалёка.
Паратунку не знойдзеш нідзе:
Засталося, магчыма, паўкрока...
Хто ж апошні каго правядзе?

11 жніўня 2002 г.


ДЗВЕ РАДАСЦІ

Твае усмешкі мне, як падарункі,
Тваё прызнанне, як шчаслівы лёс.
Я на цябе гляджу цераз карункі,
Што сплёў на шыбах ранішні мароз.

Аднолькава шчаслівыя абое
Спяшаемся ў завейныя сады,
Дзе па крутых сумётах за табою
Не паспяваюць познія гады.

А мы ўцячэм ад іх у снежны вечар,
Каб замяла завея кожны след,
Няхай асыпле іней нашы плечы,
Як той далёкі яблыневы цвет.

Калі ж бяда падкосіць на паўкроку,
Хоць з ёю, можа, спраўлюся і сам,
Ты да мяне спяшаешся здалёку,
Каб падзяліць пакуты напалам.

Як лёгка нам з табою ў лад ісці
З дрыгвы і багны на круты пагорак,
Бо радасць на дваіх — дзве радасці,
А гора на дваіх — паўгора.

1981


САЛОДКАЕ ВІНО

Давай з табой на развітанне
Дап’ём салодкае віно,
Успомнім першае спатканне,
І ўсё, што канула на дно.

Як разам салаўінай ноччу
Страсалі срэбную расу,
Як я шаптаў, што не сурочу
Тваю дзівосную красу.

Ты ўпершыню шапнула: “Любы…”
Як толькі маладзік зайшоў,
І я малінавыя губы
Тады упершыню знайшоў.

Так праляцела паўстагоддзя,
Нібыта у нямым кіно.
Давай цяпер у поўнай згодзе
Дап’ём салодкае віно.

26/VII/1994


***

Сумую па табе. Сумую
Шукаю, клічу – ўсё дарма.
Не тэлеграм, цябе самую
Чакаю, а прыйшла зіма.

Куды ж занесла завіруха?
Дзе ты цяпер? Куды ідзеш?
Начамі сэрца точыць скруха,
Пакуль у ім адна жывеш.

Я то спрачаюся з табою,
То літасці тваёй прашу,
Каб узяла ў палон без бою
Маю настылую душу.

Ты і ўзяла…
І месяц срэбны
Глядзіць з-за воблака ў журбе,
Бо ты адна мне так патрэбна,
Як не патрэбен сам сабе.


Вяршыня кахання

Вяршыня кахання — з усіх таямніц таямніца,
Нясмелае слова, збянтэжаны рух.
Як з крэсіва, знічка ўначы заіскрыцца,
І шчасцем сагрэе і сэрца і дух.

Ускрэсне каханне ў парыве адзіным,
І шэптам душа ашчаслівіць душу,
Імгненнай хвілінай здадуцца гадзіны,
Калі я малюся, але не зграшу.

Чароўных дасюль не пазбавіцца згадак
І таямніцаў таго пачуцця,
Неразгаданых ніколі загадак
Адзінства дваіх і пачатку жыцця.

2001г.


©2010-2010, Таццяна Грахоўская. Усе правы абаронены.