Беларускі паэт, празаік, перакладчык
Сяргей Іванавіч Грахоўскi
Вершы

* * *

Ты, мабыць, добра ведаеш сама,
Што ні ў дарозе, ні ў сваім пакоі
Мне без цябе ні радасці няма,
Няма ні паратунку, ні спакою.
А прыйдзе ж дзень, і нехта з нас дваіх
Адзін у адзіноце застанецца.
Напэўна ты.
I ўжо да рук маіх
Ніколі аніхто не дакранецца,
Ім больш не дацягнуцца да пяра
I да твае далоні пры сустрэчы,
I нечакана гора, як гара,
Твае прыцісне вузенькія плечы.
Ніхто цябе не выйдзе сустракаць
Ні ў летні дождж, ні ў лютаўскую замець,
I толькі часам будзе дакараць
Надоўга патрывожаная памяць,
Што не паспела нечага сказаць,
Што нечага спытаць не мела часу,
Што радасць і пакуты не звязаць
I не пачуць ніводнага адказу.
Але пакуль жывецца — будзем жыць,
Задумваць не на дзень, а на стагоддзі,
Каханнем, хоць і познім, даражыць
Пры ветранай і сонечнай пагодзе,
I ўсё, што набалела, расказаць,
Нічога не забыцца, не адкласці,
Сустрэчнаму дарогу паказаць,
А час надыдзе — на хаду упасці.

1962

 

©2010-2010, Таццяна Грахоўская. Усе правы абаронены.